З добрым настроем – на спартакіяду

Нумары Соцыум Спорт У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

56-c

Спартыўна-культурная сфера не застаецца па-за ўвагай Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў. Так, камунальнікі ў чарговы раз прынялі ўдзел у спартакіядзе, арганізаванай Мінскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

– Спартакіяда праходзіла ў 12-ы раз, сёлета – на турбазе «Нарачанка» (Мядзельскі раён), – расказала старшыня прафсаюзнага камітэта АКС Вера ДРУЗЬ. – Удзел у ёй мы бяром кожны год. У нас сфарміраваўся касцяк каманды. Людзі едуць на спартакіяду з добрым настроем, ініцыятывай. Так, сёлета мы былі адметныя тым, што ў сваім палатачным гарадку арганізавалі раздзельны збор адходаў. Экіпіроўка каманды таксама кідалася ў вочы. Ва ўсіх – аднолькавыя спартыўныя касцюмы блакітна-жоўтага колеру, як і сцяг Стоўбцаў, пад якім выступала каманда. У яе складзе быў і дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Мурын.

– Калі кіраўнік падтрымлівае каманду, то можна разлічваць на поспех.

– У гэтым плане мы адчуваем моцную падтрымку, хоць сабраць і адправіць каманду на трохдзённыя спаборніцтвы – задача не такая простая. Трэба ўлічваць, што работа ў камунальнікаў – кругласутачная, парой ненарміраваная, падраздзяленні прадпрыемства раскіданыя па ўсім раёне. Разам з тым, падрыхтоўка каманды ідзе на працягу года і, ўвогуле, нашым работнікам даецца, так бы мовіць, устаноўка на здаровы лад жыцця. Усе жадаючыя наведваюць па абанементах, аплачаных за прафсаюзныя сродкі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гэта і плаванне ў басейне, і настольны тэніс, і футбол. З наступленнем летняга перыяду, нашы валейбалісты пераходзяць трэніравацца на свежае паветра – на стадыён сярэдняй школы № 3.            

– Бываючы ў падраздзяленнях вашага прадпрыемства, сама не раз пераконвалася, што добры работнік, як правіла, яшчэ і спартсмен.

– Гэта так. Касцяк каманды складаюць Вячаслаў Каціла, Андрэй Смоўж, Станіслаў Пажога, Валерый Красоўскі, Іван Трацяк, Дар’я Высоцкая, Леанід Хіневіч, Дзмітрый Шабуня, Андрэй Садоўскі, Таццяна Ермаковіч, Наталля Грынюк, Вольга Клубкова (адна з самых вопытных у камандзе), Таццяна Гарановіч, Уладзімір Лешчанка, Андрэй Лентнер, Віталь Мацукевіч, дзве сямейныя пары – Аляксандра і Марыны Мядзведзевых, Анатоля Гаўрука і Юліі Бусько.

Ёсць і вынікі, пра якія варта сказаць. У гэтым годзе Наталля Грынюк заняла другое месца ў турніры па шашках і шахматах і, такім чынам, зрабіла сабе падарунак напярэдадні нараджэння другога дзіцяці ў сям’і. Іван Трацяк не здае пазіцый у більярдзе. Летась ён заняў першае месца і быў уключаны ў каманду Мінскай вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. У настольным тэнісе прызавыя месцы заваёўвае на спартакіядах Валерый Красоўскі.  

– Вера Анатольеўна, чым яшчэ напоўнена прафсаюзнае жыццё камунальнікаў?

– На прадпрыемстве прафсаюзная арганізацыя аб’ядноўвае ўвесь калектыў і налічвае каля 500 чалавек. Пры такім масавым членстве і запытаў нямала. Па меры магчымасці на іх мы стараемся адклікацца. Да прыкладу, пабывалі з экскурсіямі ў Нясвіжы і Міры, Гомелі, Дудутках. Запомнілася цудоўная паездка ў Адэсу. Перыядычна выязджаем у сталічныя тэатры. Не забываем нашых заўзятараў рыбалкі, для якіх арганізоўваем конкурс. З надыходам сезона плануем наведванне хакейных матчаў на «Мінск-арэне».

Дзеці нашых работнікаў (сем’і Грынюк, Янскіх, Цярлецкіх, Клокавых) сталі ўдзельнікамі абласнога конкурса дзіцячага малюнка «Пясняр зямлі беларускай», прысвечанага 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Ім мы падрыхтавалі падарункі – цацкі. Усім жадаючым набываем пуцёўкі для аздараўлення ў дзіцячых аздараўленчых лагерах, дарослым – у санаторыі. Ушаноўваем сваіх работнікаў у сувязі з прафесійным і іншымі святамі, падтрымліваем у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. І тут прафкам цесна ўзаемадзейнічае з дырэкцыяй прадпрыемства, падключаецца такі рэсурс як калектыўны дагавор. На нашым прадпрыемстве працуе больш за 30 грамадскіх інспектараў аховы працы. Раз у паўгода імкнемся заахвоціць іх.  

– Моладзь актыўна ўключаецца ў прафсаюзнае жыццё?

– Безумоўна. Моладзь выбрана ў склад прафсаюзнага камітэта, а эканаміст прадпрыемства Людміла Явід уключана ў састаў раённага савета маладых спецыялістаў. Камунальнікі прымаюць актыўны ўдзел у жыцці раёна.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *