Калі бабуля дома адна

Нумары Соцыум

На адным з метадычных саветаў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама быў прадстаўлены вопыт укаранення інавацыйнага метада Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра ў рабоце з грамадзянамі пажылога ўзросту.

– Ні для кога не сакрэт, што з узростам чалавек паступова страчвае навыкі да самаабслугоўвання і можа ўзнікнуць патрэба ў старонняй дапамозе, – расказвае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс. – Ва ўсе часы гэты клопат бралі на сябе родныя, сваякі пажылога чалавека, але сёння, калі многія заняты на некалькіх работах, маюць нявырашаныя жыллёвыя, бытавыя і іншыя пытанні, ёсць магчымасць вырашаць гэту праблему па-іншаму. Пажылых людзей турбуе, хто акажа дапамогу ў доглядзе, і ў каго шукаць падтрымку, калі сваякі далёка, або іх няма дома, дзе і як правесці вольны час і т. п. Таму што камфортная старасць – гэта не толькі бытавы догляд і дапамога, але і стварэнне ўмоў для нармальнага духоўнага жыцця.

– Вы ўзнімаеце праблему, якая хвалюе многія сем’і.  

– Сучасным і зручным для ўсіх бакоў выйсцем стала ўкараненне інавацыйнага метада работы на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Ён заключаецца ў ажыццяўленні на бязвыплатнай аснове дзённага прыгляду за пажылымі людзьмі (пастанова калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ад 24. 06. 2015 года). У іх можа быць поўнасцю або часткова захавана здольнасць да самаабслугоўвання. Для ажыццяўлення дзённага прыгляду ў тэрытарыяльным цэнтры створаны аптымальныя ўмовы з улікам санітарных нормаў і правіл, нормаў пажарнай бяспекі.

– Раскажыце пра ўмовы аказання дзённага прыгляду.

– Для гэтага ў тэрытарыяльным цэнтры прадугледжаны пакой для прыёму ежы і пакой для адпачынку, аснашчаныя ўсім неабходным. У карыстанні – мікрахвалевая печ, халадзільнік, прыборы для падагрэву пітной вады, аднаразовы посуд, шафа для посуду і іншая кухонная мэбля. Ежу пажылыя грамадзяне прывозяць з сабою, а спецыялісты нашага аддзялення дапамогуць з яе разагрэвам. У пакоі адпачынку – дзве тахты і яны аддзелены шырмай, што дазваляе знаходзіцца на прыглядзе двум рознаполым пажылым людзям. Ім прадастаўляецца пасцельная бялізна, коўдры, ручнікі, калі трэба – цёплыя пледы. Абсталяваны куток для чытання са свежай прэсай, цікавымі і карыснымі часопісамі і кнігамі.

– У раскладзе ёсць і сацыялізацыя пажылых людзей?

– Безумоўна. Найперш гэта адбываецца праз наведванне творчай майстэрні, дзе пажылыя людзі займаюцца з улікам сваіх інтарэсаў і магчымасцяў. Кіраўнікам гурткоў у правядзенні гэтых заняткаў аказваюць дапамогу валанцёры, прычым таксама з ліку пажылых людзей. Як правіла, пажылыя людзі, за якімі ажыццяўляецца дзённы прыгляд, з задавальненнем наведваюць мерапрыемствы, якія праходзяць у аддзяленні, ідуць на сустрэчы са святаром, карыстаюцца кансультацыямі юрыста, псіхолага.

З кастрычніка 2016 года ў штат аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ўведзена адзінка медыцынскай сястры (0,5 стаўкі), што дазволіла ўдасканаліць дзённы прыгляд за пажылымі людзьмі. Разам з адказамі на пытанні адносна здароўя і здаровага ладу жыцця, вядзецца кантроль за артэрыяльным ціскам пажылых людзей, пры неабходнасці аказваецца даўрачэбная дапамога. Кожны чацвер – сустрэчы ў гуртку «Актыўнасць і даўгалецце».

– Ці ёсць попыт на ўкаранёную інавацыю сярод пажылых людзей?

– Дзённы прыгляд быў аказаны шасці пажылым грамадзянам ва ўзросце ад 60 да 81 года. Пра яго існаванне мы стараемся больш інфармаваць пажылых людзей і іх блізкіх (тэл. для даведак – 5-14-95), для чаго размяшчаем інфармацыю на сайце тэрытарыяльнага цэнтра, інфармацыйных стэндах сельвыканкамаў і т. п. Карыстаючыся выпадкам, запрашаю пры неабходнасці звяртацца ў наш цэнтр па дапамогу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *