Галоўны экзамен года

Нумары Раённыя навіны Сельская гаспадарка Соцыум

56-d

Найпершая і важная задача, якая ставіцца перад хлебаробамі раёна, і яна актуальная штогод, – убраць хлеб без страт. Ураджай вырашчаны, яго трэба спаўна зжаць і засыпаць у засекі. А дзеля гэтага, як вядома, неабходна як след падрыхтаваць уборачную тэхніку. Менавіта пытанням тэхналагічнай настройкі і рэгуліроўкі збожжаўборачных камбайнаў і быў прысвечаны семінар-вучоба, які прайшоў у мінулую сераду на базе ААТ «Каганец». На ім вялася грунтоўная размова аб тым, як мінімізаваць страты ўраджаю.

Як адзначыў напачатку семінара начальнік абласной інспекцыі дзяржтэхнагляду Валерый Злотнік, вялікую ролю ў паспяховым правядзенні ўборачнай кампаніі адыгрывае як тэхнічная аснашчанасць, так і чалавечы фактар. У адной звязцы павінны працаваць усе ўдзельнікі жніва, бо ў гэтай адказнай справе памылка кожнага абыйдзецца ўсім даражэй. Нешта не даглядзеў інжынер, аграном на полі не пацікавіўся, ці правільна адрэгулявана тая ж жняярка, камбайнер паспадзяваўся на свой вопыт і хутчэй сеў за руль – вось і няма таго выніку, на які разлічвалі, а ён павінен быць. Падкрэслівалася, што падобныя сітуацыі паўтараюцца з году ў год, таму праводзіць практычную вучобу па вышэйакрэсленай тэме проста неабходна, каб дапамагчы занятым на жніве не дапускаць тыповых памылак. А якімі яны могуць быць, прамоўца паказаў на наглядным прыкладзе. Расказаў і аб канкрэтных сітуацыях, якія здараліся ў сельгаспрадпрыемствах вобласці па прычыне няправільна адрэгуляваных агрэгатаў.

– Дабіцца жаданага выніку можна толькі строга прытрымліваючыся, на чым раблю асаблівы акцэнт, дыктатуры тэхналогіі, – падкрэсліў Валерый Яфімавіч. – Вам абавязкова трэба дабіцца дакладнасці ва ўсім. Зразумела, што страты непазбежныя, але наша з вамі задача зрабіць стаўку на якасць жніва і пастаянна кантраляваць работу падначаленых. Спецыялісты запэўніваюць, што сёння на палях вобласці стаіць на карані два мільёны тон збожжа, і ад таго, ці трапіць усё яно на склады, залежыць ад хлебаробаў: радавых працаўнікоў і спецыялістаў раслінаводчай галіны, інжынерай службы.

Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па механізацыі Сяргей Ермаковіч, кіруючыся рэкамендацыямі кандыдата тэхнічных навук Якава Яроцкага, азнаёміў удзельнікаў семінара – кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, галоўных інжынераў, галоўных аграномаў, адказных спецыялістаў аграпрамысловага комплексу раёна – з агратэхнічнымі аспектамі мінімізацыі страт рапсу і свірэпіцы падчас іх уборкі. Рэкамендацыі тычыліся правільнасці рэгуліроўкі асноўных вузлоў і агрэгатаў камбайна. У прынцыпе, для камбайнераў і спецыялістаў даны працэс знаёмы, але нельга забываць, што нават невялікае адступленне ад правілаў цягне за сабою страты насення ў момант іх скошвання і абмалоту. Як гэта адбываецца, усе ўпэўніліся падчас практычнай часткі семінара. На пляцоўцы ля мехдвара, на імправізаваным полі, быў прадэманстраваны працэс абмалоту насення рапсу камбайнам «КЗС-1218». Бягучы агляд – і адразу бачна, што трэба ўхіліць або адрэгуляваць.

Начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Барыс Барысевіч заклікаў сваіх калег праявіць характар і зрабіць усё магчымае для таго, каб належным чынам наладзіць работу хлебнага канвеера. Бо менавіта ім, разам з камбайнерамі, даверана завяршыць тую нялёгкую працу, якая выконвалася ўсім калектывам на працягу вытворчага года. На добра адрэгуляваных камбайнах, з абавязковым выкарыстаннем рапсавых сталоў, ёсць магчымасць убраць яго якасна і зарабіць пры гэтым неблагія грошы.

Вынікі семінара падвёў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. Юрый Мікалаевіч адзначыў, што праблем ў механізацыі ў нашым раёне застаецца нямала, хоць інжынерныя і агранамічныя службы гаспадарак поўнасцю ўкамплектаваны спецыялістамі. Значыць, ёсць пралікі, але страт зерня на жніве быць не павінна. Семінар і арганізаваны для таго, каб кожны ў гэтым плане папоўніў свае веды, бо панесены даволі вялікія затраты для таго, каб вырасціць ураджай, у прыватнасці, набыта немалая колькасць мінеральных угнаенняў, асабліва азотных. Пакуль ёсць час, трэба тэрмінова ўхіліць усе тыя недахопы, якія маюць месца, і паспяхова здаць галоўны для хлебаробаў экзамен года.

Надзея БАТАЛКА,

фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *