І ўсё ж такі круг надзей

Нумары Спорт

56-e

Чэмпіянат Беларусі па футболе ў першай лізе пераадолеў экватар. Першы круг, палову турнірнага шляху, каманда «Нёман-Агра» завяршыла сустрэчай у Бабруйску. Заўсёды верыцца ў добрае, але… З праведзеных сёлета сустрэч у другіх гарадах нашы футбалісты не здабылі ніводнага ачка. Тут нават адносным поспехам можна назваць выступленне ў Мікашэвічах, паражэнне з мінімальным лікам – 1:2. А так… 0:3 – у Гомелі, Оршы, Слоніме, Смалявічах. У Мінску з «Праменем» – 0:4. А цяпер вось разгромнае паражэнне ў матчы з «Белшынай» – 0:7.

Апраўданне заўсёды знойдзеца. «Белшына» прадстаўляе буйны індустрыяльны Бабруйск, яго знакаміты шынны камбінат. Зразумела, багатыя спонсары, добра матэрыяльна зацікаўленыя футбалісты. Нездарма «Белшына» займала даволі высокія месцы ў турнірах вышэйшай беларускай лігі. Летась, праўда, не склалася, каманда заняла перадапошняе месца ў галоўным дывізіёне чэмпіяната рэспублікі. І, такім чынам, атрымала паніжэнне – права на выступленне ў першай лізе, ды яшчэ са штрафнымі ачкамі на будучы сезон за парушэнне спартыўнага рэгламенту. Але ж сёлета «Белшыны» няма пакуль сярод каманд, якія прэтэндуюць на выступленне ў будучым сезоне ў вышэйшай лізе. Дарэчы, за 14 сёлетніх матчаў першынства ў лізе першай бабруйчане забілі 15 галоў. А ў апошнім туры першага круга, са стаўбчанамі дабавілі на свой бамбардзірскі рахунак яшчэ сем. Выходзіць, «не з той нагі» выйшлі на чужое поле менавіта госці са Стоўбцаў.

Але давайце аб добрым. Аб тым, што не спешчаныя відовішчамі футбольнай гульні балельшчыкі, якія заўсёды запаўнялі трыбуны стадыёна «Юнацтва», апладзіравалі сваім ігракам. За волю да перамогі, за тыя моманты гульні, якія ўвасабляліся ў галы. Прыгадаем: адолелі гасцей са Смаргоні, Светлагорска, Пінска. Удзячныя былі аматары і за здабытыя ва ўпартай барацьбе «нічые» з камандамі Ліды, Асіповічаў, мінскім «Тарпеда». Чаму ж на чужых палях мячы ўлятаюць у адны вароты – каманды «Нёман-Агра»?

Дзеля справядлівасці скажам, што лёгкага жыцця ў другім па сіле нацыянальным чэмпіянаце нашым – дэбютантам у спаборніцтве такога рангу – і не чакалася. Практычна ва ўсіх сапернікаў значна большы вопыт выступленняў у першай лізе. І няхай жа далей будзе згодна з прымаўкай: «Пакуль шышак не наб’еш, сіл не патраціш, да вяршыні не трапіш». Толькі б не апускаць рукі.

Дарэчы, у стаўбцоўскай каманды вопытны трэнер. Леанід Лагун выступаў у складзе флагмана беларускага футбола – барысаўскага БАТЭ, мае і трэнерскую практыку. Менавіта ён заправіў у састаў стаўбцоўскай каманды вядомых яму футбалістаў. І, здаецца, варатар Аляксандр Косцеж, абаронцы Аляксандр Тарлікоўскі, Ягор Макарэвіч, паўабаронцы Артур Цішко, Аляксандр В’югін, Арцём Шыцько, Дзяніс Мядзведзеў, Ігар Макараў, Сяргей Булынёнак прыхільна сустракаюцца нашымі балельшчыкамі. Аднак жа прыемна, што абарону цэментуе стаўбчанін Арцём Сукала. А ў нападзенні, ды і не толькі, выключная роля Аляксея Рудзянка.

Здымак Аляксея змешчаны на своеасаблівай дошцы гонару – фотакалажы у ФАКу. І пазначана, што Рудзянок уваходзіў у састаў зборнай юніёрскай каманды рэспублікі па футболе. Талент несумненны. Хуткасць, тэхнічная работа з мячом. Ён заўсёды на вастрыі атакі, больш таго, сам нярэдка стварае моманты для выхаду на аператыўную прастору. І прарывы іграка з сёмым нумарам на футболцы горача падтрымліваюць заўзятары. Але цяжка чалавеку, калі ён адзін… Прымае мяч, абводзіць абаронцаў, уключае рэактыўную хуткасць. Толькі сіл на ўдар па варотах тут ужо і не застаецца. А часцей на апошнім рубяжы яго, як гаворыцца, накрываюць сапернікі. І ўсё ж менавіта на рахунку Рудзянка найбольш забітых мячоў стаўбчанамі.

Акунёмся ў атмасферу футбольнага трыбуннага настрою. Бліжэй да канца гульні, асабліва калі справы не надта ладзяцца, чуецца гучнае: «Дзюбу давай!». Не крыўдуе, пэўна, Дзмітрый Даўбейка, што яго параўноўваюць са знакамітым расійскім форвардам. І сапраўды, калі ў дапамогу Рудзянку на поле выходзяць Дзмітрый Даўбейка, а таксама Аляксандр Паляшчук, Уладзіслаў Рубін, Алег Каракін, то гульня стаўбчан становіцца больш агрэсіўнай, дынамічнай, ля варот сапернікаў узнікае сапраўдны «пажар».

Наіўнае пытанне: «Чаму пераважна на замену выходзяць гэтыя добра вядомыя стаўбчанам хлопцы, свае землякі?». Таму што не маюць поўнай фізічнай гатоўнасці, каб правесці належна ўвесь матч? Можа і так. Напрыканцы мінулага года заўчасна пайшоў з жыцця бяззменны трэнер стаўбцоўскай каманды Андрэй Мікалаевіч. Як бы ні падтрымлівалі самастойна форму спартсмены, набраць кандыцый для паспяховага выступлення на працягу сезону без трэнерскага кіраўніцтва наўрад ці магчыма. Новы трэнер прыйшоў у каманду практычна ў пачаткам сёлетняга чэмпіянату. Але ж і з ім трэніровачны працэс вядзецца даволі працяглы час. Ды і сцвярджаць, што таму ж Дзмітрыю Даўбейку не хапае сіл згуляць увесь матч, наўрад ці правільна. Нездарма ж ён сярод лепшых бамбардзіраў другога турніра, у якім удзельнічае каманда са Стоўбцаў – чэмпіянату Мінскай вобласці. Што і на вобласці наша каманда працягвае выступаць, таксама станоўча. Прыхільнікі не губляюць магчымасці пабываць і на гульнях з удзелам «Нёмана-ДЮСШ». Каманда гэтая трымаецца ў верхняй палове турнірнай табліцы. І тут аднымі сіламі «пачаткоўцаў» не абыдзешся. Паспрабавалі выехаць у Салігорск маладзёжным саставам. І атрымалі – 0:8.

Усё ж і ў кадравым умацаванні рэзерв для паспяховага турнірнага шляху. Прыгадаем, летась у разгар сезону здолелі стаўбчане «пераманіць» з Рагачова іхняга лепшага нападаючага Сяргея Лагуціна. І ў Стоўбцах ён не збіў свой бамбардзірскі прыцэл, 20 галоў за сезон на яго рахунку. І яго намаганні таксама дапамаглі стаўбчанам заняць месца сярод мацнейшых у турніры другой лігі. Сёлета ж Лагуцін папаўняе галявы рахунак каманды ЮАС з Жыткавіч, якая летась была апошняй, а сёлета ўзначальвае турнірную табліцу другой лігі. Вывады можна рабіць.

Каб застацца і на будучы год у першай лізе, якую пакінуць дзве апошнія каманды, трэба прыкласці намаганні. Ужо ў наступную суботу, 5 жніўня, чэмпіянат рушыць на другі круг. Каманда «Нёман-Агра» выступіць у Баранавічах, 12 жніўня – выезд у Асіповічы. 19 жніўня стаўбчане на сваім полі прымуць ФК «Смаргонь». Удачы на футбольных палях!

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *