Рух на станцыі не спыняецца

Ганаруся сваёй прафесіяй Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

57-e

Спрацавалі добра, са значным перавыкананнем планавага задання – рапартуюць чыгуначнікі станцыі Стоўбцы Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі аб выніках першага паўгоддзя 2017 года.

На станцыі жыццё не спыняецца кругласутачна. Паслугі тут атрымліваюць як грузаадпраўшчыкі, так і пасажыры, якія карыстаюцца электрацягнікамі рэгіянальных ліній эканом-класа, міжрэгіянальных цягнікоў эканом- і бізнес-класаў. Пазменна нясуць вахту саставіцелі паяздоў, дзяжурныя па станцыі, прыёмшчыкі грузаў і багажу, таварныя і білетныя касіры, тэхперсанал.

У першым паўгоддзі асабліва запатрабаванай аказалася перавозка грузаў, якая склала 142 працэнты адносна адпаведнага леташняга перыяду. Сярод кліентаў станцыі як даўнія партнёры (Стаўбцоўскі лясгас, Навасвержанскі лесазавод, хлебапрыёмнае прадпрыемства), так і новыя. Сёлета з чыгуначнікамі наладзіў актыўную працу торфабрыкетны завод «Нёман», а таксама Старобінскі торфабрыкетны завод. Абодва торфапрадпрыемствы адгружаюць са станцыі сваю прадукцыю – торфабрыкеты. Дабавілася камерцыйнае прадпрыемства «Вестлоджынг», якое ажыццяўляе перавозку паліўнай дранкі на Польшчу.

Сярод хадавых грузаў у гэту гарачую пару – і збожжа новага ўраджаю. Адгрузка яго напрамую запланавана хлебапрыёмным прадпрыемствам у аб’ёме пяць тысяч тон, а ў цэлым мяркуецца закласці на захоўванне з далейшай паступовай адгрузкай 16 тысяч тон збожжавых.

– Попыт на рухомы састаў істотна вырас, аднак праблемы вырашаюцца, – запэўніла намеснік начальніка станцыі Таццяна Санько.

Таццяна Санько, прафесіянал са стажам у амаль 40 гадоў, з годнасцю прадстаўляе сваю калегу Святлану Канатопаву: «Выхаванец нашага калектыву. З мая бягучага года прызначана на пасаду начальніка станцыі. Працавала дзяжурнай па станцыі, начальнікам станцыі Коласава, рэвізорам па бяспецы руху. Добра ведае калектыў і сваю работу. Сама гамяльчанка, але за гэты дзясятак гадоў пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту ўкаранілася на стаўбцоўскай зямлі – замуж тут выйшла, жыве недалёка ад станцыі».

І кіраўніцтва, і ўвесь калектыў стаўбцоўскіх чыгуначнікаў пераважна жаночы. Не зважаючы на гэта, для яго характэрны такія моцныя рысы як стабільнасць, надзейнасць, якія і іграюць вырашальную ролю ў бесперабойнай і якаснай рабоце чыгуначнага транспарту. Карыстаючыся сустрэчай з карэспандэнтам, камунікабельная і імклівая Святлана Канатопава старалася пазнаёміць мяне з большай колькасцю работнікаў, расказаць пра заслугі кожнага з іх.

Сярод іх – дзяжурныя па станцыі Надзея Гузава і Марына Карачун, саставіцелі паяздоў – Мікалай Коршук, Сяргей Сергеевіч, Ігар Якаўлеў, таварныя касіры – Ірына Бойка і Жанна Макарэвіч, прыёмаздатчыкі – Ала Трапейка і Ганна Галімская, тэхперсанал – Валянціна Станілевіч і Людміла Місюра, білетныя касіры – Алена Талашка, Вольга Немчык, Тамара Варакса. Усе яны ганарацца сваім працоўным месцам і імкнуцца адпавядаць званню чыгуначніка.  

Падчас экскурсіі па станцыі звярнулі на сябе ўвагу парадак і чысціня ў памяшканнях, на перонах. Паўсюдна – прыгожа, утульна. На фасадзе вакзала з’явіўся лагатып Беларускай чыгункі. Унутры вакзала да паслуг пасажыраў адкрылася прыватная цырульня. Працуюць прыватныя кафэ і магазінчык. Недастае хіба што свежых газет.

Паляпшаюцца ўмовы працы і саміх чыгуначнікаў. Так, з дапамогай работнікаў дыстанцыі грамадскіх збудаванняў Баранавіцкага аддзялення, зроблены сучасны рамонт у памяшканні таварнай канторы. На вызваленай плошчы ўдалося абсталяваць пакой для прыёму ежы.            

Высветлілася, што кожны трэці работнік станцыі наведвае басейн у фізкультурна-аздараўленчым комплексе па абанеменце, які набыты за сродкі прафсаюзнага камітэта. Прафкам падтрымлівае і пры набыцці пуцёвак у ведамасныя санаторыі, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і т.п. Цяпер для жадаючых арганізуецца экскурсійная паездка ў Львоў. І, галоўнае, чым заўсёды былі моцныя чыгуначнікі, – гэта пераемнасць пакаленняў, падтрымка ветэранаў. Поезд жыцця рушыць далей, а яны застаюцца ў калектыве сваімі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: у абноўленай таварнай канторы: Ірына Бойка (на пярэднім плане), Наталля Жылінская і начальнік станцыі Святлана Канатопава; у білетнай касе – Тамара Варакса і Алена Казакевіч; саставіцель паяздоў Андрэй Крайкоў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *