100 балаў Кацярыны Бязушка

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Раённыя навіны Соцыум

57-b

Вось гэтая прыгожая дзяўчына – адзіная з выпускнікоў нашага раёна ў гэтым годзе, якая здала цэнтралізаванае тэсціраванне на 100 балаў. Такі максімальны вынік Кацярына атрымала па рускай мове. Гэта асабліва звярнула ўвагу, Кацярына Бязушка – выпускніца сельскай Нававёскаўскай школы.

Пры сустрэчы з ёю, пытаемся, што яна адчула, калі прачытала SMS з такім вынікам. Расказвае, што яна патэлефанавала не бацькам, а адразу ж – сваёй настаўніцы Наталлі Уладзміраўне Петрушэнка. З ёю разам яны раздзялілі гэтую радасць.

Кацярына гаворыць, што за такі вынік экзамена яна бязмежна ўдзячная Наталлі Уладзіміраўне. Педагог працавала з вучнямі ў профільным класе па паглыбленым вывучэнні рускай мовы, які быў адкрыты ў Нававёскаўскай СШ. І дала вучням такія глыбокія веды, што Кацярына і не думала нават скарыстаць паслугі рэпетытара. І іншыя выпускнікі гэтага профільнага класа паспяхова здалі цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове – сярэдні бал склаў 73,7.

Вельмі прыемна было даведацца, што сама Наталля Петрушэнка з’яўляецца выпускніцай Нававёскаўскай СШ, працуе настаўніцай ужо 10 гадоў і дастойна працягвае сямейную педагагічную дынастыю. Яна – дачка дырэктара Нававёскаўскай СШ Галіны Швед і жонка настаўніка гісторыі і грамадазнаўства гэтай школы Уладзіміра Петрушэнкі. Дарэчы, і маці Кацярыны Бязушка Ірына Уладзіміраўна – настаўніца гэтай школы, працуе ў пачатковых класах. А бацька яе – галоўны аграном ААТ «Вялікі Двор». Такі поспех дачкі даў Генадзю Генадзьевічу прыліў сіл у гарачую пару ўборкі збожжавых.

Кацярына Бязушка паспяхова, ў высокім рэйтынгу так званых элітных абітурыентаў, залічана студэнткай Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта прэстыжнага факультэта міжнародных эканамічных адносін. Віншуем Кацярыну і жадаем ёй паспяховай вучобы і шчаслівай прафесіянальнай і жыццёвай дарогі.                        

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *