З малітвай да святой праведнай Ганны

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

59-e

Кожны год 7 жніўня старадаўні стаўбцоўскіхрам з 192-гадовай гісторыяй – кафедральны сабор святкуе прастольнае свята. У гэты дзень у праваслаўным царкоўным календары – Успенне святой праведнай Ганны, якая была выбрана Госпадам з ізраільскага народа, каб стаць маці Прасвятой Багародзіцы. Прастол храма асвечаны ў гонар гэтай святой угодніцы Божай, таму і прыходзіцца на гэты дзень храмавае свята.

У нашым горадзе гэтая ўрачыстасць вельмі ўшаноўваецца царкоўным народам і ўсімі гараджанамі. Многія сем’і даюць сваім нованароджаным імя Ганна, і гэтае імя ў нашым горадзе ва ўсіх пакаленнях не становіцца непапулярным. Таму ў гэты дзень многія прыхаджанкі святкавалі дзень Ангела. У саборы было светла ад малітвеннага настрою, ад святочнага ўбранства, ад мноства белых хусцінак, радасці людзей. Раздзяліць нагоду храмавай урачыстасці прыбылі паломнікі з іншых прыходаў, свяшчэннаслужыцелі благачыння.

Асобы від царкоўнага звону велічным дабрагуччам абвясціў аб прыездзе епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла. Яго шаноўна і сардэчна сустракалі на прыходзе. Уладыка ўзначаліў Бажэственную літургію. Служба была надзвычай урачыстай, велічнай, прыгожае царкоўнае песнапенне напаўняла душы і сэрцы вернікаў.

У пропаведзі перад Прычасцем свяшчэннік Сергій Бегіян на прыкладзе Свяшчэннай гісторыі нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў набожнай сям’і старазапаветных праведнікаў Іаакіма і Ганны акцэнтаваў увагу прысутных на адказнасць кожнага перад Богам за хрысціянскае выхаванне сваіх уласных дзяцей.

Пасля Бажэственнай літургіі адбыўся ўрачысты хрэсны ход вакол храма з малебнам святой праведнай Ганне.

У храмавай урачыстасці прыняў удзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. А таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік і яе намеснік Святлана Жыбуль.

Уладыка Павел у сваім прывітальным слове павіншаваў клір і прыхаджан сабора са святам, цёпла і сардэчна прывітаў Юрыя Горлава, прыязна выказаўся аб такім яднанні, саборнасці ў гэты знакавы для кафедральнага горада дзень, калі разам моляцца і свяшчэнначалле, і свецкія ўлады. Юрый Горлаў у сваю чаргу таксама павіншаваў стаўбчан і ўсіх вернікаў са святам. Ён падзяліўся з удзельнікамі ўрачыстаці радасцю, што на стаўбцоўскай зямлі вырашчаны багаты ўраджай збожжавых, і цяпер у хлебаробаў адказныя і вельмі напружаныя дні ўборкі ўраджаю. Юрый Мікалаевіч папрасіў малітваў за працаўнікоў палёў, каб Гасподзь даў сілы, дапамог у спрыяльных умовах без страт сабраць вырашчанае і закласці ў сховішчы. У знак пашаны і павагі райвыканкам падрыхтаваў падарункі для епіскапа Паўла і благачыннага прыходаў Стаўбцоўскай акругі ключара сабора протаіерэя Аляксандра Марцінчыка. Уладыка Павел падзякаваў Юрыя Горлава за цёплыя словы і сумесную малітву і перадаў у падарунак святую ікону свяціцеля Георгія Магілёўскага, выдатнага прапаведніка, філосафа і пісьменніка, 300-годдзе з дня нараджэння якога Беларускай Праваслаўнай Царквою адзначаецца ў бягучым годзе. Уладыка Павел зрабіў акцэнт на тым, што ў сонме беларускіх святых – угоднікі Божыя, якія жылі на нашай зямлі, маліліся за нашу Айчыну і за святасць свайго жыцця, і за подзвігі праслаўлены Богам. Патрэбна ведаць іх, прыбягаць да іх малітвеннай дапамогі ў сваіх жыццёвых і духоўных патрэбах. Яны хуткія пачуць нас, адгукнуцца ў малітвенным хадайніцтве перад Нябесным Прастолам Божым. Епіскап Павел адобрыў практыку тых беларускіх гарадоў, у якіх называюць вуліцы імёнамі сваіх беларускіх святых.

Такое благаславенне многім прысутным прыйшлося па душы. Гэта спрадвеку практыкавалася. Прыкладам можа служыць стольны горад Масква, дзе па цяперашні час захаваліся старадаўнія прыгожыя назвы вуліц, наберажных, агорнутых святасцю. Нічога лепшага не прыдумана і нельга прыдумаць.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *