Грамадства

Нумары Соцыум

1608e

ПАГЛЯДЗЕЛІ, ЯК ЖЫВУЦЬ ВАЙСКОЎЦЫ

Гэтаму дабрачыннаму шэфству паклала пачатак адна сустрэча. Прафесійны рыэлтар Наталля са сталіцы па сваіх службовых справах была неяк у Наваколасаве. Як валанцёр, яна не прамінула магчымасці зрабіць добрую справу. Звярнулася да камандавання вайсковай часці ажыццявіць запаветную мару адной дзяўчынкі інваліда-калясачніка – прымераць ваенную форму, аб якой яна марыла.

Намеснік камандзіра часці па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Якубовіч даў дабро. Яго падтрымалі калегі, супрацоўнікі часці. Так была набыта ваенная форма для дзяўчынкі. У Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў супрацоўнікі часці паехалі з падарункамі і букетамі лясных ландышаў – гэта быў канец мая. Дзяўчынка, для якой прывезлі ваенную форму, неймаверна расчулілася букетам ландышаў, яна прызналася, што ёй ніколі ніхто не дарыў кветкі – ад слёз ніхто не стрымаўся. Так завязалася дружба 25-га Арсенала са сталічным рэабілітацыйным цэнтрам для дзяцей-інвалідаў. У Міжнародны дзень абароны дзяцей супрацоўнікі вайсковай часці былі запрошаны ў цэнтр на канцэрт. З радасцю прынялі запрашэнне і зноў паехалі да дзяцей з падарункамі, паабяцалі, што запросяць дзяцей у госці да сябе.

І вось гэтая сустрэча адбылася. На аўтобусе вайсковай часці, у суправаджэнні Уладзіміра Якубовіча, урача і выхавацеляў цэнтра старэйшыя дзеці, якія маглі пераадолець гэты пераезд без напругі для здароўя, прыбылі ў вайсковую часць.

Святлана Новак, тэхнік вытворча-тэхнічнага аддзела, якая ўсё жыццё разам са сваім мужам маёрам Аляксандрам Новакам праслужыла ў гэтай часці, а цяпер сямейную дынастыю працягвае іх сын – лейтэнант Сергей Новак, на правах намесніка старшыні прафкама і актыўнага арганізатара гэтай акцыі, расказвае, што справа міласэрнасці аб’яднала ўвесь калектыў. Акрамя прафсаюзных сродкаў былі задзейнічаны асабістыя ахвяраванні членаў прафсаюзнай арганізацыі.

Маладым людзям вельмі цікава было пазнаёміцца з жыццём і бытам вайскоўцаў. Яны пабылі ў казарме, убачылі, як дасканала засланы ложкі, ім быў дадзены нават майстар-клас, як гэта выканаць у адведзеныя лічаныя мінуты. Юнакі і дзяўчаты паўдзельнічалі ў зборцы і разборцы зброі, у надзяванні процівагазу і ахоўнага спецкасцюма. Для гасцей была прадэманстравана імітацыя тушэння пажару спецыялізаванай тэхнікай.

Незабыўныя ўражанні пакінуў пачастунак у вайсковай палатцы на вуліцы. Апетытную салдацкую кашу дзеці елі з салдацкага дарожнага посуду. Дэсертам сталі духмяныя булачкі, спечаныя ў вайсковай сталоўцы.

Напрыканцы юнакам і дзяўчатам уручылі падарункі, набытыя за сабраныя сродкі. На памяць аб гэтай сустрэчы ў 25-м Арсенале дзецям застануцца падрыхтаваныя для іх заламінаваныя вымпелы.

І шэфы, і госці развітваліся з надзеяй на будучыя сустрэчы. Ва ўсякім разе, вайсковая часць плануе працягваць шэфства над рэабілітацыйным цэнтрам.

Такая дабрачынная акцыя была неабходная не толькі дзецям, якія змаглі ў прыемны летні дзень выехаць са сцен здраўніцы на прыроду, але і не менш – і супрацоўнікам вайсковай часці. Яна аб’яднала калектыў, дапамагла задумацца аб галоўным, прынесла ўсім радасць ад арганізаванай добрай справы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

У БАЦЬКОЎСКІ ДЗЕНЬ

У рамках праекта «Сацыяльны турызм», які рэалізуецца аддзяленнем дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра і дзіцячым аздараўленчым лагерам імя Я. М. Чайкі, адбылася выстаўка-кірмаш вырабаў і работ, якія выкананы ў гуртках і працоўных майстэрнях маладымі людзьмі з інваліднасцю.

З пачатку лета гэта трэцяя падобная сустрэча ў рамках праекта.

– Было прыемна адчуваць падтрымку кіраўніцтва лагера ў асобе дырэктара Таццяны Шпілеўскай, якая з радасцю адгукаецца на магчымасць разнастаіць жыццё выхаванцаў. Тым больш, што ў той выхадны дзень у лагеры якраз праходзіў бацькоўскі дзень, – зазначыў Сяргей Есіс, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра, якое таксама далучылася да праекта.

На выстаўку-кірмаш было прадстаўлена каля 50-ці работ. Гэта швейныя вырабы ў выглядзе прыхватак, фартухоў і іншых кухонных аксесуараў, арыгінальныя сувеніры са звычайнай солі, віншавальныя паштоўкі ручной работы, дэкаратыўныя вырабы з «папяровай лазы», атласных стужак і т. п. Надвор’е выдалася неспрыяльнае, з дажджом, таму месца для выстаўкі было выдзелена ў фае сёмага корпуса, там, дзе знаходзіцца актавая зала і праходзіла культурна-забаўляльная праграма, падрыхтаваная для бацькоў выхавацелямі і дзецьмі. Пасля канцэрта дырэктар лагера прадставіла выстаўку і запрасіла дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з ёю.  

У бацькоўскі дзень у лагер, які належыць УП «Мінскаблгаз», прыехалі бацькі з розных куткоў Беларусі. Яны з задавальненнем набывалі вырабы і цікавіліся тымі, хто над імі шчыраваў, праявіў фантазію і працавітасць, жадалі натхнення.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ      

 

НЕ ПРАЙСЦІ МІМА

Ні для каго не сакрэт, што асноўнай прычынай сямейнай недабранадзейнасці і сацыяльнага сіроцтва з’яўляецца алкагалізм бацькоў.

На 01.07.2017 года на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы 198 непаўналетніх з 104 сямей, з іх 43 сям’і па прычыне ўжывання бацькамі спіртных напояў: у 37 сям’ях спіртнымі напоямі злоўжывае адзін з бацькоў, у 19 сем’ях – абодва; 7 непаўналетніх знаходзяцца ў аддзяленні дзіцячы сацыяльны прытулак ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна»; 23 непаўналетнія выхоўваюцца ў 15 прыёмных сем’ях і восем – у дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Алкагалізм бацькоў – сапраўдная трагедыя для дзіцяці. Дарослыя ў такой сям’і, забыўшыся пра свае бацькоўскія абавязкі, часта пакідаюць сваіх дзяцей без нагляду, не клапоцяцца аб іх здароўі, выхаванні, навучанні, матэрыяльна-бытавым забеспячэнні. Сумеснае жыццё з бацькамі алкаголікамі прыводзіць да сур’ёзных псіхічных парушэнняў у дзяцей, якія застаюцца на ўсё жыццё. У недабранадзейных сем’ях поўнасцю або часткова не задавальняюцца патрэбы дзяцей у эмацыянальнай падтрымцы, пачуцці бяспекі, адчуванні цяпла і любові, каштоўнасці і значнасці свайго «Я». Дзеці алкаголікаў часта становяцца жорсткімі, агрэсіўнымі, адчуваюць пачуццё незадаволенасці, крыўды на ўвесь свет.

Менавіта таму, асабліва востра паўстае пытанне ранняга выяўлення сямейнага недабрабыту і аказання дзецям і бацькам сваечасовай кваліфікацыйнай дапамогі і падтрымкі.

Пастаноўка сям’і на ўлік, дзе непаўналетнія прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, не павінна разглядацца бацькамі як сродак іх пакарання. Асноўнай мэтай работы з сям’ёй з’яўляецца аказанне ўсебаковай дапамогі сям’і па знікненні прычын, якія паслужылі недабранадзейнасці. Вядома, гэта немагчыма без зацікаўленасці з боку бацькоў.

Непаўналетнія прызнаюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы тэрмінам не менш чым шэсць месяцаў. Калі праца з сям’ёй не дае станоўчых вынікаў, дзеці могуць быць адабраны па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне ў аддзяленне дзіцячага сацыяльнага прытулку ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна» тэрмінам да шасці месяцаў. Бацькі, у такім выпадку, прызнаюцца асобамі абавязанымі кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей. Калі за гэты перыяд бацькі не выпраўляюць сітуацыю, яны могуць быць у судовым парадку пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да сваіх непаўналетніх дзяцей.

Калі вам, вядома пра факты сямейнага недабрабыту, вы можаце звярнуцца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама па телефоне 7-83-18, ДУА «Сацыяльна-педагагічны центр Стаўбцоўскага раёна» – па тэлефоне 7-49-56.

С. МІХНО,педагог сацыяльны ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна»

                              

НАЛЕЖНАПАДРЫХТАВАЦЦА ДА ПЕРАПІСУ

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 384 ад 24 кастрычніка 2016 года, з 4 па 30 кастрычніка 2019 года ў краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва.

Рашэннем Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта № 547 ад 28 красавіка 2017 года створана часовая камісія па садзейнічанні перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 года ў Стаўбцоўскім раёне і зацверджаны адпаведныя мерапрыемствы.

Належыць вялікая і адказная работа. Адзін з важных этапаў падрыхтоўкі да перапісу насельніцтва – гэта ўпарадкаванне ў горадзе і сельскіх населеных пунктах раёна назваў вуліц, нумарацыі дамоў і кватэр. Трэба будзе ўстанавіць адрасныя таблічкі, нумарныя знакі, якіх не хапае, абнавіць тыя, што прыйшлі ў непрыгоднасць.

У сувязі з гэтым звяртаемся да домаўладальнікаў з просьбай у бліжэйшы час ухіліць недахопы ў адраснай гаспадарцы з мэтай паспяховага правядзення перапісу насельніцтва.

Аддзел статыстыкі Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *