Выконваць інструкцыі і рабіць прышчэпкі

Нумары Прамая лінія

Адбылася прамая тэлефонная лінія з галоўным ветэрынарным урачом раёна Анатолем Гусачонкам па пытаннях ветэрынарнага абслугоўвання хатняй жывёлы.

Патэлефанавалі з Навапольцаў: «Ці можна ў нашай вёсцы трымаць свіней?»

– Рашэннем Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта ад 25.07.2017 года № 934 знята забарона па ўтрыманню свіней на ўласных падвор’ях людзей у населеных пунктах Навапольцы, Крамец Вішнявецкага сельсавета і Грабёнаўшчына Мікалаеўшчынскага сельсавета.

Пытанне ад жыхаркі в.Адцэда: «Дзе і хто павінен праводзіць вакцынацыю хатняй жывёлы, сабак і катоў, супраць шаленства?»

– Вакцынацыя сабак і катоў супраць шаленства праводзіцца ветэрынарнай службай сельскагаспадарчых арганізацый ў вёсках, якія размешчаны на яе тэрыторыі, згодна з планам супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў. Зрабіць прышчэпку, а таксама правесці іншыя прафілактычныя мерапрыемствы можна і ў Стаўбцоўскай гарадской ветэрынарнай лячэбніцы, якая працуе штодзённа з 8 да 16 гадзін, у суботу – з 8 да 13 гадзін. Па тэл. 7-41-19 можна атрымаць кансультацыю па пытаннях ветэрынарнага абслугоўвання хатняй жывёлы, а таксама вызваць ветэрынарнага ўрача на дом – апошняя паслуга платная. На платнай аснове ў ветлячэбніцы праводзіцца стэрэлізацыя, кастрацыя, дыягностыка і лячэнне хатняй жывёлы.

Пытанне з Тонава: «Дзе можна набыць сперму для штучнага асемянення свіней?»

– Па пытаннях набыцця спермы для штучнага асемянення свіней трэба звяртацца ў раённую племстанцыю. Тэл. 5-16-92, 5-16-94.

Жыхарка Задвор’я пацікавілася, у якія тэрміны неабходна вакцыянаваць хатніх трусоў і дзе можна набыць вакцыну?

– Вакцыну можна набыць у гарадской ветэрынарнай аптэцы, тэл. 5-01-54. Вакцынацыя праводзіцца згодна з інструкцыяй.

Стаўбчанка задала наступнае пытанне: «Плануем з сям’ёй адпачынак за мяжой і хацелі б узяць з сабою сабаку. Ведаю, што так можна зрабіць, а якія патрэбна дзеля гэтага аформіць дакументы?»

– Перавозка дробнай хатняй жывёлы, якая належыць грамадзянам, ажыццяўляецца пры наяўнасці ветэрынарных суправаджальных дакументаў, якія афармляюцца і выдаюцца дзяржаўнай ветэрынарнай службай па адрасе: в. Новы Свержань, вул. Юбілейная, 23. Рэжым работы: з 8 да 17 гадзін, перапынак на абед з 12.00 да 13.00. Вываз сабак і кошак можа быць ажыццёўлены ў суправаджэнні міжнароднага пашпарта, які аформлены ўстановай дзяржаўнай ветслужбы з інфармацыяй аб правядзенні неабходных апрацовак і вакцынацый.

Патэлефанавалі з Літвенскага сельсавета: «Якое становішча на тэрыторыі раёна па захворванні на шаленства дзікай жывёлы?»

– Сёлета зарэгістраваны пяць выпадкаў шаленства жывёлы. Хворымі былі дзве лісы (Літвенскі і Рубяжэвіцкі сельсаветы) і тры бадзячыя каты (Дзераўнянскі, Літвенскі і Старасвержанскі сельсаветы). У раёне праводзіцца прафілактычная работа па недапушчэнню ўзнікнення шаленства сярод хатняй і дзікай жывёлы шляхам вакцынацый. У аб’яднанні камунальных службаў ёсць магчымасць ажыццяўлення адстрэлу бадзячых сабак і катоў на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна. Звяртаю ўвагу жыхароў раёна на тое, каб іх хатнія гадаванцы былі прышчэплены супраць шаленства ў абавязковым парадку. Сабакі павінны ўтрымлівацца на прывязі ў вальеры.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *