Жніво – на фінішы. Клопат пра новы ўраджай

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай

IMG_4370

Дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю жнівеньскай пары ўборка хлябоў у лічаныя дні перайшла ў заключную фазу. Не першы год у гэты гарачы час на палетках ААТ «Каганец» Дзмітрый Трацяк увіхаецца за рулём сваёй тэхнікі, прасуючы салому, імкнучыся як мага хутчэй выслабаніць палеткі. Рупнасць і старанне механізатара ў гаспадарцы не раз ставілі ў прыклад яго таварышам. Партрэт Дзмітрыя Трацяка змешчаны на раённую Дошку гонару.

Фота Васіля Зянько

 

НА ПАЛЯХ РАЁНА

(інфармацыя на 17 жніўня)

Збожжавыя і зернебабовыя культуры ў гаспадарках раёна абмалочаны на 1199,2 гектара, што складае 80,7 працэнта да пасеянага. Услед за жацераўцамі блізкія да завяршэння жніва хлебаробы іншых гаспадарак.

Сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 36,7 цэнтнера з гектара, што на 6,1 цэнтнера больш, чым летась. Рэкордны паказчык у працаўнікоў палёў ААТ «Вялікі Двор», якія атрымліваюць па 63,5 цэнтнера збожжа на круг. Самае ўмалотнае ў велікадворцаў азімае трыцікале – 74,9 цэнтнера.

Другі паказчык па ўраджайнасці ў ААТ «Агранёманскі» і трэці ў ААТ «Жацерава» – 51,3 і 44 цэнтнеры на круг адпаведна.

Усяго па раёне сабрана 64 610 тон збожжа. Па папярэдніх падліках у ААТ «Агранёманскі» намалоцяць звыш дзесяці тысяч тон.

Салома ўбрана практычна з паловы плошчаў абмалочаных збожжавых культур.

 

СЕЮЦЬ РАПС

Пераважная большасць сельгаспрадпрыемстваў раёна сеюць азімы рапс. Напрыканцы мінулага тыдня прыступілі да гэтай работы працаўнікі ААТ «Дзераўное». Даная культура размесціцца ў севазроце, як і летась, на 300 гектарах. Засеяна амаль палова адведзенай плошчы. На гэтай аперацыі задзейнічаны трактар «Джон-дзір» з камбінаваным пасяўным агрэгатам. Працуе на тэхніцы вопытны сейбіт Дзмітрый Дзям’янка.

На ворыве глебы заняты Аляксандр Калошыч і Станіслаў Пячурка. Рыхтуе глебу (у гаспадарцы падрыхтавана яе больш, чым у іншых) механізатар Іван Жыбуль. Сёлета ўраджайнасць гэтай тэхнічнай культуры ў сельгаставарыстве атрымалі неблагую, намалочана звыш 600 тон масланасення.

 

ЗАПРАЎЛЯЮЦЬ ГЛЕБУ

Унясенне арганічных угнаенняў пад азімыя збожжавыя культуры садзейнічае павелічэнню іх ураджайнасці, і гаспадаркі, якія плённа працуюць з арганікай, атрымліваюць дадаткова пэўную колькасць збожжа. Згодна з планам сёлета сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна назапасіць 200 тысяч тон «вітамінаў урадлівасці», з якіх каля 170 тысяч ужо ў наяўнасці. Вывезена на палеткі 84 працэнты ад нарыхтаванага. У лідарах ААТ «Агранёманскі», дзе дастаўлена на палі звыш 40 тысяч тон. Больш за іншых арганікі ўнеслі пад азімую сяўбу дзераўнянскія рупліўцы палеткаў – звыш сямі тысяч тон. Вядуць гэтую работу восем гаспадарак, аднак працэнт выканання пакуль невысокі – унесена толькі 13 працэнтаў ад вывезеных амаль 145 тысяч тон арганічных угнаенняў.

Пр

 

ДОШКА ГОНАРУ

У раённым спаборніцтве з пачатку ўборкі збожжавых на 17 жніўня лепшых паказчыкаў дасягнулі:

– экіпаж камбайнераў ААТ «Агранёманскі» ў складзе Валерыя і Андрэя Жукоў, якія на камбайне «Лексіон-540» убралі 339,1 гектара і намалацілі 1738,4 тоны збожжа;

– экіпаж камбайнераў ААТ «Вялікі Двор» у складзе Сяргея Сенькі і Аляксандра Лежанькова, якія на камбайне «Лексіон-560» убралі 260,8 гектара і намалацілі 1579,4 тоны збожжа;

– вадзіцель ААТ «Вішнявецкі» Міхаіл Астравух, які на аўтамашыне МАЗ-53371 перавёз 1651,1 тоны збожжа;

– вадзіцель ААТ «Агранёманскі» Анатолій ТУРКО, які на аўтамашыне ГАЗ-САЗ-35071 перавёз 1422,9 тоны збожжа;

– машыністы ААТ «Вішнявецкі-агра» Віктар Галавач, Аляксандр Станкевіч, Сяргей Аўлохаў і Андрэй Станкевіч, якія на збожжасушыльным комплексе КЗС-30 дапрацавалі 4311,3 тоны збожжа.

Сярод маладых удзельнікаў жніва:

– экіпаж камбайнераў ААТ «Агранёманскі» ў складзе Віктара Семянько і Віталія Кобеца, якія на камбайне КЗС-1218 убралі 262,6 гектара і намалацілі 1374,3 тоны збожжа;

– экіпаж камбайнераў ААТ «Вішнявецкі-агра» ў складзе Васілія Крыкалы і Аляксандра Дробыша, якія ўбралі 295,5 гектара і намалацілі 1145,9 тоны збожжа;

– вадзіцель ААТ «Шашкі» Аляксей Русецкі, які на аўтамашыне МАЗ-555142 перавёз 1726,3 тоны збожжа;

– вадзіцель ААТ «Вялікі Двор» Аляксандр Швагерус, які на аўтамашыне МАЗ-457 перавёз 1250,5 тоны збожжа.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *