Што губляем…

Нумары Спорт

І чарговы, сямнаццаты, тур першынства Беларусі па футболе ў першай лізе не прынёс стаўбчанам задавальнення. Зноў паражэнне каманды «Нёман-Агра», у Асіповічах.

Нашы трымаліся амаль да канца тайма, але на 42-й хвіліне гаспадары поля адкрылі лік. Яшчэ праз 10 хвілін на табло ўжо значылася 3:0. Праўда, Максіму Шкураценку потым удалося правесці два галы ў адказ. Канчатковы вынік – 3:2 на карысць ФК «Асіповічы».

Што ж, нашы нёманцы асядаюць на дне турнірнай табліцы. Па-ранейшаму на іх рахунку 12 ачкоў і апошняе, шаснаццатае, месца. Бліжэйшыя канкурэнты ў барацьбе за права застацца ў першым дывізіёне ФК «Ліда» і «Асіповічы», у іх па 16 ачкоў, і ФК «Смаргонь» – 14 ачкоў. Дарэчы, аўтарам аднаго з галоў смаргонцаў, якія ўступілі ФК «Баранавічы» – 3:4, значыцца Аляксей Рудзянок. Наша рыжавалосая «сямёрка», каму так апладзіравалі за выдатную гульню стаўбчане? Выходіць, так. У маладога хлопца свае матывы. А мы, як у прымаўцы, што маем – не захоўваем…

Пэўна, быў бы большы гонар, каб здольны футбаліст абраў для творчага росту мацнейшую каманду. Так, прыемна бачыць у пашыраным спісе кандыдатаў у зборную каманду Беларусі, абнародаваную галоўным трэнерам Ігарам Крывушэнкам, і прозвішча нашага земляка Аляксандра Карніцкага, які выступае цяпер за каманду «Тасно», прадстаўленую ў мацнейшай лізе першынства Расіі. Нагадаем, што 31 жніўня і 3 верасня зборная нашай краіны сустрэнецца ў адборачным турніры чэмпіянату свету адпаведна з камандамі Люксембурга і Швецыі.

А «Нёман-Агра» сёння выязджае ў Смаргонь, дзе задачай, відаць, будзе і абарона ад галоў Аляксея Рудзянка.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *