Памятаць пра здароўе

Медыцына Нумары

ПЕРАД ШКОЛАЙ

Збіраць дзіця ў школу лепш загадзя. Цяпер працуюць школьныя кірмашы, і многія бацькі купляюць дзецям усё неабходнае. Нельга паскардзіцца на недастатковы выбар школьнага адзення, абутку і рознага рыштунку. Але бацькам варта не забывацца, што ўсё гэта павінна быць не толькі яркім, прыгожым і недарагім, а ў першую чаргу – зручным, бяспечным, каб не нанесці шкоды здароўю дзіцяці.

Выбіраем ранец. Матэрыял ранца павінен быць трывалым, лёгкім, зручным для чысткі і пажадана з вільгацеахоўнай прапіткай. Рамяні – шырокімі, з эластычнага матэрыялу, каб можна было змяніць іх даўжыню. Адзін рэмень павінен быць з раз’ёмам, каб ранец было лягчэй здымаць і надзяваць. Маса ранца – не больш за 600 грамаў для малодшых школьнікаў і да 700 грамаў – для старэйшых дзяцей. Абавязковыя аддзелка святлоадбівальнымі элементамі і маркіроўка – для якой узроставай групы прызначаны.

Не менш важна выбраць адзенне для школы, паколькі дзіцяці давядзецца знаходзіцца ў ім большую частку дня. Спачатку глядзім састаў тканіны. У ідэале яна павінна быць натуральнай. Але санітарнымі правіламі дапускаецца да 35 працэнтаў штучных валокнаў у кашулях і блузках і да 55 працэнтаў – у касцюмах. Выключэнне складае святочнае адзенне для эпізадычнага карыстання. Яно можа быць са штучнай тканіны, найлепш – з віскозы. Адзенне для школы павінна быць зручным, адпавядаць узросту і росту дзіцяці, забяспечваць свабоду руху.

Не рэкамендуецца джынсавае адзенне, што ўтрымлівае эластан. Яно парушае кровазварот і сціскае органы малога таза. Гэта можа прывесці да парушэнняў функцый страўнікава-кішэчнага тракта і пашкодзіць нармальнаму развіццю рэпрадуктыўных органаў.

Абутак для школьніка павінен быць з натуральнай скуры з гнуткай падэшвай. Каблук для вучняў 8-12 гадоў – не больш за 2 см, для старшакласнікаў – да 3 см, для дзяўчынак дапускаецца 4 см. Высокі каблук не рэкамендуецца таму, што скарачэнне плошчы апоры ступні на 30-40 працэнтаў прыводзіць да змяшчэння цэнтра цяжару органаў малога таза і далей – да магчымага парушэння рэпрадуктыўнай функцыі. Не рэкамендуецца купляць абутак «на выраст» і з вузкімі насамі. Бацькам адразу трэба падумаць, які зменны абутак будзе насіць дзіця. Ён таксама павінен адпавядаць усім патрабаванням. Не рэкамендуюцца для пастаяннага нашэння красоўкі. Гэта спартыўны абутак, які звычайна вырабляецца з сінтэтычных матэрыялаў.

Канцылярскія прылады належыць купляць у разумных межах – толькі самае неабходнае. Не варта выбіраць аб’ёмныя шматслойныя пеналы, тоўстыя ручкі і сшыткі. Для вучняў пачатковых класаў сшыткі павінны быць толькі тонкімі. Калі дзеці ўжо пойдуць у школу, бацькам трэба праверыць, што яны носяць у ранцах, таму што нярэдка значную частку складаюць непатрэбныя для вучобы прадметы. Хоць падручнікі выбіраць не прыходзіцца, але бацькам варта ведаць, што максімальная дапушчальная маса падручніка для малодшых школьнікаў – 300 г, для вучняў сярэдніх класаў – 400 г, для старшакласнікаў – 600 г.

Усе рэкамендацыі накіраваны на папярэджанне так званай «школьнай паталогіі», а іменна – парушэнняў паставы і зроку. Пры выбары адзення, абутку і школьных прылад належыць арыентавацца на якасць, каб цана ведаў не стала вельмі дарагой з-за страчанага здароўя.

Алена ЛОЙКА, загадчыца аддзела гігіены РЦГіЭ

 

ЯК ПАЗБЕГНУЦЬ ЗАХВОРВАННЯ

Трыхацэфалёз – гельмінтознае захворванне, якое выклікаецца воласагаловам. Памер гельмінта невялікі – ад 3,5 да 5,5 сантыметра, але ён уяўляе пагрозу здароўю.

Гельмінт паразітуе ў кішэчніку чалавека. Самка адкладвае ад 1000 да 3500 тысяч яец у суткі, якія выдаляюцца з экскрэментамі. Даспяванне яец і фарміраванне лічынак адбываецца ў глебе пры наяўнасці дастатковага цяпла, вільготнасці і доступу кіслароду. Воласагаловы жывуць у арганізме чалавека пяць і больш гадоў.

Пры трыхацэфалёзе назіраецца паражэнне страўнікава-кішэчнага тракту і нервовай сістэмы. Пры захворванні могуць быць ванітаванне, ірвота, пачуццё цяжасці і боляў у падлыжачнай вобласці і падуздышшы, галаўныя болі, галавакружэнне, бяссонніца, раздражняльнасць.

Дыягназ ставіцца на падставе выяўлення яец гельмінтаў у фекаліях. Крыніцай інфекцыі з’яўляецца толькі інвазіраваны чалавек. Заражэнне адбываецца праз глебу, пры ўжыванні бруднай гародніны і садавіны, праз нямытыя рукі.

Таму меры прафілактыкі прадугледжваюць строгае захаванне асабістай гігіены. Калі ёсць дома сабакі і каты, ім патрэбна некалькі разоў на год праводзіць прафілактычнае лячэнне. Неабходна весці барацьбу з насякомымі. Угнаенне для агарода можна ўносіць пасля не менш чым шасцімесячнага кампасціравання.

Таццяна ЛАПЕХА,памочнік урача-эпідэміёлага



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *