Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

IMG_9535

МАЛАДЫ СПЕЦЫЯЛІСТ

Аляксандр Домась выбраў нялёгкую і клапатлівую прафесію. Ён – ветэрынарны ўрач. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта маладога спецыяліста накіравалі ў ААТ «Каганец». Напачатку былы студэнт вельмі хваляваўся, бо работа чакала даволі адказная. Паступова прывык. Справа ў яго ладзіцца. Тры гады Аляксандр працуе ветурачом на МТФ «Засулле». Добрасумленна выконвае свае абавязкі, стараецца. Брыгадзір і работнікі фермы хваляць маладога чалавека. Дзякуючы яго намаганням каровы менш хварэюць, бо ветурач своечасова выяўляе хваробы і лечыць жывёлу.

 

НЕ ЗДАЮЦЬ ПАЗІЦЫЙ

Падведзены вынікі работы жывёлаводаў рэспублікі за першае паўгоддзе. Па вытворчасці малака і мяса наш раён з пачатку года трывала замацаваўся на 24 месцы сярод 118 раёнаў. Стабільна працуюць малочная і мясная галіны. Верхнюю частку табліцы займаюць практычна адны і тыя ж раёны. Лепшы ў рэйтынгу Нясвіжскі, за ім ідуць Гродзенскі і Дзяржынскі. Мінская вобласць на другой прыступцы.

Таварнасць малака ў цэлым па нашым раёне зменшылася і складае 90,7 працэнта – дзясятае месца ў вобласці, у рэспубліцы мы дзелім 32-33 месцы з Камянецкім раёнам Брэсцкай вобласці. Самая высокая таварнасць у Магілёўскім раёне – 92,8 працэнта.

Комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ «Вялікі Двор» падняўся на прыступку вышэй і займае 22 месца сярод 77 аднатыпных вытворчых падраздзяленняў, а комплекс ААТ «Дзераўное» з 61 месца перамясціўся на 70. У лідарах КСУП «Дземяхоўскае» Рэчыцкага раёна.

 

У САПЕРНІЦТВЕ ЗА ЛІДАРСТВА

Сярод малочнатаварных фермаў раёна па выніках сямі месяцаў па-ранейшаму лідзіруюць у спаборніцтве жывёлаводы ААТ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства. Па ферме надоена ў сярэднім ад кожнай каровы 5341 кілаграм малака – прыбаўка да леташняга паказчыка склала 552 кілаграмы. Літаральна наступаюць ім «на пяты» работнікі МТФ «Церабейнае» ТАА «СЖК «Налібакі», якія прэтэндуюць на самае высокае месца. Паміж гэтымі фермамі разгарнулася сапраўднае саперніцтва за лідарства. Налібацкія жывёлаводы з кожным месяцам скарачаюць адставанне, цяпер іх раздзяляюць 30 кілаграмаў. Трэцюю, чацвёртую і пятую прыступкі стабільна займаюць МТФ «Цэнтр», «Целяхі» і «Пруды» з вынікамі 5292, 5120 і 4856 кілаграмаў. На шостым месцы МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» з паказчыкам 4834 кілаграмы. На восьмае месца перамясцілася МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі», дзе надоена ад каровы 4240 кілаграмаў. На сёмым, дзявятым і дзясятым месцах МТФ «Засулле», «Зарэчча» і «Ячонка» ААТ «Каганец», якія маюць вынікі 4777, 4201 і 4192 кілаграмы.

 

У ПРАФІЛАКТОРЫІ ЎТУЛЬНА

На МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» тры месяцы назад здадзены ў эксплуатацыю прафілакторый, разлічаны на ўтрыманне 60 маленькіх цялят. Цялятніца Вольга Берташ ацаніла перавагу драўлянага збудавання. Працаваць ёй стала зручней, ды і гадаванцам утульней – кожны стаіць у індывідуальнай клетцы. Вольга Міхайлаўна старанная і добрасумленная жанчына. Яна дабіваецца высокіх прываг, кожнае цяля прыбаўляе штодзень у вазе 720 грамаў. Вольга Берташ шчыруе ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі звыш трыццаці гадоў. Доўгі час завіхалася на Любкаўшчынскай свінагадоўчай ферме, а пасля ліквідацыі гэтага вытворчага падраздзялення перайшла на работу ў Пагарэлае.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІ Ў ЛІПЕНІ

На малочнатаварных фермах раёна за ліпень надоена 7999,7 тоны малака, што складае 101,5 працэнта да ўзроўню адпаведнага перыяду летась. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана 480 кілаграмаў малака – на сем кілаграмаў больш мінулагодняга выніку. Найбольш прыбавілі ў надоях на карову ў ААТ «Вішнявецкі-агра» – 99 кілаграмаў. Жывёлаводы гэтага таварыства працуюць стабільна і з месяца ў месяц нарошчваюць вытворчасць малака. Такім чынам, у работнікаў з’явілася рэальная магчымасць ужо па выніках жніўня ўвайсці ў пяцёрку лепшых у рэйтынгавай табліцы. Паступова прырастае паказчык па надоях малака ў ААТ «Вялікі Двор», дзе за ліпень атрымана ад кожнай каровы 713 кілаграмаў. У ТАА «СЖК «Налібакі» за мінулы месяц надоена 749 кілаграмаў малака на карову. Павялічваюцца надоі ў ААТ «Шашкі». У мясных справах відавочны плён працы вішняўчан і агранёманцаў.

 

ПЛЮСУЮЦЬ ПА НАДОЯХ І ПАРАДАК ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ

На МТФ «Казейкі» ААТ «Агранёманскі» з пачатку года атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы 3832 кілаграмы малака, плюс да мінулагодняга паказчыка 585 кілаграмаў. Прыбаўка даволі добрая. Валавы надой склаў 789 тон, што на 154 тоны вышэй мінулагодняга. Павялічылася рэалізацыя прадукцыі. Таварнасць малака складае 91 працэнт, тлустасць – 3,84 працэнта. Вынікі дасягнуты шчырай і стараннай працай зладжанага калектыву жывёлаводаў, які налічвае дванаццаць чалавек.

– Работай сваіх падначаленых задаволена, – гаворыць брыгадзір фермы Тамара Рабянок. – Спачатку было нялёгка згуртаваць людзей і нацэліць на плённую працу, але паступова ўсе зразумелі, што для таго каб атрымліваць высокі паказчык, трэба добра парупіцца.

Плюс па надоях дасягнуты за кошт належнай арганізацыі працы і паўнацэннага кармлення кароў. Дойны статак, які налічвае 206 кароў, з вясны і па сёння пасвіцца на пашы кругласутачна. Гэтая ферма адзіная ў гаспадарцы, якая працягвае працаваць у такім рэжыме. Тамара Пятроўна прыкладае нямала намаганняў для таго, каб надоі павялічваліся. Яна сама выязджае на кані на пашу, каб выбраць лепшыя ўчасткі і адначасова пракантраляваць работу даглядчыкаў-пастухоў.

Тамара Рабянок не мае спецыяльнай адукацыі, але згадзілася ўзначаліць калектыў і вывела яго ў перадавыя. Калі летась па надоях малака ферма займала пятае месца ў гаспадарцы сярод шасці аднатыпных падраздзяленняў, то сёлета выйшла на другое.

Акрамя дойнага статка на ферме ўтрымліваюцца цяляты, для якіх сёлета зроблены індывідуальныя клеткі. За сем месяцаў атрымана 158 цялят, што на 26 больш адпаведнага перыяду летась. Іх гадуюць да трохмесячнага ўзросту і затым перадаюць на іншыя фермы.

– Галоўнае, што жывёлаводы ўсвядомілі: толькі агульнымі намаганнямі можна дабіцца намечанага. Слухаюцца, таму і вынікі нашы відавочныя. А яшчэ калектыў падтрымлівае мяне ва ўсіх пачынаннях, – працягвае размову брыгадзір. – Мы не толькі плюсуем па надоях малака, а і пастаянна наводзім парадак у жывёлагадоўчых памяшканнях. Добраўпарадкуем тэрыторыю вакол фермы, косім траву. На клумбе, якую даглядаюць нашы жанчыны, цвітуць прыгожыя кветкі. Будзем і надалей прыкладаць старанне, каб павялічыць паказчыкі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *