Рэгіянальны сход дэпутатаў

Нумары Улада. Слова. Справа

Адбыўся рэгіянальны сход дэпутатаў з павесткай дня «Аб рабоце мясцовых Саветаў дваццаць сёмага склікання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва».

З інфармацыяй аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Стаўбцоўскага раёна за першае паўгоддзе 2017 года выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Горлаў. Член Савета Рэспублікі М. В. Радаман і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. М. Анісім расказалі аб рабоце ў парламенце, а таксама аб дэпутацкай дзейнасці ў акрузе.

Даклад аб рабоце мясцовых Саветаў зрабіў старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў А. Р. Казякоўскі. Вопытам работы падзяліліся М. А. Таяноўская – дэпутат сельскага Савета па Старасвержанскай выбарчай акрузе № 2, В. А. Барэйка – дэпутат раённага Савета па Наваколасаўскай выбарчай акрузе № 10, Ч. В. Душкевіч – стараста в. Мархачоўшчына Вішнявецкага сельсавета.

Прынята рэзалюцыя рэгіянальнага сходу дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Стаўбцоўскага раёна дваццаць сёмага склікання.

ПА ПЫТАННЯХ ЖЫЦЦЕЗАБЕСПЯЧЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА

Пад паўсядзённай дзейнасцю мясцовых Саветаў дэпутатаў маецца на ўвазе вырашэнне шырокага спектра пытанняў палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага характару сумесна з органамі выканаўчай улады. Пры вялікай разнастайнасці накірункаў сумарны вектар накіраваны на дасягненне галоўнай мэты мясцовага самакіравання – павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва.

Сістэма органаў мясцовага самакіравання раёна ўключае раённы Савет дэпутатаў, 11 сельскіх Саветаў і органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. У ходзе выбарчай кампаніі выбраны 25 дэпутатаў раённага Савета і 121 дэпутат сельскіх Саветаў дэпутатаў. Органы тэрытарыяльнага самакіравання прадстаўляюць 139 старастаў.

За час работы дэпутатаў 27-га склікання праведзена 36 сесій раённага Савета, на якіх разгледжаны і прыняты 152 пытанні па найважнейшых стратэгічных напрамках развіцця нашага раёна. У тым ліку па бюджэце – 41 рашэнне, па рэгіянальных праграмах – 19, па распараджэнні прыроднымі рэсурсамі – 16, па кіраванні і распараджэнні ўласнасцю – 14, па адміністрацыйна-тэрытарыяльным устройстве – 10.

Дэпутатамі раённага Савета зацверджаны рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў для забеспячэння рэалізацыі ў 2016-2020 гадах падпраграм Дзяржаўных праграм: «Культура Беларусі», «Адукацыя і маладзёжная палітыка», «Беларусь гасцінная», «Развіццё фізічнай культуры і спорту», «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў», «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», «Будаўніцтва жылля», «Здароўе народа», «Развіццё транспартнага комплексу», «Развіццё аграрнага бізнесу», «Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці».

Менавіта дэпутаты мясцовых Саветаў фарміруюць бюджэт і зацвярджаюць яго даходную і расходную часткі. За студзень–чэрвень 2017 года ў даход бюджэту Стаўбцоўскага раёна паступіла 29684,9 тыс. руб.

Асноўнымі падаткаплацельшчыкамі з’яўляюцца ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», філіял ААТ «ККХ ММЗ» у г. Стоўбцы, РУП «Стаўбцоўскае АКС», ДЛГУ «Стаўбцоўскі лясгас», райспажыўтаварыства, ДУП «ПМК-233».

Сельскія Саветы раёна не толькі каардынуюць работу на месцах з прадпрыемствамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі сельсаветаў, але і самастойна зарабляюць грошы.

Так, у мінулым годзе прададзена 14 участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці – 7. За мінулы год выдзелена 109 зямельных участкаў без правядзення аўкцыёну, у тым ліку тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў – 50. Сёлета па стане на 01.08.2017 выдзелена 45 участкаў. Усе сродкі, атрыманыя ад правядзення аўкцыёнаў і ад продажу участкаў у прыватную ўласнасць, паступаюць у бюджэт сельвыканкамаў ці раённы бюджэт і накіроўваюцца на развіццё інфраструктуры горада і раёна.

У раёне функцыянуе дастаткова разгалінаваная сістэма работы з насельніцтвам. Сярод яе формаў – сходы грамадзян, выязныя прыёмы, сустрэчы ў працоўных калектывах, правядзенне прамых тэлефонных ліній. Традыцыйнымі сталі дні інфармавання, калі ў працоўныя калектывы, населеныя пункты выязджаюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы, членамі якіх з’яўляюцца і дэпутаты мясцовых Саветаў.

Так, за першае паўгоддзе 2017 года ў раёне праведзена 120 сходаў грамадзян, падчас якіх паступіла 129 зваротаў. З іх 62% складаюць пытанні жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі. З іх 113 пытанняў вырашаны на месцы, 16 – знаходзяцца ў раённым і сельскіх выканаўчых камітэтах. Па-ранейшаму застаюцца праблемнымі пытанні, якія патрабуюць вялікіх фінансавых затрат.

Дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў у ліпені–жніўні гэтага года правялі сустрэчы з насельніцтвам у выбарчых акругах. Аналіз 78 зваротаў, якія паступілі, паказвае, што яны ў асноўным датычылі наступных службаў і арганізацый раёна: РУП «Стаўбцоўскае АКС» – 24 звароты, сельвыканкамы – 20, ДРБУ-135 – 11, сельскагаспадарчыя арганізацыі – 8. Усе пытанні, якія паступілі, дэталёва прааналізаваны, многія вырашаны, іншыя знаходзяцца на кантролі ў раённым і сельскіх Саветах дэпутатаў.

Сістэмнасць у рабоце, пастаяннае інфармаванне жыхароў па пытаннях жыццядзейнасці раёна, асабістыя сустрэчы і гутаркі дэпутатаў з людзьмі на вытворчасці і па месцы жыхарства, улік іх заўваг, своечасовае вырашэнне праблем станоўча ўплываюць на настрой жыхароў, іх адносіны да працы, грамадскіх і сямейных абавязацельстваў, падымаюць аўтарытэт улады і ўзровень даверу да яе.

Вялікае значэнне ў раённым і сельскіх выканаўчых камітэтах надаецца кантролю за захаваннем і падтрыманнем забяспечанасці нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў.

Што датычыць гандлёвага абслугоўвання насельніцтва – сацыяльны стандарт выконваецца поўнасцю. На тэрыторыі раёна працуюць 226 магазінаў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці – 98. Сельскае насельніцтва тры разы на тыдзень абслугоўваюць 9 аўтамагазінаў райспажыўтаварыства.

Задача заключаецца ў паляпшэнні якасці выканання сацыяльных стандартаў. Гэта і рамонт вуліц, і замена сістэмы вулічнага асвятлення, і паляпшэнне якасці пітной вады шляхам замены водаправодаў, і пры неабходнасці перадача сетак водазабеспячэння ці водаадвядзення на баланс спецыялізаваных арганізацый, і інш.

Важным напрамкам у рабоце сельскіх Саветаў з’яўляецца выкананне прынятых заканадаўчых актаў, накіраваных на развіццё сяла. Па стане на 01.01.2017 у раёне налічваецца 10 669 уласных падсобных гаспадарак грамадзян. У калектыўных дагаворах сельскагаспадарчых арганізацый ёсць пытанні выдзялення ім грубых кармоў і збожжафуражу, аказання ветэрынарных паслуг, апрацоўкі прысядзібных участкаў, вырошчвання збожжавых культур і бульбы ў палях севазвароту сельскагаспадарчых арганізацый.

Ужо не адзін год ідзе тэндэнцыя на зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы ва ўласных гаспадарках. Тым не менш за студзень–ліпень 2017 года ў насельніцтва закуплена 182,9 тоны малака. Актыўна вядзецца закуп малака ў Мікалаеўшчынскім, Старасвержанскім, Дзераўнянскім сельсаветах.

У раёне актыўна развіваюцца 30 фермерскіх гаспадарак. Найбольш паспяховая СФГ «Сула», якая 9 разоў была ўдастоена ўзнагароды лаўрэата конкурсу «Лепшая фермерская гаспадарка».

Работа па навядзенні парадку на зямлі ажыццяўляецца адпаведна з раённым планам мерапрыемстваў, зацверджаным рашэннем райвыканкама. Планы мерапрыемстваў па навядзенні парадку ёсць у кожным сельвыканкаме.

Ва ўсіх 202 населеных пунктах раёна арганізаваны планава-рэгулярны вываз цвёрдых камунальных адходаў. У 114 населеных пунктах наладжана кантэйнерная сістэма збору адходаў, устаноўлена 1448 кантэйнераў. На 2017 год запланавана закупіць яшчэ 360 кантэйнераў для ўстаноўкі ў 40 населеных пунктах.

У раёне працягваецца работа па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых старых дамоў сельскай мясцовасці». Паводле інфармацыі сельвыканкамаў на сяле налічваецца 120 такіх дамоў. Райвыканкамам зацвярджаюцца рэгістры пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці, якія змяшчаюцца ў раённай газеце «Прамень». Для таго каб знесці пустуючы дом, неабходна правесці вялікую падрыхтоўчую работу па пошуку спадчыннікаў. Пасля зносу будынкаў участкі выкарыстоўваюцца пад новую забудову ці ўключаюцца ў севазварот. Вялікую дапамогу ў гэтай рабоце сельвыканкама аказваюць сельскагаспадарчыя арганізацыі.

Важная роля дэпутатаў у справе падтрымання парадку на месцах пахаванняў. У бягучым годзе праведзены 134 суботнікі па добраўпарадкаванні могільнікаў. Пафарбаваны агароджы на 18 могільніках, гэтая работа будзе працягваццца, як і замена агароджы на месцах раду пахаванняў, устаноўка кантэйнерных пляцовак для збору смецця.

Старшыні сельвыканкамаў сумесна з зацікаўленымі службамі і ўстановамі пры ўдзеле ўчастковых інспектараў праводзяць пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў, на якіх ажыццяўляюцца меры агульнай і індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў. За першае паўгоддзе 2017 года праведзена 77 пасяджэнняў СГПАП, на якіх разгледжаны паводзіны 597 чалавек, у ліку якіх 257 асоб, што злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Па выніках праведзеных гутарак, перакананняў 37 чалавек прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці.

За першае паўгоддзе 2017 года членамі аглядавых камісій сельвыканкамаў праведзена пажарна-прафілактычная работа ў 1306 домаўладаннях розных катэгорый грамадзян. Праінструктавана больш за дзве тысячы чалавек, уручаны наглядная прадукцыя і інструкцыі-рэкамендацыі. Актыўны ўдзел і дапамогу тэрытарыяльнаму цэнтру аказваюць сельскія выканаўчыя камітэты, старасты вёсак па пытаннях пажарнай бяспекі: рамонце пячнога ацяплення, замене электраправодкі ў домаўладаннях адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў, а таксама па пытаннях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Вялікую работу ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, добраўпарадкавання аказваюць старасты вёсак. Гэта, як правіла, ініцыятыўныя, аўтарытэтныя людзі, добрыя арганізатары, якія маюць рэальнае права і магчымасці ўстанавіць у сваім населеным пункце парадак і згоду.

У раёне наладжана сістэма стабільных і эфектыўных узаемаадносін органаў мясцовага кіравання, зладжаная работа ўсіх галін улады і працоўных калектываў дазваляе выконваць задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *