На «вераб’іны крок»

Нумары Спорт

Чарговую сустрэчу чэмпіянату Беларусі ў першай лізе футбалісты «Нёман-Агра» праводзілі ў Смаргоні. Супрацьстаялі ім «сябры па няшчасці» – смаргонцы, якія месціліся на перадапошнім месцы ў турнірнай табліцы, стаўбчане – на апошнім.

Каманды ў надзеі на паляпшэнне гульні абнавілі саставы. Прыхільнікам нашай футбольнай дружыны незнаёмыя пакуль Пікуль, Кленье, Ладуцька. А на вастрыі атак ФК «Смаргонь» быў Рудзянок, які, як мы паведамлялі, перайшоў у гэты калектыў.

Гульня была даволі роўнай. Апаненты найперш хваляваліся за ахову сваіх варот. Першымі адкрылі лік стаўбчане – дакладны ўдар на 50-й хвіліне ўдаўся Булынёнку. Але не паспела мінутная стрэлка гадзінніка зрабіць адзін абарот, як нападаючы смаргонцаў Таўканіца робіць лік нічыйным. 1:1 – такім стаў і канчатковы вынік сустрэчы.

Такім чынам, нічога для абодвух сапернікаў не змянілася. Дабавіўшы па ачку, яны засталіся на ранейшай пазіцыі. У ФК «Смаргонь» цяпер 15 ачкоў, у «Нёман-Агра» – 13. Вышэй іх ФК «Асіповічы» з 16-цю ачкамі і ФК «Ліда» з 19-цю.

Менавіта ў Ліду выехалі сёння стаўбчане на паядынак дзевятнаццатага тура першынства рэспублікі ў першай лізе.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *