Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 10 шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі сем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Багдан Канапацкі, Канстанцін Пазняк, Мацвей Кухарчык, Арцём Дарашчук, Ульяна Шчарбацэвіч, Міраслава Турко і Ганна Садоўнічая.

Зямны шлях закончыўся для дзевяці жыхароў раёна.

У пажарнай часці не зарэгістравана здарэнняў.

Міліцыяй зарэгістравана 181 паведамленне аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана пяць крымінальных спраў (усе – крадзяжы), у дзвюх з іх устаноўлены падазроныя. Зладзеі пабывалі ў гаражах па завулку Якуба Коласа і вуліцы Вечаркевіча ў Стоўбцах, адкуль зніклі электраінструменты. На лесвічнай пляцоўцы дома па вуліцы Цэнтральнай горада непаўналетняя паквапілася на два мабільныя тэлефоны агульным коштам не менш за 1000 рублёў.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара Мінска, ураджэнца Сверынава, які без дазвольных дакументаў высек дрэвы ва ўгоддзях Акінчыцкага лясніцтва. Нанесена шкода навакольнаму асяроддзю ў памеры амаль 1000 рублёў. Парушальніку пагражае штраф да 50 базавых велічынь.

Пракуратурай раёна ў ходзе праверкі выяўлены парушэнні патрабаванняў да ўмоў захоўвання і захаванасці тэхнікі, у выніку чаго ўнесены прадстаўленні кіраўнікам СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ААТ «Шашкі», ААТ «Дзераўное», ААТ «Каганец» і ААТ «Рочавічы».

Суд абмежаваў у волі на два гады 39-гадовага жыхара Ператокаў за ўхіленне ад выплаты аліментаў на ўтрыманне дзяцей, аштрафаваў на 60 базавых велічынь 21-гадовага стаўбчаніна за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву.  

ДАІ выявіла 219 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 32 недысцыплінаваныя пешаходы, 12 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і пяць п’яных вадзіцеляў (адзін з іх, механізатар ААТ «Рубяжэвічы», рухаўся на трактары МТЗ-82 па вуліцы ў Вялікіх Навіках з відавочнымі прыкметамі алкагольнага ап’янення і адмовіўся ад праходжання агляду). Зафіксаваны два ДТЗ, у іх ніхто не пацярпеў.  

«Хуткая» атрымала 217 выклікаў, у іх ліку дзевяць – да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *