З увагай да чалавека

Нумары Соцыум

2608m

АБАВЯЗКІ ПРАФЕСІЙНЫЯ І ДЭПУТАЦКІЯ

Бываючы на святах вёсак, якія шырока праводзяцца ў нашым раёне, нам неаднаразова даводзілася чуць удзячныя словы ў адрас мясцовых лясніцтваў, якія хутка адклікаюцца на просьбу і прыходзяць на дапамогу мясцовым уладам.

Гэта пацвярджае і старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева. Старынскае лясніцтва мае высокую рэпутацыю сярод мясцовага насельніцтва. Аўтарытэтны сярод вяскоўцаў і ляснічы Алег Лукша. Настолькі, што мясцовыя людзі даверылі яму прадстаўляць свае інтарэсы ў сельскім Савеце, выбраўшы яго дэпутатам.

Святлана Расціславаўна гаворыць, што без тэхнікі і спецыялістаў лясніцтва было б немагчыма справіцца з доглядам мясцовых могілак. На гэтых векавых святых месцах пастаянна патрэбна зразаць кустоўе, а часам – і спілоўваць небяспечныя дрэвы, выдаляць іншую непатрэбную расліннасць, якая не прыносіць карысці, а наадварот – стварае праблемы. Заўсёды падчас такіх адказных работ прыходзяць на дапамогу працаўнікі лясніцтва з патрэбнай тэхнікай.

Нельга недаацэньваць іх уклад у добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Асабліва актывізуецца гэтая работа падчас падрыхтоўкі свят вёсак. Старынскае лясніцтва аказала вялікую дапамогу ў арганізацыі такіх урачыстасцяў у Вялікай Гуменаўшчыне, Дудках, Дружнай, Падгорнай.

Летнімі днямі неабходна абкошваць вялікія тэрыторыі. Сельвыканкам зноў жа разлічвае на дапамогу лясніцтва і атрымлівае яе. Напрыклад, мясцовае возера абкошваецца стараннямі працаўнікоў лясной гаспадаркі.

Лясніцтва праводзіць вялікую выхаваўчую работу сярод моладзі. Школьнае лясніцтва Шашкоўскай СШ – у ліку самых лепшых не толькі ў нашым раёне. Яно заяўляла аб сабе ў рэспубліцы як пераможца экалагічных конкурсаў.

І тут вялікая роля кіраўніка Алега Лукшы, які ў калектыве задае тон для выканання грамадскіх спраў. Як дэпутат ён нераўнадушны да ўсяго, чым напоўнена жыццё вёскі. Алег Лукша ўведзены ў склад савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры сельвыканкаме, мае нямала іншых грамадскіх абавязкаў.

Такое служэнне людзям, актыўная жыццёвая пазіцыя заўсёды ўпрыгожваюць кожнага чалавека.

 

ЁСЦЬ ЗВАРОТ – ПРАЯВІ ЎВАГУ

Важнаму пытанню была нададзена ўвага на адным з апошніх пасяджэнняў раённага аб’яднання прафсаюзаў – рабоце са зваротамі грамадзян у прафсаюзных арганізацыях.

Старшыня аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў выступіў з аналізам работы са зваротамі грамадзян з пачатку бягучага года. Было адзначана, што работа гэтая – адзін з важных накірункаў дзейнасці прафсаюзаў для эфектыўнага вырашэння працоўных і сацыяльна-эканамічных праблем працоўных.

Укаранілася добрая практыка штомесячна, у першую і трэцюю серады месяца, праводзіць прыём грамадзян старшынёю раённага аб’яднання прафсаюзаў. Таксама праводзяцца прыёмы грамадзян прававымі інспектарамі прававой інспекцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У першым паўгоддзі іх было праведзена пяць – у раённым аб’яднанні прафсаюзаў, фізкультурна-аздараўленчым комплексе, ПМК-233, філіяле КУП «Мінскаблдарбуд» ДРБУ-135, стаўбцоўскіх электрычных сетках.

За першае паўгоддзе ў раённае аб’яднанне прафсаюзаў паступіла дзевяць зваротаў. Аналіз іх, а таксама вывучэнне вынікаў прыёмаў грамадзян даюць падставы зрабіць вывад, што пераважаюць прававыя пытанні: спыненне і працягненне працоўных кантрактаў, работа ў выхадныя і святочныя дні, арганізацыя працы на вытворчасці, унясенне змяненняў у калектыўныя дагаворы, санаторна-курортнае лячэнне. Хвалюючымі для членаў працоўных калектываў з’яўляюцца пытанні прадастаўлення дадатковых гарантый па калектыўных дагаворах.

На пасяджэнні аб’яднання прафсаюзаў было прынята рашэнне і ў будучым прымаць неабходныя меры па далейшым забеспячэнні поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду зваротаў, ажыццяўляць кантроль за захаваннем парадку іх разгляду. Перад старшынямі пярвічных прафсаюзных арганізацый пастаўлена задача аператыўна размяшчаць і абнаўляць інфармацыю на стэндах аб змяненнях у заканадаўстве, якія закранаюць правы, абавязкі і законныя інтарэсы грамадзян.

 

АБ ДОБРЫХ ЛЮДЗЯХ

Ядвігу Клянцэвіч, жыхарку вёскі Пагарэлае, прывяла ў рэдакцыю патрэба расказаць, з якімі незвычайнымі людзьмі звёў яе ў жыцці Гасподзь. На Стаўбцоўшчыну з Гродзенскай вобласці яны з мужам пераехалі два гады назад. У іх ужо быў багаты багаж пражытых гадоў, пенсійныя кніжкі, шаноўны ўзрост. Рашэнне з пераездам было прынята на сямейным савеце: каб быць бліжэй да дзяцей, якія жывуць у Мінску, бо ў Стаўбцоўшчыны са сталіцай выдатнае транспартнае злучэнне.

Кажуць, што суседзяў не выбіраюць. І якое шчасце, калі яны добрыя, бо з імі ж трэба жыць побач усё жыццё! Менавіта яны заўсёды ў патрэбную мінуту аказваюцца бліжэй за родных людзей. Так здарылася і ў жыцці Клянцэвічаў. Ядвіга Станіславаўна расказвае, што ім з мужам прыйшлося адначасова моцна захварэць і знаходзіцца на лячэнні ў стацыянарным аддзяленні сталічных клінік. Для іх гэта было цяжкім перажываннем, таму што ў гаспадарцы мелі карову, курэй, сабаку, ката. На каго іх пакінуць? Дзеці ж не могуць кінуць работу і прыехаць на гаспадарку. Клопат на сябе ўзялі суседзі – Валянціна Семянкевіч, Софія Мамонька, Яніна Халоп, Анатоль Чэрцін. Яны больш за месяц даглядалі жывёлу, падтрымлівалі парадак на падворку, клапаціліся пра дом. Для іх з мужам такія адносіны чужых людзей былі расцэнены як вышыня хрысціянскіх дабрадзейнасцяў. Ядвіга Станіславаўна гаворыць, што яна за сваё жыццё шмат чаго пабачыла, але такой дабрыні, такой чуласці, як у людзей на Стаўбцоўшчыне, ніколі на сваім жыццёвым шляху не сустрэла.

І вось цяпер, калі здарылася бяда, пайшоў з жыцця муж, гэтыя ж суседзі зноў яе ні на мінуту не пакінулі, падтрымалі, як маглі: сваімі сэрцамі, сваімі клопатамі, дапамогай ва ўсіх справах. Ядвіга Станіславаўна і цяпер адчувае іх спагаду. Кажа, што не адзін раз на дзень зойдуць, пацікавяцца, як яна сябе адчувае, якая дапамога ёй патрэбна. Для яе гэта як бальзам на сэрца ў цяжкія мінуты жалобы.

А нам прыемна пачуць не толькі аб гэтых простых вясковых людзях, прыгожых уменнем паслужыць бліжняму, але і ацаніць удзячнае сэрца Ядвігі Клянцэвіч. Яна з такой любоўю гаварыла пра сваіх суседзяў, што нават не стрымлівала слёз. Мы даведаліся, што Ядвіга Станіславаўна па прафесіі ветэрынарны ўрач і ўсё жыццё працавала па спецыяльнасці ў Ваўкавыскім раёне. Прыклад стараннасці, працавітасці, уменняў яна паказвае і на новым месцы жыхарства. У сваёй гаспадарцы па-ранейшаму трымае карову, выдатна спраўляецца і з іншымі клопатамі ў прыватным доме. І паказвае прыклад такога неабходнага дару – умення жыць з людзьмі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПЫТАННІ АГУЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ

У раённым выканаўчым камітэце працягваецца практыка правядзення па суботах прамых тэлефонных ліній, падчас якіх узнімаюцца праблемы раёна.

У мінулую суботу на сувязі з жыхарамі Стаўбцоўшчыны быў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака.  

На прамую лінію паступіла дзесяць пытанняў, двое грамадзян звярнуліся на прыём асабіста.

– На гэты раз зваротаў было значна менш, чым звычайна, – пракаменціраваў Аляксандр Цывака. – Кожны з іх аператыўна разгледжаны, пры неабходнасці на месца выязджалі спецыялісты і кампетэнтныя службы.

Стаўбчан з вуліцы Урыцкага, а таксама жыхароў вёсак Ініца і Трылес турбуе стан праезджай часткі, які чакае ямачнага рамонту. Жыхары Старога Свержаня чарговы раз сігналізавалі пра сезонны дэфіцыт вады, звязаны са слабым напорам у сістэме водазабеспячэння. Як вядома, у гэтым аграгарадку намечаны капрамонт артсвідравіны, ужо выраблены праект на правядзенне работ. Жыхары завулка Палявога ў Стоўбцах звярталі ўвагу на тое, што неабходна спілаваць старую грушу.

Добраўпарадкаванне Стоўбцаў і сельскіх населеных пунктаў не можа не турбаваць як грамадзян, так і органы мясцовай улады.

– Гэта пытанне нашай агульнай культуры, менталітэту, – падкрэслівае Аляксандр Цывака, – і яго можна вырашыць толькі разам, сумесным удзелам. Згадзіцеся, што прыгожы дагледжаны горад – той, які «ўсміхаецца» кветкамі. Прыемна назіраць, як суседзі, гледзячы адзін на аднаго, садзяць іх на вуліцы каля сваіх дамоў, потым старанна даглядаюць пасадкі.

Заўважана, што калі людзі штосьці робяць сваімі рукамі (а не, напрыклад, камунальная служба для іх), то і адносіны да зробленага зусім іншыя. Свой кветнічак хочацца і палоць, і паліваць, каб ён даўжэй цвіў і радаваў вока.

Дык давайце смялей укараняць у сабе гэты светапогляд, гэты падыход, часцей задавацца пытаннем: «Што я зрабіў для таго, каб мой горад выглядаў лепш?» І тады, напэўна, узнікнуць розныя ідэі і прапановы, якія захочацца рэалізаваць. Захочацца дзейнічаць. Тым больш, мы бачым, як у Стоўбцах вядуцца работы па добраўпарадкаванні вуліцы Цэнтральнай, парку «Дружба народаў» і т. п.

Для агульнай справы можна, напрыклад, падзяліцца з аб’яднаннем камунальных службаў пасадачным матэрыялам шматгадовых кветак, дэкаратыўных насаджэнняў (кантактныя тэлефоны – 7-82-55, 8-029-573-92-56).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *