Перад вераснем

Адукацыя Нумары

2608z

ЯК ЗАВАЯВАЦЬ ПРЫЗНАННЕ

Ірына Клачко ўзначальвае калектыў Вішнявецкай сярэдняй школы. Гэтая навучальная ўстанова апошнім часам звярнула на сябе ўвагу тым, што цалкам пераўтварылася – набыла вельмі прыгожы сучасны выгляд.

Як расказвае Ірына Яўгенаўна, у перыяд з 2014 года па 2016 год быў асвоены вялікі аб’ём фінансавых сродкаў гаспадарчым спосабам. У выніку праведзены ўвесь неабходны рамонт, каб школа стала абноўленай сучаснымі матэрыяламі і ў сучасным стылі. У класных пакоях устаноўлены новыя камплекты мэблі.

Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года сёлета ўвага была скіравана на прышкольную тэрыторыю. Асвоена больш за 27 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў па пракладцы тратуарнай пліткі. Вялікую дапамогу ў гэтай справе аказала мясцовае ААТ «Вішнявецкі-агра».

–             Наша бязмерная ўдзячнасць кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі, – скарыстоўвае магчымасць падзякаваць Ірына Клачко. – На працягу ўсяго навучальнага года мы адчуваем павагу да навучальнай установы, рэальную дапамогу. Заўсёды мы разлічваем і на дапамогу бацькоў і ўдзячныя за іх увагу да школы.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі праекта «Мая школа – мой дом». Пастаянна надаецца ўвага дызайну тэрыторыі, зялёным насаджэнням. Іх купляем у гадавальніках, ахвяруюць члены калектыву. Усе працаўнікі навучальнай установы лічаць за радасць унесці свой уклад у абагачэнне клумбаў, зялёнай зоны, асвяжэнне вазонамі кабінетаў. Дарэчы, усе школьныя кабінеты выкананы ў арыгінальным стылі, кожны – у сваёй колеравай гаме. Гэта прыемна ўражвае.

Высокая рэпутацыя школы заваявана не толькі рупнасцю ва ўмацаванні матэрыяльнай базы, але і ажыццяўленнем новых педагагічных праектаў, паспяховасцю вучняў, іх актыўнасцю ў конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Напрыклад, па выніках мінулага навучальнага года вучнямі Вішнявецкай школы заваявана 26 дыпломаў на раённых алімпіядах і конкурсах, адзін – на абласным і тры – на рэспубліканскіх. Вялікі ўклад у гэтых выніках лепшых вучняў школы – Дзіяны Ясенка, Паліны Грышан, Максіма Сасноўскага, Максіма Паклёўкі, Аліны Аўлохавай, Ксеніі Супрун і іншых.

Вішнявецкая сярэдняя школа адметная ўнікальнымі праектамі. Напрыклад, дзейнасцю інфармацыйна-творчага цэнтра «Лістапад NEWS», які аб’ядноўвае вучнёўскую газету «Лістапад», настаўніцкі інфармацыйна-метадычны часопіс «Новый взгляд» і школьнае тэлебачанне «Лістапад ТВ». Праект атрымаў прызнанне. Прычым настолькі, што мясцовая гаспадарка для ажыццяўлення ідэі падарыла тэлевізар, а рэспубліканская «Настаўніцкая газета» – сучасную відэакамеру. Пачаўся ж гэты праект шмат гадоў назад з гуртка «Юны карэспандэнт», які вёў настаўнік англійскай мовы Вячаслаў Саракавік. Ён і цяпер разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Таццянай Белановіч з’яўляюцца каардынатарамі інфармацыйнага праекта.

Інавацыйная дзейнасць педагагічнага калектыву навучальанй установы і ў іншых накірунках заслугоўвае асобнага артыкула.

У новым навучальным годзе за парты сядуць 107 вучняў. Калектыў гасцінна сустрэў маладых спецыялістаў – настаўніцу матэматыкі і інфарматыкі Марыю Віцько і настаўніцу англійскай мовы Анжаліку Сабалеўскую. Педагогаў радуе, што колькасць вучняў у сельскай школе не змяншаецца. Гэта стымул прыкладваць свае ініцыятывы, творчы пошук, прафесіяналізм для паспяховага ажыццяўлення вучэбна-выхаваўчага працэсу ў патрабаваннях часу.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ШЛЯХ ДА ПЕДАГАГІЧНАЙ ПРАФЕСІІ

На працягу апошніх двух гадоў у ДУА «СШ № 2 г. Стоўбцы» працуюць профільныя педагагічныя класы. У 2016–2017 навучальным годзе функцыянавалі два такія класы: X «А» клас з павышаным узроўнем вывучэння рускай і замежнай моў, XI «А» – з павышаным узроўнем вывучэння беларускай, рускай і замежнай моў. Профільным навучаннем былі ахоплены 43 вучні, што складае 46 працэнтаў ад агульнай колькасці старшакласнікаў.

З навучэнцамі па профільных прадметах працуюць вопытныя, улюбёныя ў сваю прафесію настаўнікі рускай мовы і літаратуры Таццяна Гаўрыленка і Жанна Ганчар, беларускай мовы і літаратуры – дырэктар школы Аксана Лось, настаўнікі замежнай мовы Святлана –Мазанік, Тамара Янкоўская, Святлана Белая, Анастасія Зубкевіч і Тамара Марзан. Усе настаўнікі профільных класаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі, на ўласным прыкладзе дэманструюць, што ў педагогіцы ёсць месца паспяховым і ўпэўненым у сабе людзям.

Навучэнцы педагагічных класаў наведваюць факультатыўныя заняткі і па іншых вучэбных прадметах, праяўляюць інтэлектуальныя здольнасці, творчасць, удзельнічаючы ў розных конкурсах, алімпіядах, турнірах. Гэтыя вучні з’яўляюцца таксама актыўнымі ўдзельнікамі выхаваўчых мерапрыемстваў, школьных і раённых акцый, валанцёрскага руху. Педагогі і вучні школы цесна супрацоўнічаюць з Беларускім дзяржаўным універсітэтам імя М. Танка.

Асаблівасцю профільных педагагічных класаў з’яўляецца тое, што акрамя вывучэння на павышаным узроўні профільных прадметаў усімі навучэнцамі асвойваецца вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Яны арганізаваны ў шосты школьны дзень, вядзе іх педагог-псіхолаг Вольга Варачкіна. На гэтых занятках вучні даведваюцца, што такое педагогіка, у чым спецыфіка прафесіі педагога і т. п. Вучні профільных класаў праходзяць педагагічныя пробы, дапамагаюць настаўнікам школы ў вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці.

Два гады працы класаў з павышаным узроўнем вывучэння прадметаў пацвердзілі, наколькі важна, вынікова і мэтазгодна ствараць у школах такія класы. Усе выпускнікі першага педагагічнага класа сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы паспяхова здалі экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванне, атрымалі пяць вынікаў ЦТ 90 балаў і вышэй (Жылінская Ганна – па беларускай мове і матэматыцы, Жылінская Антаніна – па беларускай мове, Ключнік Ангеліна – па рускай мове, Павел Лось – па фізіцы). Дваццаць шэсць з дваццаці сямі выпускнікоў XI «А» педагагічнага класа ў 2017–2018 навучальным годзе працягнуць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны. Дзесяць выпускнікоў у гэтым годзе паступілі на педагагічныя спецыяльнасці вышэйшых навучальных устаноў, з іх сем – выпускнікі профільнага класа педагагічнай накіраванасці.

Мы працягваем праводзіць мэтанакіраваную работу па прафарыентацыі на педагагічную прафесію. Даўно вядома: якія настаўнікі – такая і школа. Таму наша праца ў профільных класах накіравана на тое, каб закласці добры падмурак для падрыхтоўкі будучага педагога. Матывацыя да прафесіі – гэта самае важнае.

Ірына ГАРЭЛІК,намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 2

 

ЛІЧБЫ –НА ДОШЦЫ

У новым навучальным годзе ў 21-й навучальнай установе сярэдняй адукацыі раёна будуць навучацца 4503 вучні, што на 36 больш у параўнанні з мінулым годам.

20 устаноў дадатковай адукацыі прымуць у новым навучальным годзе 1676 выхаванцаў.

Адукацыйны працэс будуць ажыццяўляць больш за 900 педагагічных работнікаў.

Усе ўстановы адукацыі раёна правялі належную падрыхтоўку да новага навучальнага года.

На гэта было патрачана больш за мільён рублёў. З іх 58 працэнтаў склалі сродкі на выкананне работ гаспадарчым спосабам з планавымі асігнаваннямі Мінаблвыканкама, 11 працэнтаў – бюджэтныя сродкі, 26 працэнтаў – пазабюджэтныя, 5 працэнтаў – шэфская і спонсарская дапамога.

За бюджэтныя сродкі выкананы работы спецыялізаванымі арганізацыямі і набыта халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне.

Максімальна выкарысталі магчымасць правядзення работ гаспадарчым спосабам у бягучым годзе Шашкоўская, Навасвержанская, Коласаўская сярэднія школы, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Радуга», дзіцячыя сады №№ 4 і 5 г. Стоўбцы, Коласаўскі дзіцячы сад і Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Рамонты гаспадарчым спосабам вяліся ў 10 школах і васьмі дашкольных установах, Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячай юнацкай спартыўнай школе, аздараўленчым лагеры «Нёман».

За чатыры апошнія гады на выкананне рамонтных работ гаспадарчым спосабам ва ўстановы адукацыі раёна накіравана 2 мільёны 151 тысяча 400 рублёў.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама імкнецца максімальна стварыць умовы вучням для паспяховай вучобы. Да разраду такіх клопатаў можна аднесці дакладную арганізацыю падвозу дзяцей на заняткі і з заняткаў.

15 школьных аўтобусаў будуць падвозіць 508 вучняў з 82 населеных пунктаў і 63 дашкольнікаў з 15 населеных пунктаў. Гэта сэканоміць час бацькоў і іх дзяцей, зменшыць расходы сем’яў і ўмацуе здароўе дзяцей.

Расходы на падвоз дзяцей за 7 месяцаў бягучага года склалі 135 тысяч рублёў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *