З моцнымі каранямі

Адукацыя Нумары

2608

Якая колькасць настаўнікаў асацыіруецца ў вас са словазлучэннем «педагагічная дынастыя»? Тры, чатыры, пяць. А 29? Менавіта столькі налічылі мы ў настаўніцкай дынастыі Таміліных–Урбанаў–Строганавых, рыхтуючы замалёўку пра іх дзяцей Андрэя і Святлану Таміліных.

Пачатак сямейнай дынастыі пакладзены ў сям’і маці Андрэя Уладзіміравіча Браніславы Вікенцьеўны, у дзявоцтве Урбан. У іх сям’і, якая жыла ў Нясвіжскім раёне, было дзевяць дзяцей. Пяцёра з іх – Браніслава, Марыя, Софія, Эмілія і Станіслаў – сталі педагогамі. Жонка Станіслава таксама педагог. Дачка і сын, а таксама нявестка Софіі – настаўнікі. Браніслава Вікенцьеўна выйшла замуж за педагога – Уладзіміра Таміліна. Яны працавалі ў Любкаўшчынскай сярэдняй школе. Цяпер Браніслава Вікенцьеўна ўдава, жыве ў Любкаўшчыне, паважаная сярод калег і вяскоўцаў. Мае ўзнагароды за сваю шматгадовую педагагічную працу матэматыкам, у ліку іх знак «Выдатнік народнай асветы». Іх сын Андрэй Тамілін прадоўжыў сямейную дынастыю.

З Любкаўшчынай звязана жыццё і Святланы Тамілінай. Яе бацькі былі выкладчыкамі музыкі. Педагогамі сталі іх дзве дачкі – Святлана і Наталля. Калі сям’я Строганавых пераехала з Магілёва ў Любкаўшчыну, Святлана пайшла ў чацвёрты клас. З гэтага часу завязалася іх дружба з Андрэем Таміліным, якая ў юнацтве перарасла ў гарачае каханне. У сямейным саюзе шчаслівая пара захоўвае гэтыя чыстыя пачуцці ўжо 25 гадоў. Цяпер яны жывуць ва ўласным доме ў Драздах. Андрэй Уладзіміравіч выкладае інфарматыку ў СШ № 2 г. Стоўбцы, Святлана Анатольеўна – музычны кіраўнік у Старасвержанскіх дзіцячых яслях-садзе. Андрэй Тамілін мае вопыт выкладання фізікі, матэматыкі, працоўнага навучання, нават трактарнай справы ў школах нашага горада. Акрамя вялікага практычнага вопыту работы па сваёй асноўнай спецыяльнасці і Андрэй Уладзіміравіч, і Святлана Анатольеўна працавалі метадыстамі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Педагагічную прафесію выбралі іх дзеці. Руслан з’яўляецца студэнтам Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, рыхтуецца стаць настаўнікам фізічнай культуры. Дачка Ганна ў гэтым годзе атрымала дыплом лінгвістычнага ўніверсітэта і накіравана на працу ў наш раён – у Залужскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Так што для сям’і Таміліных першае верасня сёлета будзе надзвычай святочным.

Што датычыць гэтай вялікай дынастыі, то ў склад яе ўваходзіць разгалінаваны род, дзе пляменнікі, іх дзеці выбіраюць прафесію настаўніка. Таміліны ганарацца, што і маладыя пакаленні роду застаюцца вернымі сямейным традыцыям.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: Святлана і Андрэй Таміліны і іх дзеці Ганна і Руслан.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *