Пакуль – для свайго гледача

Культура Нумары

2608e

Сёння спектр цікавых заняткаў вялікі, але кожны выбірае тое, что прываблівае менавіта яго. Для кагосьці гэта танцы, маляванне, вышыванне, фотаздымкі. А для герояў нашага артыкула такой справай стала музыка. Яна вельмі іх прываблівае і даўно ўжо з’яўляецца часткай жыцця. Аляксандр Кляпач (Недугаў) і Мікіта Бараноўскі – удзельнікі гурта SVOI.

–             Ваша група існуе ўжо каля чатырох гадоў. Раскажыце, як усё пачыналася?

– Нам тады было па 15 гадоў. Аднойчы мы сустрэліся разам, і Мікіта яшчэ з адным нашым сябрам прапанавалі: «Давай паспрабуем штосьці пісаць… Гэта будзе весела! А раптам у нас атрымаецца». Я з задавальннем адказаў: «Давай паспрабуем». І вось мы напісалі адзін трэк, потым другі, трэці… Сапраўды, пачало атрымлівацца, і мы падумалі: «А чым мы горшыя за іншых?» Сталі рухацца далей і праз два гады вырышалі стварыць гурт SVOI. Дзе б мы не выступалі: у нашым горадзе, ці ў іншым – усюды былі сваімі. Ад гэтага слова і пайшла назва гурта.

–             Ці цяжка было рабіць першыя крокі да дасягнення мэты?

– Спачатку, вядома, было цяжкавата: знайсці якасны «мінус», напісаць добры тэкст – на ўсё гэта патрэбен час. Цяпер мы разумеем, што тэксты тады былі не самыя якасныя. Вядома, ёсць вялікая розніца паміж тым, што выходзіла раней, і што маем цяпер.

На першых этапах станаўлення нашага гурта ўплыў, як ні дзіўна гучыць, аказалі іншыя рэп-выканаўцы, якія не верылі ў нас. Такіх было шмат. Нехта смяяўся, а хтосьці гаварыў: «Малайцы! Так трымаць!» Усё гэта стала вялікай матывацыяй для руху наперад.

–             Аляксандр і Мікіта, расскажыце падрабязней пра свой стыль музыкі і стварэнне новай кампазіцыі?

– Наш стыль у асноўным – трап і лірыка. У Беларусі вельмі вялікая канкурэнцыя ў гэтым стылі, шмат хто працуе зараз у ім. Ранейшыя нашы творы ў стылі андэгранд, але гэта выйшла з моды, і мы пачалі займацца іншым.

Словы для будучых трэкаў мы пішам самі. Музыку бяром у хлопцаў, якія, таксама як і мы, ствараюць рэп. Але цяпер у нас свой аўтар, які будзе пісаць «інструменталы» толькі для нас. Пры напісанні тэкстаў мы абапіраемся на музыку. Бывае так, што адразу пішацца тэкст, а потым падбіраецца музыка. Але ў асноўным тэксты песень – гэта жыццёвыя сітуацыі кожнага з нас. У іх кожны можа знайсці і сябе. Пішам аб тым, што ёсць, чаго няма і аб чым марым. Вось так атрымліваюцца годныя трэкі. Запісваем іх часцей за ўсё ў Стоўбцах, ва Уладзіміра Кухарчыка. Ён цудоўны звукарэжысёр. Гэты чалавек назіраў за нашай творчасцю з самага пачатку.

– У ліпені прайшоў сольны канцэрт вашага гурта. Як усё атрымалася?

– Гэта ўжо трэці наш канцэрт у Стоўбцах. Першы быў у кінатэатры перад Новым годам, другі – у раённым Цэнтры культуры, дабрачынны: дапамагалі сабраць грошы на лячэнне дзяўчынкі. А трэці – наш сольны канцэрт, які, у цэлым, прайшоў добра. Слухачоў было каля 60 чалавек: і дзеці, і падлеткі, і дарослыя людзі. Усе прайшло не зусім так, як было задумана першапачаткова, але ўвогуле ўсё атрымалася. Канцэрт рыхтавалі самі. Але наш сябар, Сяргей Шарапін, аказаў вялікую дапамогу ў плане дамоўленасці. І, вядома, вялікі дзякуй дырэктару раённага Цэнтра культуры Але Анатольеўне Сушч, якая падтрымала нашу ініцыятыву і дала нам магчымасць паказаць сябе.

–             Як вы лічыце, ці цяжка простым хлопцам з раёна прайсці далей і ці ёсць у нашым горадзе ў вас канкурэнты?

– Вядома, простым хлопцам з раёна прабіцца далей цяжка. Мы ж усё робім самі: пішам, плацім грошы за запіс новых трэкаў, ды і перад любым канцэртам таксама ёсць расходы са сваёй кішэні. Няма тых, хто «ўклаўся» б у нас. Але мы падумалі і вырашалі, што гэта нам не патрэбна. Самі ўсяго даможамся! Што тычыцца канкурэнцыі ў Стоўбцах, то ёсць хлопцы, якія ствараюць тое, што і мы, але нашы стылі адрозніваюцца. Гады тры назад мы маглі б назваць іх канкурэнтамі, але зараз у Стоўбцах для нас іх няма. Як бы гэта пафасна ні гучала, але няма і тых, на каго б мы раўняліся. У нас нейкі свой стыль і свой уласны жанр. Пакуль мы не знайшлі сваю фішку, але абавязкова яе знойдзем. Нам хочацца якім-небудзь чынам і спосабам зрабіць нешта для моладзі нашага горада – горада Стоўбцы!

– Якія планы ў вас на бліжэйшую будучыню?

– Музыку мы расцэньваем як хобі, але, вядома, ёсць мара выйсці на вялікую сцэну. Мы плануем запісаць альбом і зрабіць тур па гарадах Беларусі. А пакуль будзем рыхтаваць наступны канцэрт у сваім горадзе.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *