Ураджай-2017

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай

3008c

ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ

Працоўная біяграфія Казіміра Шумчыка з ААТ «Дзераўное» налічвае трыццаць чатыры гады. І ўвесь гэты час ён рупіцца вадзіцелем. Некалькі ўборачных кампаній быў памочнікам камбайнера. Зараз у яго распараджэнні аўтамашына МАЗ, на якой перавозіць розныя грузы. У перыяд жніва «велікагруз» задзейнічаны на адвозцы збожжа ад камбайнаў. На гэтай рабоце Казімір Казіміравіч дабіваецца высокіх вынікаў. Сёлета дбайнаму работніку не хапіла зусім нямнога, каб дасягнуць запаветнага двухтысячнага паказчыка.

Казімір Шумчык мясцовы, жыве ў аграгарадку Дзераўная. Ён з патомных хлебаробаў: бацька шчыраваў механізатарам у гаспадарцы, а маці – у паляводстве. Звыклы да нялёгкай сялянскай працы, Казімір Казіміравіч не шукаў лёгкага хлеба, уладкаваўся ў гаспадарку і сёння верны свайму выбару, зробленаму аднойчы і назаўсёды.

 

УМАЛОТНАЕ «ДЗІНАРА»

З году ў год працаўнікі палёў ААТ «Вялікі Двор» атрымліваюць самую высокую ў раёне ўраджайнасць збожжавых. Асабліва парадавала хлебаробаў азімае трыцікале, якога намалацілі звыш 80 цэнтнераў з гектара. Высявалі два сарты польскай селекцыі – «грэнада» і «дзінара». Абодва зімастойкія, устойлівыя да палягання, высокаўраджайныя.

– Насенныя ўчасткі «дзінара» аддзячвалі нават 100 цэнтнерамі, – гаворыць намеснік дырэктара таварыства па раслінаводстве Генадзій Бязушка. – Азімае трыцікале займала ў севазвароце плошчу 330 гектараў, з якіх сабралі 2489 тон збожжа.

 

НА ПРЫСЯДЗІБНЫХ УЧАСТКАХ

Хлебаробы ААТ «Жацерава» першыя завяршылі жніво і аператыўна справіліся з абмалотам прысядзібных участкаў вяскоўцаў. Выканалі работу перадавыя экіпажы камбайнераў у складзе Мікалая Куркова і Віталія Ганчарэнкі, Віталія Тарабэша і Яўгена Конаўцава. Усяго ў спісе для абмалоту збожжа налічвалася пятнаццаць гаспадароў, якія ўдзячны працаўнікам за якасную ўборку іх участкаў. Сярэдняя ўраджайнасць склала 40 цэнтнераў з гектара.

– З кожным годам уборачная плошча змяншаецца, – гаворыць галоўны аграном таварыства Іна Леўкавец. – Сёлета яна склала каля трох гектараў, і камбайнерам хапіла аднаго дня, каб абмалаціць збожжа. Яшчэ нядаўна для выканання гэтай работы спатрэбіўся б тыдзень.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *