Пра малако і не толькі

Нумары Сельская гаспадарка

3008b

Іван Шыманскі шчыруе аператарам машыннага даення на МТФ «Гнецькі» ААТ «Рубяжэвічы». Даяр добрасумленна выконвае свае абавязкі, стараецца і мае неблагія паказчыкі. З пачатку года надаіў у сярэднім ад кожнай каровы сваёй групы звыш 2900 кілаграмаў малака. Перад тым як прыйсці на ферму, ён працаваў вальшчыкам лесу ў мясцовым лясніцтве, але сямейныя абставіны вымусілі змяніць прафесію. Асвоіўся хутка і вось ужо два гады доіць кароў. Справы на ферме ідуць няблага дзякуючы намаганням і Івана Шыманскага – калектыў лідар па надоях малака ў таварыстве.

 

«ЭКСТРА» – З «КАГАНЦА»

За ліпень на малакаперапрацоўчыя заводы з сельгаспрадпрыемстваў раёна адгружана 6986,1 тоны малака ў заліковай вазе. Усю прадукцыю гатункам «экстра» паставілі перапрацоўшчыкам жывёлаводы ААТ «Каганец». Звыш 96 працэнтаў малака залічана найвышэйшым гатункам з ААТ «Вялікі Двор» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Усе гаспадаркі рэалізавалі гатункам «экстра» 3962,7 тоны прадукцыі фермаў – 56,7 працэнта ад агульнай колькасці. Вышэйшым гатункам пастаўлена 2667 тон, што складае 38,2 працэнта. Трэцяя частка рэалізаванага малака з ААТ «Рочавічы» і «Радзіма Дзяржынскага» адпавядала першаму гатунку. Тлустасць малака па раёне склала 3,7 працэнта, самая высокая ў ААТ «Шашкі» – 3,98 працэнта.

 

ЛІДЗІРУЕ «СЛАБОДКА»

Ладзяцца справы на МТФ «Слабодка» ААТ «Радзіма Дзяржынскага», дзе брыгадзірам працуе Людміла Хмыль. Па выніках работы гэтае вытворчае падраздзяленне лідзіруе сярод аднатыпных у гаспадарцы. З пачатку года ў сярэднім ад кожнай каровы надоена 2215 кілаграмаў малака, прыбаўка склала 94 кілаграмы. Асаблівай стараннасцю вылучаецца аператар машыннага даення Надзея Пятрова. Неблагія тут сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе маладняку буйной рагатай жывёлы. Рупіцца ў цялятніку жывёлавод Аляксандр Рудовіч – старанны і сумленны работнік. Гадаванцы ў групе, якую ён даглядае, прыбываюць па 700–800 грамаў. У жывёлагадоўчых памяшканнях і на тэрыторыі фермы заўсёды падтрымліваецца парадак.

 

З ДРУГІМ ПАКАЗЧЫКАМ

У ААТ «Шашкі» нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы 11,6 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў, што на 2,74 цэнтнера больш, чым за адпаведны перыяд летась – другі паказчык у раёне. Напярэдадні касавіцы, у сувязі з вясеннімі замаразкамі, сітуацыя складвалася крытычная, і кіраўніцтва апасалася, што трава не набярэ адпаведнай масы, таму сенажаці аператыўна былі падкормлены мінеральнымі ўгнаеннямі. У далейшым усё атрымалася няблага. Парупіўся на прасаванні зялёнай масы Алег Салаўёў, на касьбе траў – Генадзій Юнцэвіч і Міхаіл Талстой. З граблямі шчыраваў Валянцін Калкоўскі, на трамбоўцы – Іван Рэўкоўскі. Адвозілі зялёную масу Павел Лысы, Аляксей Русецкі, Міхаіл Новік і Аляксандр Кутас.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *