У выхаваўчым працэсе

Адукацыя Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

ВЫБАР ЖЫЦЦЁВАГА ШЛЯХУ

Хлопцы і дзяўчаты, якія закончылі школу, уступаюць у дарослае жыццё. Кожны з іх можа прадоўжыць навучанне, а можа адразу пайсці на працу. І тут паўстае пытанне выбару будучай прафесіі, бо галоўнае, каб справа ўсяго жыцця прыйшлася даспадобы. Такім чынам, выбар прафесіі – гэта складаны і адказны крок, які патрабуе абдумвання, добрых ведаў і адпаведнай падрыхтоўкі.

Профільная форма навучання, арганізаваная ў гімназіі, арыентавана на паглыбленае вывучэнне прадметаў. Яна садзейнічае лепшай падрыхтоўцы да здачы цэнтралізаванага тэсціравання, выбару прафесіі, паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Профільнае навучанне – гэта механізм, які дазваляе ўлічыць здольнасці і інтарэсы навучэнцаў.

Усе 28 выпускнікоў гімназіі праверылі свае веды пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання, з іх пяцёра – па чатырох вучэбных прадметах. Высокія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання (90 балаў і вышэй) паказалі: Генадзь Блашко – па беларускай мове, матэматыцы і фізіцы, Паліна Зайко – па беларускай мове, гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, Анастасія Ціванчук – па беларускай мове, біялогіі і хіміі, Антон Кажухоўскі – па беларускай і англійскай мовах, Мілена Куянава – па рускай і англійскай мовах, Арсеній Арэшка – па фізіцы.

У выніку мэтанакіраванай работы педагагічнага калектыву на паляпшэнне якасці адукацыі нашы выпускнікі забяспечваюць высокі працэнт паступлення ў ВНУ. З 28 выпускнікоў гімназіі ва ўстановы вышэйшай адукацыі паступілі 23 (82 працэнты), ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі – пяцёра выпускнікоў (18 працэнтаў). Усе вучні ХІ «А» класа паступілі ў ВНУ. Вышэйшую адукацыю за сродкі бюджэту будуць атрымліваць 19 выпускнікоў. Яшчэ чацвёра выпускнікоў будуць рэалізоўваць свае мары на платнай аснове.

Выбар старшакласнікамі ўстаноў адукацыі для далейшага навучання ў большасці выпадкаў адпавядае профілю навучання ў гімназіі. У нашай установе адукацыі вучні маюць магчымасць набываць веды на павышаным узроўні, займацца ў профільных класах (групах) па матэматыцы, фізіцы, рускай, беларускай і англійскай мовах, хіміі, біялогіі, а таксама наведваюць факультатыўныя заняткі рознай накіраванасці.

У нашым жыцці ўсё цесна ўзаемазвязана. Выбар прафесіі вызначае ўвесь жыццёвы шлях чалавека, яго поспехі і дасягненні. Гэта і матэрыяльны дабрабыт у дарослым жыцці, і ўпэўненасць у сабе…

Хочацца пажадаць нашым выпускнікам, каб выбраная імі прафесія прыносіла задавальненне. Поспехаў вам!

Святлана КУРАК,намеснік дырэктарапа вучэбнай рабоце гімназіі № 1

 

ШКОЛЬНЫ КЛУБ ТАТАЎ

З 2013 года ў ДУА «Навасвержанская СШ» пачаў сваю дзейнасць школьны клуб татаў. Чаму ўзнікла неабходнасць стварэння такой формы ў выхаваўчым працэсе?

Справа ў тым, што ў Новым Свержані маюць месца выпадкі супрацьпраўных паводзін школьнікаў. Магчыма з-за таго, што амаль трэць вучняў выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях, колькасць хлопчыкаў у школе большая, чым дзяўчынак (53 працэнты і 47 працэнтаў), а педагагічны калектыў школы ў асноўным жаночы (толькі 12 працэнтаў настаўнікаў – мужчыны). А яшчэ неабходна ўлічваць і той факт, што ў многіх сучасных сем’ях лічыцца, быццам выхаванне дзіцяці – гэта справа толькі жаночая. Як бачым, усім даўно вядомае меркаванне аб тым, што выхаваць мужчыну можа толькі мужчына, набыло актуальны характар.

Так узнікла неабходнасць прыцягнення мужчынскай паловы бацькоўскай грамадскасці ў адукацыйны працэс. Самымі яскравымі мерапрыемствамі сумеснай работы дзяцей і татаў сталі: святочная праграма «Мой тата самы, самы…», сямейнае свята «Свет, у якім я шчаслівы», гасцёўня «За дзяцінства без слёз», дыскусія «Жыць, каб памяталі дзеці», круглы стол «Выбар прафесіі – выбар будучыні».

Вялікую дапамогу ў рабоце клуба аказваюць педагог-псіхолаг школы Любоў Крыт і педагог сацыяльны Алена Мастоўская. У склад клуба татаў уваходзяць прадстаўнікі класных калектываў школы і настаўнікі. Прычым, члены клуба пастаянна змяняюцца, што дае магчымасць кожнаму з татаў пацвердзіць свой аўтарытэт у выхаванні дзіцяці.

У 2016/2017 навучальным годзе на базе клуба татаў быў рэалізаваны сацыяльна-культурны праект «Бацькоўскі дом», прысвечаны Году культуры ў Рэспубліцы Беларусь. Мерапрыемствы праекта былі накіраваны на захаванне нацыянальных традыцый у грамадстве, на фарміраванне культуры дзіцяча-бацькоўскіх адносін, культуры паводзін падрастаючага пакалення, а таксама на павышэнне культурнага ўзроўню саміх татаў. Партнёрамі ў рэалізацыі гэтага праекта выступілі інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС, Навасвержанскі сельвыканкам, РУП «Навасвержанскі лесазавод», Навасвержанскі дом культуры , ДУА «Навасвержанскія яслі-сад», раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

У адпаведнасці з планам работы былі праведзены чатыры пасяджэнні клуба.У лістападзе з мэтай прафілактыкі правапарушэнняў адбылася сустрэча «Позірк знізу. Баі без правілаў» з начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Міхаілам Азановічам. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны для хлопчыкаў быў арганізаваны форум мужнасці «Служу Айчыне». Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі начальнік аддзела прызыву райваенкамата Аляксей Луцэвіч, які пазнаёміў хлопчыкаў з паняццем «воінскі абавязак», асаблівасцямі службы ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, і аднавясковец Юрый Віленчыц, жыццёвая біяграфія якога звязана з пажарнай службай. Таты, якія прысутнічалі на пасяджэнні, прадэманстравалі свае ваенныя білеты і далі наказ сынам: «Да службы ў арміі трэба рыхтавацца».

У рамках міжведамаснага ўзаемадзеяння ў красавіку таты прысутнічалі ў гасцёўні «Калі дарагія нам нашы дзеці» з удзелам інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Ільі Рыбака, інспектара РАНС Вольгі Салей. Стварэннем вялікага па памеры агульнага для ўсіх удзельнікаў свята калажа «Мая сям’я» завяршылася чацвёртае пасяджэнне клуба татаў на тэму «Усё пачынаецца з сям’і». На яго былі запрошаны сем’і, якія з’яўляюцца прыкладам у выхаванні дзяцей.

За час існавання клуба татаў стала відавочным, што дзеці давяраюць сваім татам, яны іх любяць, ганарацца імі. А таты адчулі, што яны не маюць маральнага права заставацца ўбаку. Распрацаваны перспектыўны план работы клуба на 2017/2018 навучальны год, а дэвізам стануць словы класіка рускай літаратуры А. С. Грыбаедава: «Не надобно другого образца, когда в глазах пример отца».

Вольга ІВАШКА,намеснік дырэктарапа выхаваўчай рабоце,кіраўнік клуба

 

ЗЯРНЯТКІ ДАБРА

Перадвераснёўскія дні скіроўваюць нашы думкі, планы да школы. Я думаю аб тым, як добра, што ў нашай школе былі арганізаваны заняткі па інтарэсах «Юны журналіст». Ініцыятарам іх стала настаўніца роднай мовы і літаратуры Алена Буднік. Вучні, якія адчувалі ў сабе літаратурны дар, сталі займацца творчасцю. У нас была такая радасць, якую нават няма з чым параўнаць, калі мы бачылі на старонках раённай газеты «Прамень» заметкі за сваім подпісам. Гэта быў вялікі стымул і надалей працягваць спробу пяра.

Вельмі важна і тое, што некаторым з нас наведванне гуртка «Юны журналіст» дало штуршок разглядваць гэты накірунак дзейнасці пры выбары далейшай прафесіі. За ўсё гэта мы ўдзячныя Алене Мікалаеўне, а яшчэ – за яе павагу да нас, за любоў да дзяцей, за ўменне весці заняткі.

Дзякуючы ёй мы не раз пабылі з дабрачыннай акцыяй у сталічным доме дзіцяці. Гэта таксама пасеяла ў нашых душах добрыя зярняткі.

Ульяна МІЛАШЭЎСКАЯ,вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *