Вучыць і вучыцца

Адукацыя Нумары

Напярэдадні новага навучальнага года актуальна гучаць пытанні арганізацыі адукацыі, выхавання падрастаючага пакалення. Іх прыярытэт і дзяржаўную важнасць засведчыў рэспубліканскі педагагічны савет, які прайшоў з удзелам Прэзідэнта краіны. Удзел у ім узялі і прадстаўнікі сістэмы адукацыі раёна. У кожнага настаўніка і выхавацеля Стаўбцоўшчыны гэтая зацікаўленая размова прафесіяналаў і нераўнадушных людзей выклікала жывы водгук, натхніла іх на канкрэтныя ідэі і прапановы.

Паслухаем удзельнікаў бліц-апытання.

0209b

Людміла СТОНЬКА, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:      

– Нашы ўстановы сустракаюць новы навучальны год падрыхтаванымі. Прапрацаваны ўсе інструктыўна-метадычныя пісьмы, якія з’явіліся на сайце Міністэрства адукацыі, нацыянальным партале 1-га жніўня. У кожным пісьме абазначаны і выдзелены змяненні ў вучэбных праграмах, прапісаны міжпрадметныя сувязі, што аблягчае працу настаўніка і ідзе на карысць дзецям. Падспор’е для настаўнікаў – больш за 30 новых вучэбна-метадычных дапаможнікаў. На нацыянальным партале можна пазнаёміцца з электроннымі версіямі ўсіх падручнікаў. Амаль 100 працэнтаў настаўнікаў раёна атрымалі сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій. У раёне ідзе ўкараненне электроннага сэрвісу «Электронны класны журнал» і «Электронны дзённік», у сувязі з чым у 11 школ накіравана па дзесяць планшэтаў.

Знамянальнай падзеяй стаў рэспубліканскі педагагічны савет. У яго першы дзень ішла работа ў дзевяці секцыях. Былі ахоплены ўсе накірункі развіцця адукацыі. Асабіста я працавала ў секцыі «Сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай адукацыі», а мая калега, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 г. Стоўбцы Алена Багдановіч, у секцыі «Актуальныя сацыяльныя аспекты выхаваўчай і ідэалагічнай работы ў сучасных умовах». Педагогі-практыкі з розных абласцей Беларусі дзяліліся напрацоўкамі. Была паказана шматфункцыянальнасць сістэмы дашкольнай адукацыі ў Мінскай вобласці. У другі дзень адбылася сустрэча з Прэзідэнтам, міністрам адукацыі. Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што дашкольнае выхаванне ў Беларусі – у ліку лепшых у свеце. Яно прадугледжвае не проста догляд дзіцяці, а яго развіццё, навучанне шляхам гульні. Будаўніцтва дзіцячага сада ў Стоўбцах на 230 месцаў завяршаецца, і гэта дазволіць матулям, у якіх дзеці дасягнулі трохгадовага ўзросту, атрымаць месца ў дзіцячым садзе і спакойна ісці на працу.

Запамінальнае мерапрыемства для ўдзельнікаў рэспубліканскага педагагічнага савета прайшло ў Вялікім тэатры оперы і балета, дзе лепшым педагогам рэспублікі былі ўручаны ўзнагароды. Нагруднага знака «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» удастоена дырэктар Дзераўнянскай школы Марыя Шумчык. Многія нашы настаўнікі працуюць творча, з агеньчыкам, і таму новы навучальны год будзе на Стаўбцоўшчыне не менш плённым, чым мінулыя.

2009e

Марыя ШУМЧЫК, дырэктар ДУА «Дзераўнянская СШ», уладальнік нагруднага знака «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь»:

– Настрой у мяне аптымістычны, рабочы. За летні перыяд засумавала па вучнях, па сваім прадмеце – матэматыцы. Школа добра падрыхтавана: адрамантаваны класы, сталовая, парадны ўваход. Калі ўсё задавальняе, то хочацца і пачынаць. Нас чакаюць новыя вучэбныя праграмы, але гэта не палохае. У школу прыйдуць 209 вучняў (у тым ліку 20 першакласнікаў) – і гэта стабільны ўзровень апошніх гадоў. Арганізаваны падвоз іх двума аўтобусамі з дзесяці навакольных вёсак. Стабільны і педкалектыў. У новым навучальным годзе ў школе будуць працаваць 34 педагогі, 15 з іх – з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Ганарымся, што настаўнік пачатковых класаў Алена Канановіч адзіная ў раёне мае катэгорыю настаўніка-метадыста. 22 нашы педагогі, у тым ліку і я, і намеснік дырэктара Святлана Прыгожая, – выпускнікі Дзераўнянскай школы.

На працягу апошніх 18 гадоў цесна супрацоўнічаем з Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэтам. Мэтанакіраванасць гэтай работы засведчылі і паступленні сёлетніх выпускнікоў: з 15-ці чацвёра будуць навучацца ў тэхнічных ВНУ, двое – у медуніверсітэце, пяцёра – у сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

Працаваць і дабівацца выніку – гэта галоўнае. Дзякуй аддзелу адукацыі, спорту і турызму, што заўважылі маю працу. Нагрудны знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» – вельмі высокая ўзнагарода. Будзем імкнуцца і далей адпавядаць званню лепшай установы адукацыі ў сельскай мясцовасці на Міншчыне і ў рэспубліцы. Будзем працягваць рэалізацыю праекта «Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродку развіцця сацыяльна-грамадзянскай кампетэнцыі навучэнцаў» пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук, дацэнта Пятра Савасцёнка. Ёсць шмат ідэй наконт аздаблення парку вакол школы. У гэтым зялёным куточку жыве памяць, закладзены глыбокі сэнс настаўніцкай працы.

2009

Анастасія ЗОРЫНА,загадчыца дзіцячага сада № 8г. Стоўбцы:

– Гэты навучальны год будзе адметным. Мы рыхтуемся да адкрыцця новага дзіцячага сада, да сустрэчы з дзецьмі. Уяўляю, як чакаюць гэтага дня бацькі. З імі мы сустракаемся ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму, куды яны прыходзяць па накіраванні. Пасля таго як будаўнікі здадуць аб’ект у эксплуатацыю, склічам бацькоўскі сход. Ужо набрана каля 60 дзяцей. Будуць дзве групы ясельныя і 10 – дашкольных. Падбіраецца і састаў выхавацеляў. На працу ў новы дзіцячы сад размеркавана шмат маладых спецыялістаў, якія прыйшлі сёлета ў раён пасля педагагічных ВНУ.  

Увесь свой рабочы час з мая праводжу на аб’екце. Прысутнічаю на планёрках будаўнікоў, на месцы кантралюю якасць работ… Хваляванне прайшло. Будаўнікі дабавілі тэмпы, стараюцца працаваць без заўваг, аператыўна ўхіляюць недахопы. Робім агляд памяшканняў, тэрыторыі. Хочацца стварыць у новым дзіцячым садзе ўсе ўмовы для ўтульнага і камфортнага знаходжання дзяцей. Мне ёсць з чым параўноўваць, таму што на працягу апошніх двух гадоў працавала загадчыцай дзіцячага сада № 4, якому больш за 50 гадоў. Уражваюць у першую чаргу прасторныя памяшканні, наяўнасць камп’ютарнага класа, басейн. Медыцынскі блок прадстаўлены фізіякабінетам, інгаляторыем, ізалятарам. Для дзяцей закуплены новыя сучасныя цацкі.

2009d

Алена БАГДАНОВІЧ,намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы»:

– Пачатак вучэбнага года – гэта свята незалежна ад працоўнага стажу. Працаваць у школе і не любіць сваю прафесію – немагчыма. Да дзяцей ідзеш з любоўю. Школа наша за мінулы навучальны год была поўнасцю абноўлена. Прыемна, што працуе вельмі творчая каманда на чале з дырэктарам Аксанай Лось. Ізноў у нас будуць тры першыя класы. Гэта наша перспектыва, адказнасць перад бацькамі і грамадствам. Мы ўдзячны бацькам, якія даверылі школе сваіх дзяцей.

Напярэдадні мне выпаў гонар быць удзельнікам рэспубліканскага педагагічнага савета. Ён прайшоў цікава, у форме адкрытага дыялогу. Прагучалі адказы на пытанні, якія хвалююць педагогаў. Гэта пачатак рабочага дня школьнікаў, арганізацыя шостага школьнага дня, працоўнае выхаванне, новыя падыходы ў заканадаўстве да арганізацыі ва ўстановах адукацыі прафілактычнай работы. Злабадзённае пытанне – бяспека дзяцей у сетцы інтэрнэт, магчымасць бацькоўскага кантролю.

Я якраз і выкладаю асновы бяспекі жыццядзейнасці. З мінулага года гэта ўжо не факультатыў, а вучэбны прадмет. Падручнікі пакуль ранейшыя, але праграмы – новыя. Асноўныя тэмы ў іх накіраваны на прывіццё дзецям бяспечнага і здаровага ладу жыцця. Гэта ж з’яўляецца прыярытэтам і ў выхаваўчым працэсе. У школе складзены план выхаваўчай работы на новы навучальны год. Калегіяльна будзем яго карэкціраваць, дапаўняць, але традыцыі, якіх прытрымліваецца школа, застануцца. Сярод іх – прафарыентацыйная работа, якая ў першую чаргу ўключае ў сябе профільную педагагічную адукацыю, работу факультатыву «Увядзенне ў педагагічную прафесію», эстэтычнае і працоўнае выхаванне школьнікаў. У гэтых накірунках у нас нямала дасягненняў. Сёлета больш увагі ўдзелім спартыўна-масавай рабоце, у прыватнасці арганізацыі мерапрыемстваў з удзелам дзяцей і бацькоў у шосты школьны дзень.

2009c

Наталля ПЕТРУШЭНКА, настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА «Нававёскаўская СШ»:

– У гэтым навучальным годзе буду працаваць класным кіраўніком у пятым класе і выкладаць рускую мову і літаратуру ў 5-7 класах. Вельмі рада за сваіх сёлетніх выпускнікоў, якія даказалі: мы можам перамагаць! Мая вучаніца Кацярына Бязушка здала цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове на 100 балаў! Пачынаючы з пятага класа, мы шмат працавалі. Удзельнічалі практычна ва ўсіх алімпіядах і конкурсах, якія прапаноўваў аддзел адукацыі, спорту і турызму, паказвалі высокія вынікі. Да цэнтралізаванага тэсціравання пачалі рыхтавацца з 10 класа на занятках у профільнай групе. Як класны кіраўнік я пастаянна даводзіла сваім вучням: вучыцеся кантактаваць і на рускай мове таксама. Беларуская мова – родная і рабочая ў нашай школе. Магчыма, гэта паўплывала на іх ініцыятыву паглыблена вывучаць рускую мову.

Правялі анкетаванне. Звярнуліся да адміністрацыі школы, у аддзел адукацыі, спорту і турызму. Нас падтрымалі. Такім чынам, рускай мовай мы займаліся ў 10-11 класах па тры гадзіны на тыдзень. Былі яшчэ факультатыў, стымулюючыя заняткі. Каб дабіцца мэты, напружана працавалі ў суботу. У выніку, сярэдні бал на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове сярод вучняў профільнай групы склаў 74,7 бала. Лічу гэта вельмі добрым вынікам для школы, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на беларускай мове, паказчыкам яе канкурэнтаздольнасці з гарадскімі школамі.

У свой час я таксама закончыла Нававёскаўскую школу. Так атрымалася, што ў роднай школе – маё першае і адзінае месца працы. Калісьці бабуля працавала ў школе, матуля працуе. Прафесію настаўніка, прычым рускага моваведа, выбрала асэнсавана, па прыкладзе свайго педагога Адама Грынкевіча. У школе ўсе цёпла аднесліся да нашага поспеху.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *