Вынікі праверак лесагаспадарчых устаноў Мінскай вобласці

Нумары У Камітэце дзяржкантролю

Вынікі праверак лясгасаў, праведзеных Камітэтам дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці, сведчаць, што па-ранейшаму маюць месца факты незаконнай высечкі драўніны, што наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю, парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, незаконнага выкарыстання сродкаў ад лесагаспадарчай дзейнасці і г. д.

Выяўлены выпадкі, калі лясгасы выпісвалі лесарубачныя білеты і аплачвалі толькі 30% кошту драўніны, нарыхтоўвалі і рэалізоўвалі атрыманую лесапрадукцыю, «забываючыся», што неабходна аплаціць астатнія 70% кошту.

Да прыкладу, у ДЛГУ «Уздзенскі лясгас» пратэрмінаваная запазычанасць па такіх сумах за 2015–2016 гады склала 69770,93 руб. У ДЛГУ «Стаўбцоўскі лясгас» своечасова не было выплачана 110 938 руб.

Выяўлены факты ўнясення супрацоўнікамі лясгасаў у дазвольныя дакументы няправільнай інфармацыі, у выніку чаго ў асобных выпадках заніжаўся, а часам і завышаўся кошт драўніны. Да прыкладу, у ДЛГУ «Стаўбцоўскі лясгас» выяўлена завышэнне таксавага кошту драўніны на корані на 2494,91 руб., у ДЛГУ «Уздзенскі лясгас» – на 990,46 руб., а таксама заніжэнне на 604,4 руб.

Выяўлена незаконная нарыхтоўка драўніны. Незаконна было высечана больш за 260 дрэў. Навакольнаму асяроддзю нанесены страты ў памеры больш за 4,2 тыс. руб. Пры гэтым мелі месца факты няпоўнай высечкі ўчасткаў лесу, адведзеных для гэтых мэт. Да прыкладу, у ДЛГУ «Уздзенскі лясгас» нявысечанымі засталіся больш за 80 дрэў.

У цэлым выяўлены парушэнні выкарыстання сродкаў ад лесагаспадарчай дзейнасці на суму 205 686 руб., з якіх 129 564 руб. вернуты па выніках праверак у бюджэт.

Вінаватыя ва ўстаноўленым парадку будуць прыцягнуты да адказнасці. Кантроль працягваецца.

Упраўленне кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *