Рыхтуемся да зімы

Нумары У райвыканкаме

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне аб падрыхтоўцы аб’ектаў жывёлагадоўлі да пераводу жывёлы на зімова-стойлавы перыяд 2017-2018 гадоў.

Як паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень, на 1 жніўня 2017 года ў Стаўбцоўскім раёне налічваецца 14 сельскагаспадарчых арганізацый, якія займаюцца вытворчасцю малака, вырошчваннем маладняку буйной рагатай жывёлы.

У раёне эксплуатуецца 53 малочнатаварныя фермы, памяшканняў для ўтрымання кароў – 87, для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы – 156.

За 2015-2016 гады пабудавана 14 новых «клюшачнікаў». У бягучым 2017 годзе ідзе будаўніцтва пяці «клюшачнікаў». Пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 49 301, што на 1791 галаву больш у параўнанні з мінулым годам. Пагалоўе кароў складае 16 460. Тры гаспадаркі дапусцілі зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы: ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і «Рочавічы», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Шчыльнасць жывёлы на 100 га сельскагаспадарчых угоддзяў склала 78,2 галавы. Высокія паказчыкі па раёне маюць такія гаспадаркі, як ААТ «Вялікі Двор» – 156,2 галавы, ТАА «СЖК «Налібакі» – 249,9 галавы, ААТ «Жацерава» – 88,9 галавы.

Для стабільнай і планамернай работы галіны жывёлагадоўлі ў зімова-стойлавы перыяд 2017-2018 гадоў даведзена заданне па нарыхтоўцы травяністых кармоў. Сена нарыхтавана 5718,6 (58,4% да плана), сенажу – 109 880 (69,6%). Лідзіруюць па нарыхтоўцы кармоў ААТ «Рубяжэвічы», «Агранёманскі» і «Шашкі. Нізкія тэмпы нарыхтоўкі травяністых кармоў у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Дзераўное» і «Радзіма Дзяржынскага». Для захоўвання сенажу і сіласу ў раёне існуе 105 наземных і 29 паглыбленых траншэй, аб’ём складае 265 500 тон.

Падводзячы вынікі работы пасяджэння райвыканкама, Юрый Горлаў адзначыў работу дырэктараў ААТ «Каганец» (Пятра Малахава), «Жацерава» (Аляксандра Дударэвіча), «Вішнявецкі-агра» (Віктара Худніцкага), «Вялікі Двор» (Вольгі Луцык), ТАА «СЖК «Налібакі» (Віталія Кушнера) па забеспячэнні належных бытавых умоў на малочнатаварных фермах і падрыхтоўцы жывёлагадоўчых аб’ектаў да зімова-стойлавага перыяду, а дырэктарам ААТ «Радзіма Дзяржынскага (Васілію Лаўрашчуку), ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» (Мікалаю Балабановічу) было ўказана на недапрацоўку ў гэтым накірунку. Усе сельгасарганізацыі павінны да 1 снежня 2017 года закончыць будаўніцтва і рэканструкцыю памяшканняў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, а да 15 кастрычніка 2017 года – рамонт выгульных двароў, гноенакапляльнікаў і закупіць пральныя машыны на малочнатаварныя фермы, да 10 кастрычніка палажыць цвёрдае пакрыццё на пад’язных шляхах і тэрыторыях фермаў.

З садакладамі па вышэй названых пытаннях выступілі галоўны ўрач ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Ігар Кунцэвіч і начальнік Стаўбцоўскага РАНС Валерый Ілюшын.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *