Колькі будзе тры на два?

Нумары Спорт

Намёк у загалоўку на вынік сустрэчы «Нёман-Агра» з ФК «Орша». Нашы футбалісты зноў прайгралі, цяпер з лікам 3:6.

Пасля працяглага перапынку – больш за месяц – стаўбцоўскія аматары футбола прыйшлі на стадыён «Юнацтва» падтрымаць сваю каманду. Знаёмыя заўзятары гаварылі не толькі аб надзеях на ўздым «Нёман-Агра». А і прыгадвалі чарговы «пралёт» зборнай Беларусі, якая ўступіла камандзе Люксембурга, краіны – еўрапейскага «карліка». Малыя не баяцца замахнуцца на вялікіх, у сэнсе – больш вопытных. Чаму і нашым не пайсці рашуча ў бой.

Гульня толькі пачалася, а балельшчыкі дружна ўзняліся ў парыве радасці. 1:0 – вядуць стаўбчане, гол у вароты аршанцаў забіў Папоў. Ды нядоўга музыка іграла. На 17-й хвіліне гол у свае вароты «зразае» Каракін. Праз пяць хвілін наперад ужо выходзяць госці, але ўслед Макарэвіч робіць лік роўным – 2:2. А затым па прыкладзе Каракіна дзейнічае і ігрок ФК «Орша» Мінянкоў, аўтарства ягонае, а наперадзе зноў нёманцы – 3:2. І ўсё ж да перапынку поспеху зноў-такі дабіваюцца госці, лік нічыйны – 3:3.

Такім чынам, падчас першай паловы гульні эмоцый балельшчыкам хапіла. На жаль, у другой палове яны былі толькі адмоўнымі. Футбалісты ФК «Орша» забіваюць яшчэ тры мячы, намаганні нашых да поспеху не прыводзяць. Вынік з разраду разгромных паражэнняў – 3:6.

І што тут можа змяніцца? «Нёман-Агра» па-ранейшаму на апошнім месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі сярод камандаў першай лігі з тым жа чортавым тузінам ачкоў – 13. У каманды «Смалявічы-СТІ», якая лідзіруе, ачкоў амаль удвая больш – 37. 36 балаў на рахунку «Лакаматыва» (Гомель), па 35 – у мінскіх камандаў «Прамень» і «Тарпеда». Менавіта да тарпедаўцаў едуць сёння нёманцы, каб паспрабаваць змяніць накірунак поспеху ў свой бок.

Няма стабільнасці і ў выступленнях другой каманды Стаўбцоўшчыны – «Нёман-ДЮСШ», якая выступае ў першынстве Мінскай вобласці. У матчы з камандай «Хімік-Беларуськалій» (Салігорск) нашы пацярпелі паражэнне з лікам 1:4.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *