Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістравана па раёне шэсць шлюбаў, зроблена дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Кіра Шуцько, Глеб Санько, Дар’я Шаціла, Раман Кутас, Дзмітрый Чэндакоў, Міхаіл Шык, Софіе Каракоч, Марк Макась і Усевалад Барбарчык.

Зямны шлях закончыўся для васьмі жыхароў раёна.

У пажарную часць паступіла раніцай паведамленне аб загаранні ў жылым доме пенсіянеркі ў Старым Свержані. Агнём пашкоджаны рэчы. Папярэдняя прычына – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні або парушэнне правіл эксплуатацыі электраабсталявання.

Міліцыяй зарэгістраваны 133 паведамленні аб правапарушэннях, узбуджаны чатыры крымінальныя справы, у трох з іх устаноўлены падазроныя. У Старыне з будынка прыватнага прадпрыемства знік сілавы кабель і інш. на суму 525 рублёў. У Жыгалках нецвярозы ўгнаў ад дома аўтамабіль.

Пракуратурай раёна вынесена прадпісанне дырэктару ААТ «Жацерава» аб ухіленні парушэнняў працоўнага заканадаўства і прыняцці мер да рэгрэснага спагнання страт, у выніку чаго вінаватыя прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці і з іх спагнана 230 руб. страт, нанесеных гаспадарцы. У адрас намесніка старшыні райвыканкама ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў патрабаванняў Дэкрэта № 18.

Суд асудзіў за паўторны крадзеж двух жыхароў Заямнага: на 1,5 года абмежавання волі і на 2 гады 3 месяцы зняволення ва ўмовах строгага рэжыму, адзначыўшы ў дзеяннях аднаго з іх небяспечны рэцыдыў. За набыццё самагону стаўбчанін аштрафаваны на 46 рублёў.

ДАІ выявіла 176 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое п’яных вадзіцеляў і 11 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана сем дарожных аварый. Нецвярозы веласіпедыст рухаўся па аўтамагістралі і на 295-м км выехаў на крайнюю левую паласу, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем «Фольксваген». Веласіпедыст атрымаў нязначныя траўмы, раней ён ужо прыцягваўся да адказнасці за парушэнне ПДР.

«Хуткая» атрымала 191 выклік, сем з іх – да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *