Работа на вынік

Калонка дэпутата Нумары Соцыум

0909

Прыём па асабістых пытаннях – эфектыўная форма зносін кіраўнікоў органаў дзяржкіравання, дэпутатаў усіх узроўняў з грамадзянамі, якая даўно сябе зарэкамендавала. Гэта не толькі добрая магчымасць дапамагчы чалавеку вырашыць яго праблемы, але магчымасць убачыць тэндэнцыі і перамены ў развіцці раёна. На мінулым тыдні прыём грамадзян правёў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай РАДАМАН.

На прыём да Мікалая Вячаслававіча звярнуліся трое жыхароў горада Стоўбцы. Калі выслухалі заяўнікаў, адразу адчулі, што гэтыя людзі неабыякавыя да лёсу свайго горада, сваёй краіны і прыйшлі вырашаць не свае асабістыя пытанні ці праблемы.

Жыхар Стоўбцаў Вячаслаў Цвірка звярнуўся да члена Савета Рэспублікі з пытаннем, якое, напэўна, хвалюе не толькі жыхароў Стаўбцоўшчыны, але і краіны. Вячаслаў Міхайлавіч прапанаваў уключыць такую паслугу, як мыццё ў лазнях, у сацыяльна значныя паслугі. Мікалай Радаман растлумачыў: «Гэтую паслугу некалькі гадоў назад выключылі з паслуг, што датуюцца з бюджэту. Кошт білета ў лазню падаражэў. Я ўжо звярнуўся з пісьмом да старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова, а ён адпаведна – да старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, каб разгледзець гэтае пытанне на дзяржаўным узроўні. Спадзяюся, што яно будзе вырашана станоўча».

Стаўбчане Яўген Цішулін і Рэгіна Барташэвіч паднялі пытанне добраўпарадкавання гарадскіх вуліц: Цэнтральнай (каля дома нумар 3-а) і Мічурына.

– У раённай газеце «Прамень» у пачатку года змяшчаюцца графікі выканання работ па добраўпарадкаванні і асфальтаванні дарог, капітальным рамонце будынкаў. Названых вуліц у гэтым спісе няма, значыць, у бягучым годзе заасфальтаваць іх няма магчымасці. Хацелася б усё адразу зрабіць, але, на жаль, бюджэт раёна абмежаваны. З паступленнем грошай у бюджэт будуць весціся і дадатковыя работы па добраўпарадкаванні тых вуліц, наконт якіх звярнуліся людзі. Цяпер ідзе добраўпарадкаванне вуліцы Цэнтральнай, значыць, дойдзе чарга і да дома нумар 3-а. Прыемна, што людзі ідуць на прыём, хвалююцца за свой горад. Як у народзе кажуць: «Хто стукаецца, таму і адчыняць», – канстатаваў сенатар.

Пра агракамбінат «Сноў»

Мікалай Радаман падчас прыёму грамадзян падзяліўся з журналістамі вынікамі ўборкі ўраджаю у сваёй гаспадарцы, адзначыўшы, што ўборка яшчэ цалкам не завершана. Засталося ўбраць цукровыя буракі, бульбу, кукурузу на сілас. Вынікі будуць падведзены да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Віды на гэтыя культуры вельмі добрыя. І вынікі ўборачнай кампаніі радуюць. У СВК «Агракамбінат Сноў» на пасеяных 3200 гектарах збожжавых ураджайнасць склала 94,6 цэнтнера з гектара. «Папоўнілі ўласную жытнёвую скарбонку, Нясвіжскага раёна і ўсёй Міншчыны», – рэзюмаваў Мікалай Вячаслававіч.

Аб рабоце парламента

Усе дэпутаты чакаюць асенняй сесіі парламента. Цяпер ідзе работа ў камісіях. У Савеце Рэспублікі створана пяць камісій, у якіх працуюць на пастаяннай аснове іх старшыні. Падчас асенняй работы парламента будзе вырашацца пытанне аб насенняводстве. Насенняводствам павінны займацца атэставаныя людзі і прадпрыемствы. «У краіне 546 гаспадарак займаюцца насенняводствам. А на мой погляд, гэта павінны рабіць 45-50 гаспадарак па рэспубліцы. Яны будуць працаваць з гадавальнікамі, вырошчваць суперэліту, потым яе прадаваць. Будзе разглядацца і пытанне работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі», – расказаў Мікалай Вячаслававіч.

Падводзячы вынікі працы падчас прыёму грамадзян, Мікалай Радаман адзначыў, што ў Стаўбцоўскім раёне на прыём прыходзіць няшмат людзей з нявырашанымі праблемамі. Гэта вынік належнай работы выканаўчай і заканадаўчай улад. Калі пытанні вырашаюцца на мясцовым узроўні, значыць, добра працуе адміністрацыя раёна, спрабуе знайсці шляхі вырашэння набалелых праблем і сітуацый, лічыцца з думкай кожнага жыхара раёна.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *