Прыйшлі служыць лейтэнантамі

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

molodye

Прайшоў першы месяц службы ў раённым аддзеле міліцыі сёлетніх чатырох выпускнікоў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Усе яны – выхадцы з нашага раёна.

Ім пасля заканчэння Акадэміі загадам Міністра ўнутраных спраў прысвоена спецыяльнае званне – лейтэнант, і з 24 ліпеня яны прыступілі да выканання службовых абавязкаў у райаддзеле міліцыі. У кожнага задачы свае, звязаныя з пэўным напрамкам праваахоўнай дзейнасці, але патрабуюць прафесіяналізму і адказнасці.

– Аляксандр Місюра прызначаны на пасаду ўчастковага інспектара міліцыі і абслугоўвае Старасвержанскі сельсавет, Яўген Клімовіч – оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, Максім Нагорны – оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку, Алег Супрановіч – інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ. Інспектар ДАІ – з міліцэйскай дынастыі, доўгі час у гэтым падраздзяленні працаваў яго бацька, – расказала пра маладое папаўненне старшы інспектар групы кадраў Ала Сцефановіч.

У згаданых падраздзяленнях за маладымі супрацоўнікамі замацаваны вопытныя настаўнікі. А першае знаёмства адбылося падчас праходжання імі практыкі ў райаддзеле. Максім Нагорны і Яўген Клімовіч зарэкамендавалі сябе і будучы курсантамі – атрымалі званне старшага сяржанта і сяржанта (адпаведна), былі камандзірамі аддзялення вучэбных груп.

Сёлета ў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, дзе назіраўся сур’ёзны конкурс, з чатырох прэтэндэнтаў з нашага раёна на вочную форму навучання паступілі двое – Ілья Супрановіч, выпускнік Дзераўнянскай сярэдняй школы, і Дзяніс Кізянкоў, выпускнік СШ № 3.

Хлопцы зрабілі свой выбар і мэтанакіравана хочуць стаць супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, таму праяўляюць настойлівасць у вучобе, займаюцца спортам і паказваюць нядрэнныя вынікі, не стаяць убаку ад грамадскага жыцця.

Акрамя таго, завочна атрымліваюць вышэйшую адукацыю і дзеючыя маладыя супрацоўнікі райаддзела міліцыі. Цёзкі Багдановічы – Вадзім Міхайлавіч і Вадзім Генадзьевіч (абодва нясуць службу ў патрульна-паставой службе) – паступілі сёлета ў Магілёўскі інстытут МУС Рэспублікі Беларусь, а старшы інжынер аператыўнай сувязі групы сувязі Дзмітрый Скачко – у Акадэмію МУС для атрымання другой вышэйшай адукацыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *