У інфармацыйнай прасторы

Нумары Соцыум

«Дзяржаўная інфармацыйная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь: механізм рэалізацыі» – такая тэма дня інфармавання, які праводзіцца ў чацвер, 21 верасня.

Сродкі масавай інфармацыі прадстаўляюць сабой адзін з найважнейшых інстытутаў сучаснага грамадства, так як непасрэдна ўплываюць на фарміраванне і эвалюцыю грамадскай свядомасці.

СМІ называюць не інакш як чацвёртай уладай, таму што ўявіць сабе свет без прэсы, тэлебачання, радыё, а таксама сеткі Інтэрнэт практычна немагчыма.

Як падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, «работнікі СМІ пішуць гісторыю сучаснасці, абагульняюць з’явы і падзеі, ствараюць карціну свету. Менавіта таму каласальнае значэнне набываюць прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць людзей са сферы мас-медыя».

За апошнія гады інфармацыйная прастора кардынальным чынам змянілася. Вядучую ролю стала адыгрываць сетка Інтэрнэт, якая выступае асноўным каналам для атрымання навін і прасторай для зносін. Інтэрнэт прымушае мяняцца традыцыйныя СМІ (тэлебачанне, радыё, прэсу), укараняць новыя фарматы, тэхналогіі.

Па-першае, сродкі масавай інфармацыі становяцца мультымедыйнымі – гэта значыць адначасова спалучаюць у сваіх матэрыялах тэкст, відэа і гук. Гэта звязана з тым, што ў інтэрнэт-прасторы на змену разрозненым фарматам прыходзіць адзіны – лічбавы. Па-другое, СМІ становяцца шматканальнымі: для таго каб «дастукацца» да свайго чытача і гледача, яны ствараюць вэб-сайты, суполкі ў сацыяльных сетках, выкарыстоўваюць рассылкі па электроннай пошце, банарную рэкламу.

Усё больш інтэрнэт-карыстальнікаў атрымліваюць матэрыялы СМІ праз сацыяльныя сеткі. Гэта зручна, паколькі дазваляе не проста даведацца навіны, але і адразу ж абмеркаваць іх з сябрамі, выказаць сваё стаўленне да іх. Таму для СМІ сацсеткі выступаюць важным каналам зваротнай сувязі з аўдыторыяй. Назіраецца персаналізацыя СМІ. Пошукавыя сістэмы, да пыкладу, Google ці «Яндэкс» прапануюць чытачам публікацыі з улікам іх інтарэсаў. Алгарытмы сацыяльных сетак, як Facebook ці Instagram выбіраюць з патоку навін самае значнае. Гаворачы прасцей, навіны самі прыходзяць да тых, хто ў іх зацікаўлены.

Інтэрнэт з’яўляецца сегментам беларускага інфармацыйнага поля, які найбольш дынамічна развіваецца. Колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у Рэспубліцы Беларусь на 1 студзеня 2017 года склала 5,5 мільёна. Таму важнейшай задачай для афіцыйных СМІ з’яўляецца далейшае распаўсюджанне сваёй прадукцыі ў віртуальнай прасторы на аснове актыўнага выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій.

Растучая роля сродкаў масавай інфармацыі ў сацыяльных працэсах выклікае неабходнасць у правядзенні сістэмнай дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Яе галоўным механізмам выступае прававое рэгуляванне дзейнасці СМІ. З аднаго боку, дзяржава імкнецца стварыць спрыяльныя магчымасці для функцыянавання мас-медыя, з другога – захаваць пры гэтым інтарэсы асобы, грамадства і дзяржавы.

У аснове палітыкі дзяржавы ў інфармацыйнай сферы ляжыць фундаментальнае права чалавека на інфармацыю, якое замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Другі асноватворны прынцып інфармацыйнай палітыкі – свабода масавай інфармацыі. Закон «Аб сродках масавай інфармацыі» гарантуе грамадзянам свабоду думак, перакананняў і іх свабоднае выяўленне. Але свабода СМІ не азначае ўсёдазволенасці. Паклёп (распаўсюджанне заведама лжывых звестак), зневажанне дзелавой рэпутацыі адносяцца да крымінальна караемых дзеянняў.

Удасканаленне тэхналогій СМІ прымушае пераглядаць і нарматыўныя прававыя акты. Змяненні і дапаўненні да Закона аб СМІ, якія ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2015 г., надзялілі інтэрнэт-рэсурсы правамі і абавязкамі традыцыйных СМІ. Вядома, і на праўдзівую, карэктную інфармацыю.

Беларусь валодае значным інфармацыйным патэнцыялам, што дазваляе эфектыўна задзейнічаць магчымасці мас-медыя.

На 1 жніўня 2017 г. у нашай краіне зарэгістраваны 1639 друкаваных СМІ, з іх 438 дзяржаўных. Даныя выданні публікуюцца пераважна на беларускай і рускай мовах, аднак ёсць і айчынныя друкаваныя СМІ на англійскай, нямецкай, французскай, польскай і іншых мовах.

Дзейнічаюць 9 інфармацыйных агенцтваў. Буйнейшым айчынным інфармацыйным брэндам з’яўляецца Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Яно працуе ў рэжыме рэальнага часу, размяшчаючы навіны на ўласным інтэрнэт-сайце на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай і іспанскай мовах. БелТА мае свае карэспандэнцкія пункты і карэспандэнтаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Маскве. Створана і функцыянуе ў Беларусі сістэма нацыянальнага тэлерадыёвяшчання.

Вядучай тэлевізійнай кампаніяй краіны з’яўляецца Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія. На сёння НДТРК – гэта сем тэлевізійных і пяць радыёвяшчальных каналаў, а таксама пяць абласных тэлерадыёкампаній. Акрамя таго, беларускія грамадзяне маюць магчымасць глядзець больш за 200 тэлепраграм бліжняга і дальняга замежжа. Развіваецца анлайн-вяшчанне ў сетцы Інтэрнэт, укараняюцца кабельнае, IP-тэлебачанне, SMART-тэхналогіі, мабільныя сэрвісы і інш.

Значным беларускім брэндам з’яўляецца газета «Советская Белоруссия» – «СБ. Беларусь сегодня «. Тыраж гэтага выдання ўжо некалькі гадоў складае больш за 400 тысяч экзэмпляраў. Варта адзначыць і такое папулярнае выданне, як газета «Звязда» – старэйшае сярод беларускіх СМІ, якое адзначыла сёлета сваё 100-годдзе.

У 2013 годзе на базе рэдакцый газет «Советская Белоруссия» і «Звязда» былі створаны ўзбуйненыя інфармацыйныя структуры (мэдыяхолдынгі). Гэта ўстанова Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия», куды ўвайшлі газеты «Советская Белоруссия», «Рэспублiка», «Народная газета», «Сельская газета», «Знамя юности» і рад іншых выданняў. А таксама рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом «Звязда» (газеты «Звязда», «Лiтаратура i мастацтва», часопісы «Алеся», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Вожык», «Родная прырода», «Бярозка»).

Вялікай папулярнасцю на месцах карыстаецца рэгіянальная прэса. 22 верасня спаўняецца 78 гадоў, як жыхары Стаўбцоўскага раёна маюць магчымасць чытаць сваю «раёнку». З пачатку заснавання яна называлася «Голас селяніна», а сёння мае назву «Прамень».

Раённая газета заўсёды была на пульсе жыцця, аператыўна асвятляла і асвятляе ўсе значныя падзеі на Стаўбцоўшчыне, у вобласці і нашай краіне. На працягу раду гадоў тыраж газеты стабільна складае прыкладна пяць тысяч экзэмпляраў. Аб аўтарытэце газеты сведчыць і той факт, што «Прамень» рэгулярна становіцца пераможцам ці прызёрам рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў СМІ.»Прамень» з’яўляецца лаўрэатам Х Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая літара». Гучаць у эфіры і перадачы праграмы радёвяшчання «Радыё Стоўбцы».

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўнікоў мас-медыя ў штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адзначыў: «За забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве нясуць адказнасць таксама СМІ – тэлебачанне, радыё, газеты, сеткавыя і іншыя сродкі масавай камунікацыі». «Атрыманне праўдзівай, поўнай і своечасовай інфармацыі – канстытуцыйнае права нашых грамадзян, – адзначыў Прэзідэнт. – І вы павінны яго забяспечыць! Гэта – адзін з асноўных фактараў нацыянальнай бяспекі краіны».

Падрыхтавана аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама на аснове матэрыялу Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *