Пачуць кожнага – і дапамагчы

Нумары Соцыум Улада. Слова. Справа

3009

Па суботах у рэгіёнах прадаўжаюць працаваць прамыя тэлефонныя лініі. Праблемы чалавека не могуць быць дробяззю, неабходна пачуць кожнага, каму патрабуецца дапамога, ніякіх бюракратычных бар’ераў быць не павінна – з такім настроем заўсёды праводзіць прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі старшыня райвыканкама Юрый ГОРЛАЎ. На гэты раз на прамую лінію паступіла 11 тэлефонных званкоў, падчас кожнага агучана па два-тры пытанні.

Жыхара Стоўбцаў Віктара Бычкевіча хвалявала пытанне адсутнасці люка на перакрыжаванні завулка Сацыялістычнага і вуліцы Ленінскай.

Юрый Мікалаевіч сказаў, што люк ужо выраблены і на гэтым тыдні абавязкова будзе ўстаноўлены, бо гэта бяспека ўсіх жыхароў горада.

Віктар Бычкевіч звярнуўся і з просьбай: аказаць садзейнічанне ў добраўпарадкаванні вуліцы Зялёнай у райцэнтры. З аналагічнымі просьбамі звярнуліся да старшыні райвыканкама і жыхары вёсак Вязавец і Апечкі.

Юрый Горлаў растлумачыў: «Праблемы гэтых вёсак добра ведаем. Але дарогі заасфальтаваць цяпер немагчыма. У бягучым годзе пачнём займацца пракладкай водаправода. Забяспечым пуск вады, а затым зоймемся і добраўпарадкаваннем дарог».

У вёсцы Апечкі заасфальтаваць усе вуліцы цяпер нельга. Па вуліцы Цэнтральнай спачатку будзе пракладзены водаправод, а потым – асфальт, на вуліцы Школьнай даручана адпаведным службам зрабіць ямачны рамонт.

Жыхарку вёскі Вязавец хвалюе праблема пустуючых дамоў, гаспадары якіх памерлі, а вакол хат расце бур’ян. Гэта стварае нязручнасці суседзям і робіць непрыглядным выгляд вёскі.

Юрый Мікалаевіч растлумачыў, што ў адпаведнасці з Указам нумар 100 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь такія дамы ідуць пад знос і зямельныя ўчасткі прыводзяць у адпаведны выгляд, але адразу сельвыканкам павінен праверыць наяўнасць уласнікаў гэтых дамоў. Калі іх няма, толькі тады будзе дзейнічаць згаданы ўказ. З гэтым пытаннем даручана разабрацца старшыням райсавета і Вішнявецкага сельвыканкама.

Жыхар вуліцы Першамайскай у Стоўбцах падняў пытанне абсталявання пешаходнага перахода штучнай няроўнасцю і рамонту дома на плошчы Леніна.

Тэлефонны званок з вуліцы Міру, 3: «Калі на вуліцы моцны вецер, то на даху стаіць вялікі грукат. Нават дзеці прачынаюцца ад такога шуму. І снегазатрымальнікаў няма».

«Да вас абавязкова прыедзе служба ЖКГ. Будуць прыняты меры па ліквідацыі будаўнічых недаробак», – канстатаваў старшыня райвыканкама.

Жыхарка аграгарадка Шашкі (вул. Падлесная) хвалюецца за свой падворак. Ідзе рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы, з-за чаго яе дом пачало падтопліваць. Яна падняла пытанне і незаконнай копкі возера прыватнымі асобамі.

«Ці аказваецца якая-небудзь дапамога ветэранам працы?» – гэтае пытанне турбуе былую работніцу ААТ «Жацерава».

Юрый Мікалаевіч адразу ж звярнуўся да дырэктара ААТ «Жацерава» Аляксандра Дударэвіча і даручыў разабрацца з гэтым пытаннем і падтрымаць ветэранаў вайны і працы (згодна з калектыўным дагаворам).

У ходзе прамой лініі падымаліся і пытанні работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: аб вывазе смецця (вул. Машынабудаўнікоў); аб пералічэнні платы за карыстанне водазабеспячэннем; аб выпісцы «жыровак» жыльцам індывідуальнага сектара забудовы; аб правядзенні прамых ліній кіраўніцтвам арганізацый, устаноў.

Была і скарга на тое, што ў Стоўбцах цяжка купіць бетон для будаўніцтва. Юрый Мікалаевіч паабяцаў разабрацца з гэтай праблемай і праз раённую газету «Прамень» праінфармаваць усіх зацікаўленых аб тым, дзе можна набыць бетон.

Да старшыні райвыканкама паступілі і тэлефанаванні з пытаннямі асабістага характару, інакш кажучы, пытанні, якія патрабуюць індывідуальнага падыходу.

Па нявырашаных праблемах адказным службам райвыканкама дадзены даручэнні выехаць на месца, разабрацца і выправіць сітуацыю. Многія пытанні вырашаны падчас прамой лініі.

Юрый Горлаў зазначыў:

–             Некаторыя пытанні можна зняць аператыўна. Іншыя ж патрабуюць часу і вялікіх фінансавых сродкаў, як, напрыклад, рамонт і будаўніцтва дарог. Але і для вырашэння складаных сітуацый стараемся знаходзіць варыянты. Напрыклад, звярнуліся жыхары Рудзевіч з просьбай добраўпарадкаваць мост перад вёскай. Выканалі гэтую работу хутка і якасна. І людзі ўдзячны, і нам прыемна, што змаглі аператыўна вырашыць праблему. Згаданы факт пацвярджае эфектыўнасць такой формы работы з насельніцтвам, як прамыя тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *