Дажынкі-2017

Нумары Сельская гаспадарка

3009f

ВЫСОКІ НАМАЛОТ СЯМЕЙНАГА ЭКІПАЖА

Аляксандр Фалюк працуе механізатарам у ААТ «Агранёманскі» звыш трыццаці гадоў. За такі працяглы час набыў багаты вопыт у сваёй прафесіі. Любую даручаную работу заўсёды выконвае своечасова і якасна. Падчас жніва Аляксандр Мікалаевіч садзіцца за штурвал камбайна і ўбірае збажыну. Сёлетняя ўборачная для яго, лічы, самая ўдалая – на ўмоўны камбайн намалочана 1600 тон збожжа. Гэта адзін з лепшых вынікаў у раёне. Працаваў ён разам з сынам, які вучыцца ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце на інжынера. Дарэчы, Мікіта дапамагаў бацьку рыхтаваць камбайн да жніва. Тэхніка не падвяла, надзейна працавала, і сямейны экіпаж дабіўся добрага паказчыка. За высокі намалот камбайнеры атрымалі падзячныя пісьмы абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і прэмію.

Віншавалі Фалюкоў з працоўнай перамогай, тысячным намалотам, і ў раёне – яны атрымалі падзячныя пісьмы райвыканкама, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарунак. Ушанавала сваіх працаўнікоў і кіраўніцтва таварыства. Людзі, якія вырошчваюць хлеб, заслугоўваюць увагі і павагі.

З вясны да позняй восені Аляксандр Фалюк рупіцца ў полі. Рыхтуе глебу, сее, жне, капае цукровыя буракі. Але найбольшую частку працоўнага часу ён шчыруе на нарыхтоўцы кармоў. Вось і гэтымі днямі заняты на ўборцы кукурузы.

Аляксандр Мікалаевіч родам з Залужжа. Пасля заканчэння школы працаваў у гаспадарцы слесарам. Затым служыў у арміі, ва ўнутраных войсках у Архангельску. Вярнуўся дахаты сяржантам. На механізатара вучыўся яшчэ будучы старшакласнікам і пасля службы атрымаў пасведчанне трактарыста. МТЗ-80 быў першым трактарам, які яму даручылі. Затым вадзіў «Беларус-82», цяпер – энерганасычаны «Беларус-1221». Аляксандр Фалюк добры сем’янін. Жонка Святлана Віктараўна настаўніца матэматыкі, старэйшы сын скончыў універсітэт і працуе праграмістам у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІ Ў ЖНІЎНІ

На малочнатаварных фермах раёна за жнівень атрымана 7591,8 тоны малака, што складае 102,1 працэнта да паказчыка адпаведнага леташняга перыяду. У сярэднім ад кожнай каровы надоена 456 кілаграмаў. Найбольш прыбавілі ў надоях на карову працаўнікі ААТ «Шашкі», «Вялікі Двор», «Вішнявецкі-агра» і «Дзераўное», адпаведна – 86, 64, 59 і 51 кг. Лепшы паказчык у ТАА «СЖК «Налібакі», дзе за мінулы месяц надоена ад кожнай рагулі ў сярэднім 678 кілаграмаў. Налібацкія жывёлаводы не збіраюцца саступаць лідарства, планамерна і мэтанакіравана рухаюцца да рубяжу ў 8,5 тысячы кілаграмаў. Нарошчваюць мінус СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ААТ «Рочавічы», «Радзіма Дзяржынскага», «Радзіма Якуба Коласа» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». У мясным цэху па-ранейшаму ладзяцца справы ў агранёманскіх і вішнявецкіх жывёлаводаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *