Прынялі абласны і правялі раённы

Нумары Сельская гаспадарка

На базе ААТ «Вялікі Двор» прайшоў абласны семінар па жывёлагадоўлі, у якім прынялі ўдзел начальнікі аддзелаў жывёлагадоўлі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў, галоўныя ветурачы раёнаў і дырэктары райплемстанцый. Вёў пасяджэнне першы намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Макар. Гэтая гаспадарка была выбрана невыпадкова: тут ёсць чаму павучыцца. Актыўна вядзецца будаўніцтва новых жывёлагадоўчых памяшканняў і сянажна-сіласных траншэй для закладкі травяных кармоў, праводзяцца рэканструкцыі. За кошт належнага ўтрымання жывёлы, прытрымлівання тэхналогіі дасягаюцца высокія паказчыкі ў вытворчасці малака і мяса, на ўзроўні рэнтабельнасць прадукцыі. З веданнем справы працуюць брыгадзір МТФ «Вялікі Двор» Андрэй Мяшок і галоўны ветурач Дзмітрый Сахарэвіч.

Як працяг абласнога семінара ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ў мінулую суботу адбыўся раённы семінар-нарада. Яго ўдзельнікі наведалі малочнатаварны комплекс, які размяшчаецца ў Пагарэлым. Гэты вытворчы аб’ект пабудаваны ў раёне першым. Спачатку «выраслі» два памяшканні для дойнага статка з устаноўкай даільнай залы. Затым узвялі цэх сухастою. Пабудавалі памяшканне для ўтрымання цялушак, што дазволіла самім адбіраць іх для далейшага асемянення. Сёлета здадзены ў эксплуатацыю цялятнік, які прыцягнуў увагу гасцей. У ім створаны камфортныя ўмовы для работы людзей і ўтрымання жывёлы. Праект вышэйназванага жывёлагадоўчага памяшкання індывідуальны. Кіраўніцтва таварыства распрацавала яго разам са спецыялістамі і пры непасрэдным удзеле старшыні райвыканкама Юрыя Горлава. «Клюшачнік» разлічаны на ўтрыманне 300 цялят. Ад нараджэння і да двухмесячнага ўзросту яны стаяць тут у спецыяльных пластыкавых клетках – па адным у кожнай. Для вышэйшых узроставых груп зроблены асобныя металічныя загарадкі, у якіх устаноўлены паілкі з падагрэвам вады. Гноевыдаленне ўсюды бульдозернае. Зманціравана энергазберагальнае асвятленне. У памяшканні светла, бо на даху пакладзены празрысты шыфер, зроблены з полікарбанату вільчак. Збудаванне спадабалася ўсім, і госці па-добраму пазайздросцілі гаспадарам.

На сёння ў жывёлагадоўчых памяшканнях на комплексе ўтрымліваецца 1200 галоў буйной рагатай жывёлы. Для таго каб вытрымлівалася тэхналогія вытворчасці малака, наспела неабходнасць узвядзення яшчэ аднаго «клюшачніка» – для раздою навацельных кароў. У перспектыве гэта будзе зроблена. Аб рабоце комплексу расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Таццяна Падамацька. Яна прывяла шэраг лічбаў: з пачатку года ў сярэднім ад кожнай каровы надоена 4279 кілаграмаў малака, валавы надой склаў 2460 тон. Але вытворчыя магчымасці дазваляюць мець вышэйшыя паказчыкі.

Затым у Любкаўшчынскім доме культуры адбылося пасяджэнне, якое адкрыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колясень. З інфармацыяй выступіла начальнік аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Галіна Шуранкова, якая прааналізавала вынікі работы малочнай і мясной галін раёна за два папярэднія гады і восем месяцаў сёлетняга. Паказчыкі пяці сельгаспрадпрыемстваў, якія маюць мінус па валавой вытворчасці і надоях малака ад каровы, разглядаліся больш дэталёва. Гэта ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Рубяжэвічы», «Радзіма Дзяржынскага», «Рочавічы» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Інфармацыя суправаджалася паказам слайдаў, табліц і дыяграм. Падкрэслівалася, што жывёлаводы вышэйназваных гаспадарак спрацавалі не лепшым чынам і зменшылі паказчыкі. Прычым не толькі ў малочнай галіне, а і ў мясной. Знізіліся сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы, а значыць, менш вырашчана і мяса ялавічыны.

Аб узнаўленчай рабоце расказала дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык. Падкрэслівалася, што нягледзячы на тое, што кароў і цялушак асемянілі на паўтысячы больш, цялят атрымана менш. 922 цяляці – мёртванароджаныя. Зменшыліся сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе цялушак, у ААТ «Рочавічы» і «Шашкі» яны не дасягаюць нават 400 грамаў.

Разглядаліся пытанні ідэнтыфікацыі жывёлы. У шэрагу гаспадарак гэтая работа праводзіцца пакуль не на належным узроўні. Існуюць пэўныя праблемы, у прыватнасці з набыццём бірак. Пакуль што занесена ў базу сорак чатыры працэнты ўсяго пагалоўя і забіркавана 60 працэнтаў. Горш за іншых працуюць у гэтым накірунку ў ААТ «Шашкі». Варушыцца ўсім трэба хутчэй і да канца года выканаць усе неабходныя мерапрыемствы.

З-за ўпушчэнняў у рабоце ў галіне жывёлагадоўлі былі заслуханы кіраўнікі і галоўныя спецыялісты ААТ «Шашкі», «Рубяжэвічы», «Рочавічы», «Радзіма Дзяржынскага» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

У рабоце семінара прыняў удзел старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *