Са Следчага камітэта

Нумары Следчы камітэт інфармуе

СУТЫКНЕННЕ…

20-га верасня каля 20.00 непадалёку ад вёскі Вечатарова адбылося сутыкненне аўтамабіля Mercedes-BenzSprinter-212D з трактарам «Беларус-1221В», у выніку якога загінуў 44-гадовы работнік ААТ «Жацерава». У ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена, што аўтамабіль Mercedes-BenzSprinter-212D пад кіраваннем жыхара Талачынскага раёна і трактар з прычэпам, які належыць ААТ «Жацерава», рухаліся па аўтадарозе Р2 Стоўбцы–Івацэвічы–Кобрын у папутным накірунку. У кабіне трактара акрамя вадзіцеля знаходзіўся і пасажыр. Пасля сутыкнення трактар з прычэпам выкінула на сустрэчную паласу, а затым – у левы кювет. Яго пасажыр атрымаў цялесныя пашкоджанні, ад якіх памёр у бальніцы.

Агляд месца ДТЗ праведзены следчым сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, экспертам Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Устаноўлена, што падчас руху ў цёмны час сутак у прычэпе трактара не гарэлі габарытныя агні.

Па факце ДТЗ і гібелі чалавека раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса «Парушэнне правіл дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека». У гэтым выпадку прадугледжаны розныя меры пакарання, у тым ліку ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў. Працягваецца комплекс следчых дзеянняў з мэтай устанаўлення вінаватай асобы. Усіх, хто мае якую-небудзь інфармацыю па гэтым факце, просім паведаміць па тэлефоне 8-029-636-56-18.

Іван ГУНЬКО,старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта

 

НА АЛЕІ Ў ПАРКУ

Як адзначаюць у раённым аддзеле Следчага камітэта, першага верасня ў Наваколасаве здарыўся жудасны выпадак – у выніку асабістых непрыязных адносін быў супрацьпраўна пазбаўлены жыцця адзін з жыхароў пасёлка.

Жорсткую помсту ўчыніў на алеі ў парку Перамогі нецвярозы мясцовы жыхар 1990 года нараджэння, пасля да яго далучыўся і ягоны таварыш 1989 года нараджэння. Апошні біў пацярпелага не толькі кулакамі, але і нагамі. У выніку, моцна збіты мужчына ўпаў і стукнуўся галавою аб бетоннае пакрыццё. Ад траўміравання мазгавой абалонкі, шматлікіх удараў лёгкіх, разрываў печані і пашкоджання іншых жыццёва важных органаў ён памёр на месцы здарэння.

У адносінах да хуліганаў узбуджана крымінальная справа. Меру іх адказнасці ў далейшым вызначыць суд. Няма адказу толькі на адно пытанне: «Як яны будуць жыць, пазбавіўшы жыцця чалавека?..»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *