Паклапоцімся аб бліжнім

Нумары РАНС інфармуе

АПАВЯШЧАЛЬНІК – АД ЮНЫХ ВЫРАТАВАЛЬНІКАЎ

Актывісты раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных аказваюць шэфскую дапамогу шматдзетным сем’ям, адзінока пражываючым пенсіянерам, ветэранам і інвалідам. Яны нарыхтоўваюць дровы, займаюцца ўборкай двароў, вырашаюць пытанні адносна ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

– З 25 верасня па 14 кастрычніка на тэрыторыі раёна праходзіць рэспубліканская акцыя «Моладзь за бяспеку», прымеркаваная да дня ўтварэння Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. Па традыцыі яна разбіта на тры этапы, — патлумачыла інспектар групы прапаганды раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей.

Цэнтрам правядзення акцыі прызначаны ўстановы адукацыі, дзе юныя выратавальнікі-пажарныя разам з работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях расказваюць равеснікам аб дзейнасці маладзёжнай арганізацыі, знаёмяць з мерапрыемствамі і конкурсамі, якія праводзяцца пад яе эгідай. Фіналам акцыі стане забаўляльна-пазнавальная праграма «Адзін дзень з Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыяй выратавальнікаў-пажарных» у раённым Цэнтры культуры. Удзельнічаць у ёй змогуць усе жадаючыя.

Пр

 

У ПОШУКАХ ГРЫБНІКОЎ

Восень выдалася шчодрай на лясныя дары, таму аматарам «ціхавага палявання» дома не сядзіцца. На жаль, часта пошукі грыбоў заканчваюцца пошукамі саміх грыбнікоў: практычна штодзённа з розных рэгіёнаў рэспублікі прыходзяць трывожныя весткі аб тым, што нехта згубіўся ў лесе. Сярод іх ёсць і дзеці.

Да прыкладу, у лесе каля вёскі Кулікі Дзяржынскага раёна прапалі двое хлопчыкаў, 13-ці і 12-ці гадоў. Дзеці пайшлі ў лес з дарослымі, але заблудзіліся. Падлеткаў удалося знайсці толькі на наступныя суткі раніцай. З 17-га верасня вядуцца пошукі 10-гадовага Максіма ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці, які адправіўся па грыбы ў Белавежскую пушчу, што суседнічае побач з яго вёскай, і прапаў. Да пошукаў хлопчыка падключылася ўся рэспубліка, гэта каля дзвюх тысяч выратавальнікаў, ваенных, міліцыянераў, валанцёраў з верталётамі і службовымі сабакамі…  

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае, што не варта адпраўляцца ў лес у адзіночку. Неабходна паведаміць блізкім або знаёмым аб маршруце і часе вяртання. Апранаць варта не камуфляж, а што-небудзь яркае. З сабою павінны быць тэлефон, вада, нож, запалкі. Варта запамінаць дарогу па такіх прыкметах, як мурашнік, ручай і т. п. Ні ў якім разе нельга адпускаць у лес адных дзяцей!

Калі вы заблудзіліся ў лесе, першае, што неабходна зрабіць, зарыентавацца на мясцовасці, вызначыць, дзе можна знайсці ваду і агонь, каб абараніцца ад холаду і арганізаваць начлег. Калі з сабою мабільны тэлефон, трэба набраць нумар службы выратавання.

Калі аказаліся ў лесе без тэлефона, а сваё месцазнаходжанне не можаце вызначыць нават прыблізна, спыніцеся і не паддавайцеся паніцы. Галоўнае – выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі могуць быць лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі. Знайшоўшы любы з гэтых аб’ектаў, ідзіце ўздоўж яго. Калі па дарозе натрапіце на ручай ці раку, ідзіце ўніз па цячэнні – абавязкова выйдзеце да людзей. Прыслухайцеся: шум трактара чуваць за 3-4 км, брэх сабакі – за 2-3 км, рух поезда – за 10 км. Ідзіце на гук.

Не варта выбірацца з лесу ноччу. Для начлегу падыдзе яма ад вывернутага з коранем дрэва. З галін можна зрабіць прыстанішча ў выглядзе шалаша, падсцілку – са спадручных матэрыялаў. Ліст газеты, засунуты пад вопратку, змяншае цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лісце, набітае пад вопратку. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся аб тым, каб не прайшлі міма вас, – павесьце на кусты кепку, насавую хусцінку ці ліст паперы, абламіце галіны, чым прыцягнеце ўвагу.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *