Кірмашовая раніца

Нумары Соцыум

0410a

Наш стаўбцоўскі Цэнтральны рынак, які называюць яшчэ і Калгасным, рана прачынаецца. Яшчэ будзільнікі на мабільніках сем гадзін не адзванілі, а ўжо размовы сярод людзей: «Што, збожжа з «Жацерава» ўсё прадалі? А я во не паспеў».

Сапраўды, жацераўцы руплівыя, пэўна, раней за ўсіх прыехалі. І згодна з народнай прымаўкай, ніхто з таго не будзе кпіць, хто позна не спіць. На зайздрасць суседзям дамоў з грашыма паедзе.

Гаспадары разваротлівыя як у працы, так і ў гандлі. А наконт таго, каб збожжа купіць ці на бліны пухнатыя, ці на корм жывёле свайго падворка, усё ж праблемы не было. Калі ласка, падыходзьце да любой з машын, што выстраіліся на рыначнай плошчы. Ячмень і трыцікале па 25 капеек за кілаграм, пшаніца па 30. Гэта прэйскурант ААТ «Каганец». Прыцягальныя прапановы і ў іншых гаспадарак, што прывезлі сваю прадукцыю на рынак у мінулую нядзелю, аб’яўленую кірмашовай. Багаты асартымент – морква, буракі, капуста, цыбуля – у гандляроў з ААТ «Агранёманскі». «Вішнявецкі-агра» ў дадатак да вітаміннай гародніны прапаноўваў і сваю фірменную садавіну – яблыкі і грушы таксама ішлі нарасхват. Бульба – наш другі хлеб, і пакоўныя мяшкі адважвалі пакупнікам з практычна ўсіх машын гаспадарак, цана тут памяркоўная – па 30 капеек за кілаграм. Гэтаксама і гародніну, кошт якой ад 30 да 50-60 капеек. Спраўна ішоў гандаль прадукцыяй ААТ «Рубяжэвічы», «Шашкі», «Радзіма Якуба Коласа», «Рочавічы», іншых гаспадарак. Рупіліся прыватнікі, людзі, якія прывезлі на продаж вырашчанае на сваіх агародах, сабранае ў лесе, вядома ж, малочныя, мясныя прадукты, яйкі… Як заўсёды, кааператыўны гандаль, прадукцыя прамыслоўцаў. Наўрад ці хто паехаў ці пайшоў з кірмашу з пустымі рукамі.

А як жа было пайсці ні з чым. Калі святочны настрой стваралі здатныя артысты – ансамблі дамоў культуры «Раніца» Вішнявецкага, «Дольніца» Горкаўскага, «Коласавы землякі» Любкаўшчынскага і вакальная група Старасвержанскага цэнтра культуры. Да новых кірмашоў!

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *