Рыхтуемся да ацяпляльнага сезона

Нумары У райвыканкаме

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне аб падрыхтоўцы аграпрамысловага комплексу раёна да ацяпляльнага сезона 2017-2018 гадоў. Па гэтым пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака.

Аляксандр Мікалаевіч паведаміў, што прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» прымаліся меры па эканомным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Рэалізаваны асноўныя мерапрыемствы, якія дазваляюць забяспечыць устойлівае цепла-, электра- і водазабеспячэнне жыллёвага фонду, аб’ектаў вытворчага, сацыяльна-культурнага прызначэння.

Усяго ў раёне на 19 верасня 2017 года ў 94 ведамасных цеплакрыніц зарэгістравана 80 пашпартоў гатоўнасці, у 145 спажыўцоў цеплавой энергіі зарэгістравана 123 пашпарты гатоўнасці.

На балансе УП «Стаўбцоўскае АКС» існуе 41 цеплакрыніца, на ўсе атрыманы пашпарты гатоўнасці (100%). Не выкананы АКС толькі план па нарыхтоўцы запасаў паліва. Так, нарыхтавана брыкету 150 тон (100%), дроў – 6300 пл. куб. м (78,8%), драўнянай шчапы – 1104 пл. куб. м (58,2%).

Філіялам ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы праведзены комплекс неабходных рамонтна-прафілактычных работ, створаны запас мазуту ў аб’ёме 214 тон (пры плане 420 тон), дроў – 126 пл. куб. м (пры плане 550 пл. куб. м).

Для захоўвання цяпла ў жылых дамах, надання ім эстэтычнага выгляду за гэты час праведзены бягучы і капітальны рамонты жылога фонду. За 8 месяцаў 2017 года выканана работ па бягучым рамонце жылога фонду на суму 50,1 тысячы рублёў. За гэты ж перыяд уведзена ў эксплуатацыю жылых дамоў пасля капітальнага рамонту 688 квадратных метраў (пасёлак Наваколасава, вуліца Перамогі, 10), пры заданні 3600 квадратных метраў (19%).

Стаўбцоўскім участкам Валожынскага філіяла ДП «Мінаблпаліва» за студзень–жнівень пастаўлена арганізацыям 192,5 тоны торфабрыкету (пры плане 150 тон) і 118,3 пл. куб. м дроў (план 100 пл. куб. м), насельніцтву – 771 тона торфабрыкетаў і 497,2 пл. куб. м дроў.

У поўным аб’ёме выкананы мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона і забяспечана ўстойлівая работа ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ».

На балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ёсць 45 спажыўцоў цеплавой энергіі, на іх атрыманы пашпарты гатоўнасці, а таксама атрыманы пашпарты гатоўнасці на тры цеплакрыніцы. Своечасова падрыхтаваўся да ацяпляльнага перыяду і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. ВУ «Стоўбцыгаз» у поўным аб’ёме выкананы мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду: заменена 903 адзінкі старога бытавога газавага абсталявання, устаноўленага ў жылых дамах за сродкі ўласнікаў і гаспадароў жылога фонду (план – 650 адзінак), праведзена замена абсталявання шафавага рэгулятарнага пункта № 28 у вёсцы Задвор’е.

Не атрымалі пашпарты гатоўнасці, у адпаведнасці з графікам, распрацаваным Стаўбцоўскім МРА «Энерганагляд», жыллёва-будаўнічыя кааператывы «Вікторыя» і «Крыніца».

Ёсць яшчэ над чым папрацаваць перад зімой і некаторым сельскагаспадарчым таварыствам. Напрыклад, ААТ «Агранёманскі», «Дзераўное», «Рочавічы», «Вішнявецкі-агра», «Шашкі» не абсталявалі ацяпляльнымі прыборамі мехмайстэрні.

Даручана арганізацыям і ўстановам усіх формаў уласнасці, што размешчаны на тэрыторыі раёна, да 1 кастрычніка 2017 года завяршыць падрыхтоўчыя работы да наступаючага ацяпляльнага сезона і забяспечыць афармленне пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2017-2018 гадоў.

З садакладамі і справаздачамі аб падрыхтоўцы аграпрамысловага комплексу раёна да ацяпляльнага сезона 2017-2018 гадоў выступілі начальнік Стаўбцоўскага міжраённага аддзялення «Энерганагляд» Анатоль Герасімовіч, начальнік Стаўбцоўскага РАНС Валерый Ілюшын, дырэктар РУП «Стаўбцоўскае АКС» Дзмітрый Мурын.

Работа арганізацый раёна ў бягучым годзе накіравана на забеспячэнне выканання Праграмы па энергазберажэнні, на зніжэнне мэтавага паказчыка па спажыванні паліўна-энергетычных рэсурсаў, максімальнае выкарыстанне мясцовых відаў паліва.

Падрыхтавала Н. АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *