Дзень прафсаюзнага лідара ў Стоўбцах

Нумары Соцыум

0410

На мінулым тыдні два абласныя семінары прайшлі на базе цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта патрабавала вялікай арганізатарскай работы і намаганняў ад калектыву медыкаў.

Адзін з іх сабраў лідараў галіновага прафсаюза працаўнікоў аховы здароўя вобласці і прадстаўнікоў маладзёжнага савета Мінскай абласной прафсаюзнай арганізацыі. Прафсаюзны актыў зацікавіў вопыт сацыяльнага партнёрства адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі Стаўбцоўскай раённай бальніцы ў рабоце з маладымі спецыялістамі і развіцці настаўніцтва.

У калектыве медыцынскіх работнікаў раёна 84 маладыя спецыялісты: 37 урачоў, 45 спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу і два працаўнікі абслугоўвага персаналу. Толькі ў бягучым годзе гасцінна прыняты ў штат 24 маладыя ўрачы і 26 спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу. У 2018 годзе плануецца прыбыццё яшчэ 20 маладых урачоў.

Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка расказала аб мерах, якія прымаюцца адміністрацыяй па замацаванні кадраў, а таксама аб практыцы настаўніцтва. Маладыя кадры актыўна прыцягваюцца да жыцця медыцынскай установы, ім прадастаўляецца магчымасць кар’ернага росту. У камісію па рабоце з моладдзю прафсаюзнай арганізацыі ўвайшлі ўрачы-стаматолагі Уладзіслаў Куель, Дзмітрый Панамароў, загадчыца Тонаўскага ФАПа Надзея Алізаранка. Юліі Цыдзік даверана ўзначаліць неўралагічнае аддзяленне райбальніцы, Яўгенію Габрусевічу – аддзяленне хуткай дапамогі.

Мерапрыемствы кадравай палітыкі ўключаюць магчымасць павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі і атрымання новай кваліфікацыі, сумяшчэння прафесій. Маладым спецыялістам зацверджана павышэнне тарыфнай стаўкі да 50 працэнтаў. Ім прадастаўляюцца два дадатковыя дні да водпуску. Ёсць надбаўкі за інтэнсіўнасць працы, выкананне паказчыкаў мадэлі канечных вынікаў. Вялікая ўвага надаецца забеспячэнню жыллём маладых спецыялістаў. Уведзены новы інтэрнат. Тым, хто здымае жыллё, праводзіцца кампенсацыя ў памеры трох базавых велічынь.

З мэтай засваення прафесійных навыкаў і паспяховай адаптацыі маладых спецыялістаў у калектыве загадам галоўнага ўрача за імі замацаваны высокакваліфікаваныя спецыялісты.

Аб актыўным удзеле маладых спецыялістаў у грамадскім жыцці калектыву, аб традыцыях правядзення розных урачыстасцяў расказала прысутным старшыня прафсаюзнай арганізацыі Флюза Анушкевіч. Яна працуе загадчыцай аптэкі і ўжо пяць гадоў узначальвае прафсаюзную арганізацыю. Флюза Фаізаўна лічыцца адным з лепшых прафсаюзных старшынь у Мінскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза. З яе вопытам работы па справавытворчасці, інфармацыйнай рабоце, рабоце з моладзю і ў іншых пытаннях калегі маглі азнаёміцца не толькі з яе відэапрэзентацыі, але і на стэндах, якія былі прапанаваны да ўвагі ўдзельнікам абласнога семінара ў фае. Выстава мастацкіх работ, выкананых работнікамі медыцынскай установы, таксама засведчыла прыклад актыўнасці і ініцыятыў членаў прафсаюза.

Семінар уключаў азнаямленне з цэнтральнай раённай бальніцай, дзе ўкладзены вялікія фінансавыя сродкі для рэканструкцыі і рамонту службовых памяшканняў і аддзяленняў, што стварыла выдатныя ўмовы для работы медыцынскаму персаналу. Была арганізавана экскурсія ў інтэрнат на былых плошчах стаматалагічнага аддзялення, дзе атрымалі месцы 18 урачоў і дзве маладыя сям’і.

Мы просім старшыню Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Аляксандра Шамаля падвесці рысу ў рабоце семінара:

–             Выязныя дні прафсаюзнага лідара, якія мы практыкуем, даюць магчымасць не толькі пераймання цікавага вопыту работы пярвічных прафсаюзных арганізацый, але і вучобы прафсаюзнага актыву. У Стаўбцоўскай ЦРБ нас цікавіць вопыт работы з маладымі кадрамі, а таксама практыка ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэння належных умоў спецыялістам. За апошнія два гады ў гэтым накірунку ў Стоўбцах зроблена столькі, колькі не было выканана за дзесяцігоддзі. Форма адзінага дня прафсаюзнага лідара прадугледжвае і маніторынг дзейнасці пярвічных прафсаюзных арганізацый. Дзейнасць рэспубліканскіх і абласных галіновых прафсаюзных арганізацый у многім залежыць ад таго, як працуюць пярвічкі на месцах.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *