Вага партфеля

Нумары Увага - дзецям

На працягу апошняга дзесяцігоддзя мы назіраем, што нашы дзеці часцей сядзяць за камп’ютарам і тэлевізарам, чым гуляюць на свежым паветры. Гіпадынамія стала пастаянным спадарожнікам падрастаючага пакалення. Гэтымі прычынамі абумоўлены рост захваральнасці апорна-рухальнага апарата ў дзяцей, і ў першую чаргу – хвароб пазваночніка. У Беларусі парушэнні асанкі, сутулаватасць, скрыўленне пазваночніка, скаліёз сустракаюцца ў кожнага дзясятага вучня.

Прафілактыка гэтых захворванняў залежыць не толькі ад медыцынскіх работнікаў і педагогаў, але і ад бацькоў, саміх вучняў.

Першае, што варта засвоіць на пачатку новага навучальнага года, – неабходнасць павелічэння рухальнай актыўнасці школьнікаў. І аднымі ўрокамі фізкультуры гэтую праблему наўрад ці вырашыць. Фізкультурай варта займацца 10 гадзін на тыдзень. Эфектыўнымі ў гэтым плане з’яўляюцца рухомыя гульні на свежым паветры, пешыя прагулкі, язда на веласіпедзе, плаванне.

Другое – не абысціся без кантролю за рабочай позай школьніка за сталом і партай, падбору мэблі ў адпаведнасці з яго ростам у школе і дома. Асноўныя патрабаванні да правільнай рабочай позы – гэта максімальная апора тулава, рук і ног, а таксама сіметрычнае становішча цела. Важна, каб мэбля адпавядала росту дзіцяці. Дарослым трэба пастаянна сачыць за правільнасцю позы дзіцяці падчас заняткаў у школе і дома.

Трэцяе патрабаванне звязана з абмежаваннем часу работы за камп’ютарам ці знаходжання ля тэлевізара. Варта памятаць, што пры перавышэнні дапушчальнага часу работы за камп’ютарам церпяць усе органы і сістэмы неакрэплага дзіцячага арганізма. Дапушчальны час работы з камп’ютарам для дзяцей складае: ва ўзросце пяці гадоў – 7 мінут, 6-10 гадоў – 15 мінут, 10-15 гадоў – 40 мінут, 16-18 гадоў – не больш за тры гадзіны ў дзень (з перапынкамі па 20 мінут праз кожныя 30 мінут работы). Бацькам неабходна звяртаць увагу на звычкі дзіцяці і вучыць яго сядзець прама, праз кожныя 30-40 мінут пераключацца на размінку, гульні.

Важна кантраляваць вагу школьнага ранца. Штодзённы камплект падручнікаў з пісьмовымі прыладамі (без вагі ранца ці рукзака) не павінен перавышаць: 1,5 кг – для вучняў 1-2 класаў, 2 кг – для вучняў 3-4 класаў, 2,5 кг – для вучняў 5-6 класаў, 3 кг – для вучняў 7-8 класаў, 3,5 кг – для вучняў 9-11 класаў.

Выкананне ўсіх названых прафілактычных мер дазволіць нашым дзецям расці здаровымі фізічна, псіхічна і псіхалагічна.

Таццяна ПАРХІМОВІЧ, памочнік урача-гігіеніста РЦГіЭ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *