Стараннямі маладых множыліся здабыткі

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Сельская гаспадарка

Аляксандр Швагерус (на здымку злева) працуе вадзіцелем у ААТ «Вялікі Двор». Хлебаробы таварыства атрымалі сёлета самую высокую ў раёне ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур. На круг намалочана звыш 64 цэнтнераў. У важкі каравай гаспадаркі ўнёс немалы ўклад і малады вадзіцель. Дбайны працаўнік перавёз 1432 тоны збожжа і насення рапсу. Аляксандр першы год шчыраваў на жніве (да гэтага чатыры гады ў яго распараджэнні была легкавушка – вазіў дырэктара) і адразу стаў лідарам сярод калег у раёне. Даручылі яму МАЗ-457043. Грузападымальнасць аўтамашыны не дасягае і пяці тон, але ён здолеў паказаць даволі высокі вынік. Кіраўнік таварыства Вольга Луцык падкрэсліла, што Аляксандр сумленны работнік. Ён дакладна ведае чаго хоча і крок за крокам ўпэўнена рухаецца да пастаўленай мэты.

– Да гэтага вадзіцеля няма ніякіх прэтэнзій, ён проста малайчына, – гаворыць намеснік дырэктара па раслінаводстве Генадзій Бязушка. – Пабольш бы такіх работнікаў, як Аляксандр. Аўтамашыну ён пастаянна падтрымлівае спраўнай. Усе даручаныя заданні выконвае хутка і дакладна. Перавозку збожжавых ажыццяўляў па ўсіх правілах, бо даволі пунктуальны і дысцыплінаваны чалавек. Кузаў машыны належным чынам ушчыльніў, не выязджаў з поля, пакуль не накрые збожжа брызентам.

Аляксандр Швагерус працаваў з экіпажам у складзе Аляксандра Тарабэша і Івана Бакулева. У гаспадарцы за кожным камбайнам замацавана аўтамашына. Камбайнеры сёлета намалацілі 1595 тон збожжа, насення рапсу і шматгадовых траў – лепшы паказчык у таварыстве. Генадзій Генадзьевіч падкрэслівае, што Аляксандр з’яўляецца як бы паўнапраўным, трэцім членам экіпажа. Дарэчы, як і ўсе астатнія вадзіцелі, бо так пабудавана на жніве работа. Калі ёсць патрэба замяніць запчастку, якая выйшла са строю, – вадзіцель едзе на мехдвор. У яго абавязкі ўваходзіць даставіць на абед у сталовую экіпаж камбайнераў. Пры гэтым у зручны для іх час, бо бывае, што трэба гонку дажаць або бункер да канца запоўніць, таму неабходна затрымацца. Адным словам, работнікі напружана працуюць разам у адным ланцужку цэлы месяц і робяць агульную справу. Аляксандр плённа рупіўся на ўборцы і адначасова быў заняты на падвозцы зялёнай масы на ферму. З раніцы даставіць «зялёнку» жывёле, а затым хуценька едзе на поле. У міжсезонне возіць розныя грузы.

Сям’я Швагерус прыехала на працу ў гаспадарку з Казахстана. Неўзабавае Аляксандр ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, і яны цяпер жывуць у новым доме з выгодамі. Нарадзіўся сын.

– Не выпадае з ім асабліва і пабыць, бо калі адыходжу на работу, ён яшчэ спіць, вяртаюся – ужо адпачывае, – распавядае малады чалавек. – Але нічога, зімою менш работы, і будзем праводзіць з ім больш часу.

Пра дасягнуты поспех Аляксандр расказвае спакойна. Машына не падвяла, надвор’е на ўборачную выдалася спрыяльным, ураджайнасць высокая, так што ўсё склалася выдатна. Працаваць у гаспадарцы падабаецца. Зразумела, нялёгка прыходзіцца. Але лёгкага хлеба, як кажуць, не бывае.

Аляксей Русецкі, які першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа, а затым падвоіў дасягнуты вынік, стаў сёлета героем жніва. Атрыманая перамога вельмі важная не толькі для самога маладога чалавека, а і гонар для кіраўніцтва ААТ «Шашкі». Упершыню ўшанаванне перадавікоў жніва пачалося менавіта з гэтай гаспадаркі. За шчырую працу Аляксею былі ўручаны падзячныя пісьмы, падарункі, прэмія. Яго ўшанавалі не толькі ў раёне, атрымаў перадавік узнагароду і ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Парупіліся і ў сельгаставарыстве годна адзначыць свайго лепшага працаўніка, які сёлета праславіў гаспадарку.

Аляксей Русецкі – вясковы хлопец. Нарадзіўся і вырас у Шашках. Бацька працаваў механізатарам у сельгаставарыстве, маці – на цагельным заводзе. На завод пайшоў адразу і Аляксей, але затым неаднойчы мяняў месца працы. Шукаў сябе ў прафесіі. І ў рэшце рэшт працоўны шлях прывёў яго назад, у родную гаспадарку. Меў вадзіцельскае пасведчанне, таму прапанавалі работу вадзіцеля. Вось ужо чатыры гады, як водзіць велікагрузы. Гэтымі днямі заняты на нарыхтоўцы кармоў. У таварыстве ўбіраюць кукурузу. Вадзіцель адвозіць ад камбайна зялёную масу. На яго рахунку ўжо нямала перавезенай «зялёнкі». Дарэчы, Русецкі мае і пасведчанне трактарыста.

– Аляксей – работнік працалюбівы і пакладзісты, выконвае як след усе заданні, – расказвае галоўны аграном Святлана Талстая. – Удзельнічае і ў палявых работах. Мы даручаем яму энерганасычаны трактар «Беларус-3022» з плугамі, на якім восенню ён уздымае зябліва. Сёлета Аляксей Русецкі даказаў, што ўмее працаваць і дасягаць высокіх вынікаў. Яго аўтамашына, якую своечасова абслугоўвае, усю ўборачную адпрацавала без паломак, хоць ёй ужо адзінаццаць гадоў. А калі б тэхніка нечакана і зламалася, то рамантаваў бы яе ноччу, каб раніцаю зноў выехаць у поле.

Аляксей дакладна разбіраецца ў тэхніцы. Заўсёды сам даводзіць да ладу даручаную яму машыну, таму і бегае яго МАЗ спраўна па вясковых дарогах. Дапамагае ў рамонце калегам, калі ёсць такая патрэба, бо ўмее ўпраўляцца і з газаэлектразварачным апаратам. Чалавек ён па характары сціплы, нават крышку сарамлівы. Хваліцца не любіць. Гаворыць, што ў дасягнутым ім поспеху ёсць часцінка працы кожнага работніка таварыства. Галоўнае – не расслабляцца і да канца вытрымаць напружанне ўборачнай кампаніі. А напружанне гэтае адчувалася і дома, дзе познім вечарам перадавіка хлебнай нівы чакалі жонка і дачка-школьніца. Яны стараліся смачна накарміць свайго мужа і тату, стварыць яму ўсе ўмовы для адпачынку. І гэтая ўвага мацавала сілы галавы сям’і. Варта дадаць, што Вераніка Іосіфаўна працуе ў таварыстве спецыялістам па ахове працы.

Поспех маладога вадзіцеля – яскравы прыклад таго, як можна дастойна працаваць і паказваць выдатны вынік нават пры невысокай ураджайнасці. У гаспадарцы сёлета намалочана з кожнага гектара па 28 цэнтнераў збожжа. Важна, аднак, адзначыць, што хлебаробы пастараліся і спрацавалі з плюсам у адносінах да мінулагодняга выніку.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *