Душой заўсёды малады

Людзі і лёсы Нумары

0410d

Павіншаваць Мар’яна Іосіфавіча Карніцкага з 80-гадовым юбілеем у Горкаўскі дом культуры прыйшлі многія, хто з ім працаваў у калгасе «Чырвоны сцяг», затым – у сельскагаспадарчым кааператыве «Жацерава». Мар’ян Іосіфавіч 30 гадоў узначальваў гаспадарку, яна была ў ліку моцных у раёне. Мясцовыя жыхары з вялікай павагай да яго адносяцца, таму што і ён да іх на сваёй пасадзе быў уважлівым, меў клопат аб людзях працы.

Віншавалі Мар’яна Іосіфавіча кіраўнікі раёна, мясцовых арганізацый. Першы намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Колясень выказаў Мар’яну Іосіфавічу ўдзячнасць за шматгадавую працу ў аграпрамысловым комплексе раёна і асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі. Мар’яну Іосіфавічу былі ўручаны Ганаровая грамата райвыканкама, Ганаровая грамата раённага савета Аграпрамысловага саюза і падарункі.

Узнагароды і словы ўшанавання адрасавалі Мар’яну Іосіфавічу старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч, старшыня ААТ «Жацерава» Аляксандр Дударэвіч, ад імя раённай ветэранскай арганізацыі – Уладзімір Пашковіч. Вельмі цёплыя словы выказалі юбіляру спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Людміла Калішэвіч і старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Жацерава» Ганна Новік. Яны доўгія гады працавалі з Мар’янам Іосіфавічам. Гэтыя гады пакінулі шмат добрых успамінаў, усім было прыемна ад праяўлення такой любові адзін да аднаго.

Віншаванні Мар’яну Карніцкаму адрасавалі прадстаўнікі Савонскага дзіцячага сада. Вучні Горкаўскай СШ падрыхтавалі святочную праграму. Работнікі Горкаўскага дома культуры падарылі юбіляру творчы вечар з канцэртнай праграмай. Усе, хто віншаваў Мар’яна Іосіфавіча сваімі цёплымі словамі, склалі партрэт гэтага прыгожага чалавека. А работнікі культуры адкрылі і такі яго талент: да ўсіх сваіх выдатных якасцяў ён мае яшчэ і спеўны дар. Мар’ян Іосіфавіч пацвердзіў гэта – узяў мікрафон і выканаў песню. Многая лета юбіляру!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *