У вобласці – у пяцёрцы

Нумары Спорт

У перадапошнім, сямнаццатым туры першынства Мінскай вобласці па футболе вызначыўся пераможца. Чэмпіёнскае званне заваявала каманда «Лівадзія-Юні». Калектыў, які прадстаўляе Дзяржынск, з лікам 3:1 адолеў каманду ДЮСШ-2 з Барысаўскага раёна і стаў недасягальным для сапернікаў. У дзяржынцаў 43 ачкі, у камандаў «Фалько» (Дзяржынскі раён) і «Хімік-Беларуськалій» (Салігорск) па 39 ачкоў. У якім парадку размесцяцца каманды, стане вядома пасля заключнага тура.

А стаўбцоўскі «Нёман-ДЮСШ» мае ўсе шанцы ўвайсці ў пяцёрку мацнейшых. Для гэтага трэба будзе выйграць у наступную нядзелю ў Лагойску. Мясцовая каманда замыкае турнірную табліцу, але ж гэта не значыць, што сапернікі не будуць змагацца за лепшую пазіцыю.

Цяпер жа наш «Нёман-ДЮСШ» у напружаным паядынку перамог ФК «Фалько». На чатыры галы, якія правялі Паляшчук, Туміловіч, Петрашкевіч і Рубін, сапернікі з Дзяржынскага раёна адказалі трыма. Гэтая сустрэча сабрала на стадыёне «Юнацтва» нямала гледачоў.

А прадстаўнік Стаўбцоўшчыны ў першай лізе чэмпіянату рэспублікі «Нёман-Агра» ў наступную суботу выязджае ў Светлагорск, дзе сустрэнецца з камандай «Хімік». Далей – каляндарныя сустрэчы з камандамі Слоніма, Пінска, Смалявіч, Бабруйска і мінскім «Энергетыкам». Будзем спадзявацца, што ачковы багаж каманды папоўніцца.

Аматараў футбола, вядома, зацікавяць матчы зборнай Беларусі ў адборачным турніры першынства свету. У фінальны этап, які будзе праведзены ў чэрвені – ліпені наступнага года ў Расіі, нашым ужо не трапіць. Але ж спадзявацца на добрую гульню ў сустрэчах папярэдняга этапа з камандамі Францыі і Галандыі балельшчыкі будуць. Тым больш, што ў састаў зборнай Беларусі ўваходзіць наш зямляк Аляксандр Карніцкі, які гуляе за расійскі клуб «Тосна». Ёсць шанц гучна заявіць пра сябе!

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *