Талісман – для рэкордаў Еўрапейскіх гульняў

Нумары Спорт

Аб’яўлены адкрыты рэспубліканскі конкурс на распрацоўку талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія будуць праводзіцца на спартыўных арэнах Беларусі ў 2019 годзе. Праявіць сваю фантазію ў мастацкім адлюстраванні вобраза, што ўвасабляў бы асаблівасці культуры народа, можа кожны.

Паняцце «алімпійскі талісман» афіцыйна зацверджана і мае сваю гісторыю. Усім знаёмы талісман летніх Алімпійскіх гульняў у Маскве – сімпатычны мядзведзік. «Да пабачэння, мішка, вяртайся ў свой казачны лес», – памятная многім прачулая песня, якая часта гучала з экранаў тэлевізараў. На зімовай Алімпіядзе 2014 года ў Сочы талісманам быў леапард. Зайчыкі, ваўчаня, янот, сабачка, бабёр, тыграня – усё гэта талісманы Алімпіяд, што праводзіліся ў розных краінах і амаль на ўсіх кантынентах. А яшчэ ў якасці талісманаў служылі экзатычныя расліны, ды і чалавечкі, нават іншапланецяне, наогул міфічныя, казачныя істоты.

Матыў зразумелы – арыгінальны, цікавы малюнак, які б сціслымі штрыхамі, але ёміста, шматбакова прадстаўляў свет краіны, яе спартыўны воблік. Дарэчы, у інтэрнэце і прэсе прадстаўлены прапановы, якія падаюцца да Еўрагульняў у Беларусі. Летні час, пярэдадзень Купалля. І як шмат тут сімвалічных вобразаў! Зорная ноч, касцёр, рэчка, дзяўчаты з вяночкамі, папараць-кветка. І тут жа беларускі арнамент – вельмі жаданы атрыбут. Фігурка чалавека ці якой істоты, каб акрамя малюнка, мець і сувенірную ляльку, значок… Праца для творчых мастакоў.

Пэўна, удзелам у конкурсе зацікавяцца і нашы землякі. Умовамі прадугледжана, што талісман павінен адпавядаць алімпійскім каштоўнасцям і слогану, які ў перакладзе з англійскай мовы гучыць так: «Яркі год, яркі ты». З падрабязнасцямі правядзення конкурсу можна азнаёміцца на сайтах Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, БелТА. Заяўкі прымаюцца да 15 лістапада 2017 года. Уладальнікі прызавых месцаў атрымаюць запрашальныя білеты на мерапрыемствы ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама камплекты параднай спартыўнай формы нацыянальнай зборнай Беларусі.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *