Перспектыву набліжаюць напружаныя будні

Нумары Прадпрымальніцтва

22Апошнія даныя аб аб’ёмах вытворчасці, рэнтабельнасці продажаў, экспартных адгрузках – гэтая інфармацыя не сыходзіць з рабочага стала дырэктара філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Анатоля Молчана. Вопытнага кіраўніка радуе тое, што па ўсіх паказчыках перасягнуты стопрацэнтны рубеж. Гэта няпростая задача кожнага дня, месяца, года… З усіх іх складаюцца напружаныя будні, вытворчы рытм калектыву, у якім працуюць 1 300 чалавек, і ў цэлым –  горадаўтваральнага прадпрыемства.

– У кастрычніку бягучага года плануем атрымаць першае ліццё, – дзеліцца Анатоль Молчан наконт завода, які ўзводзіцца па інвестыцыйнай урадавай праграме  высокатрывалага чыгуннага ліцця. – Корпус новага завода пабудаваны, абсталяванне – заказана, да канца красавіка яно павінна «падысці» (галоўны інжынер і галоўны энергетык філіяла якраз у гэты час знаходзіліся ў службовай камандзіроўцы ў Італіі – на прыёмцы абсталявання), падрыхтаваны шыхтавы двор. На заводзе ёсць свой спецыяліст – Павел Ярахавец. Вельмі граматны малады чалавек, які закончыў БНТУ менавіта па профілі «ліцейная вытворчасць». Пазней будзем падбіраць іншыя кадры. А іх спатрэбіцца ў агульнай складанасці каля 900 чалавек.

– Чаму ў першую чаргу мяркуеце асвойваць выпуск гільзы? 

– На даны момант Мінскі маторны завод закупляе яе ва Украіне. За валюту, якой сёння не хапае. А тут усё будзе на месцы, ды і наша адліўка – па тэхналогіі – выйдзе лягчэйшай. У адпаведнасці  з праектам плануем у будучым рабіць адліўкі і на заказ. Я лічу, што з развіццём ліцейнай вытворчасці мы зможам зарабіць грошы, якія так неабходны для тэхпераўзбраення філіяла. Атрымае развіццё і наш горад-спадарожнік Мінска.  

– Не стаіць на месцы лінейны рад вашай прадукцыі – кампрэсарных станцый, дызель-генератарных установак. Прадстаўлены ўвогуле вопытныя ўзоры, якія пакуль нікім не выпускаюцца ў маштабах СНД. Як мяркуеце расшыраць рынкі збыту прадукцыі?

 – Сёння вельмі складана канкурыраваць з Палтаўскім турбамеханічным заводам, Санкт-Пецярбургскім «Арсеналам», Чалябінскім кампрэсарным заводам… Гэта – брэнды, з прыватнай формай уласнасці і, адпаведна, з больш гібкай вытворчасцю. Але паўсюдна ў іх завязаны рухавік маркі «ММЗ», што таксама дае нам права заваёўваць рынкі збыту. У новым годзе падпісалі кантракт з Казахстанам. Ужо прыйшлі на наш разліковы рахунак грошы за першую станцыю.  У мінулым годзе мы вырабілі 160 станцый, прыкладна столькі ж  і адгрузілі.  Думаю, у гэтым годзе будзем прадаваць больш. Па вялікім рахунку, нас нішто не стрымлівае ў вытворчасці станцый – былі б заказы, плацяжы… Мы гатовы прапанаваць кліентам і сэрвіснае абслугоўванне.

– За добрую працу прынята ўзнагароджваць. Муляру філіяла Аляксею Храмянкову кіраўнік урада ўручыў медаль «За працоўныя заслугі».

 – Аляксей Іванавіч – дастойная кандыдатура. Пра гэта сказалі нам не толькі ў аддзеле капітальнага будаўніцтва – падтрымаў увесь завод. Вось такія людзі ў нас працуюць! Хто не дацягвае, той вучыцца. Хацелася б пабольш ініцыятывы ад моладзі. На заводзе сярэдні ўзрост работнікаў – 41 год. 

– Цікава даведацца пра сацпакет на заводзе.  

– Інтэрнат – гэта наша жыллё. Укладваем у яго сродкі, падтрымліваем у нармальным стане. Прадастаўляем усім, хто прыходзіць працаваць на завод і не мае жылля. Калі з’яўляецца сям’я, дзеці, выдзяляем блок, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы нашых работнікаў. Маем добрую сталовую.  На ўзроўні падтрымліваем наш ведамасны аздараўленчы лагер «Церамок». 

Культура вытворчасці, парадак на тэрыторыі, рабочы настрой і аб’ёмы вытворчасці – як бачна, на філіяле ўсё гэта ўзаемазвязана і ўзаемазалежна.

Гутарыла  Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *