Паўсюдна наводзіць парадак

Нумары

Дапамога грамадзянам у паляпшэнні жыллёвых умоў заўсёды будзе ў ліку прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса і пытаннях удасканалення заканадаўства па скарачэнні пустуючых і старых дамоў.

«Мы павінны стварыць усе ўмовы і механізмы, каб дапамагчы людзям, якія маюць патрэбу, перш за ўсё, у паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэты кірунак – найважнейшы складнік сацыяльнай палітыкі Беларусі. Думаю, яна застанецца назаўжды», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што вынесеная на нараду тэма актуальная тым, што закранае інтарэсы практычна ўсіх жыхароў краіны, у тым ліку тых, хто мае жыллё. «Рашэнне кватэрнага пытання – у ліку асноўных індыкатараў развіцця грамадства. Жыллё – не проста сцены і дах над галавой. Гэта месца, дзе чалавек, прыйшоўшы з працы, можа адпачыць, пабыць з сям’ёй ва ўтульнай і камфортнай абстаноўцы. Самае галоўнае – выхаванне дзяцей», – падкрэсліў беларускі лідар.

Перад удзельнікамі нарады ён паставіў шэраг пытанняў наконт таго, наколькі неабходны і наспелі прапанаваныя змены. «Першае пытанне – навошта, ці трэба, ці настаў час, што перашкаджае рабоце старым нарматыўным прававым актам, якія рэгулююць гэтыя адносіны? Ці трэба нам сёння ўрывацца ў Жыллёвы кодэкс і выкладаць яго ў новай рэдакцыі? Гэта галоўнае пытанне, на якое трэба адказаць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу наступнага года навесці ў краіне ідэальны парадак.

«Я ўжо сказаў пра тое, што ў будучым годзе мы прыкладзём максімум намаганняў для таго, каб прывесці краіну ў парадак. І не толькі таму, што гэта апошні год перад Еўрапейскай Алімпіядай у Беларусі. У 2019-м прыедуць прадстаўнікі з усяго свету паглядзець на Беларусь. Што мы ім пакажам?» – адзначыў Прэзідэнт.

«Пачынаючы ад дарог, мастоў, развязак (а гэта твар краіны), прылеглых да дарог палёў, гарадоў і вёсак і заканчваючы пасяўнымі плошчамі – усё павінна быць у ідэальным стане», – падкрэсліў беларускі лідар.

«Яшчэ адно важнае пытанне, якое я ўжо ўздымаў публічна, актуальнае – развіццё малых вёсак і хутароў. Колькасць пустуючых дамоў расце, нам неабходна стварыць умовы для эфектыўнага выкарыстання такога жылля», – заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у гэтым пытанні перш за ўсё патрэбен гаспадарскі падыход. «Гэта ў тым ліку патэнцыял для агратурызму», – лічыць беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ўжо заклікаў усіх жадаючых – не толькі багатых людзей – не забываць сваю малую радзіму. «Калі ў кагосьці ёсць магчымасць прывесці ў парадак сваю вёсачку, пабудаваўшы там, можа быць, свой дом, гэта трэба зрабіць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Што тычыцца старога, аварыйнага жылля, мая пазіцыя адназначная: на зямлі павінен быць парадак. Такія будынкі трэба прыбіраць і землі трэба вяртаць у абарот. Гэтую работу трэба паскорыць на месцах і падвесці пад гэта нарматыўна-прававы акт, каб губернатары і мясцовыя ўлады не бегалі за людзьмі, якія кінулі сваё жыллё, але ў той жа час нібыта маюць нейкую паперку на валоданне гэтым жыллём», – заявіў Прэзідэнт.

Калі чалавек сапраўды валодае тым ці іншым жыллём, то яно павінна ўтрымлівацца ў нармальным стане, сказаў Прэзідэнт. «А так ён жыве дзесьці на Камчатцы, вочы не бачаць свайго роднага дому, які нібыта ў яго ва ўласнасці. Ён ужо зарос быльнікам і нахіліўся на тры куты», – заўважыў беларускі лідар.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, прапануецца ўдасканаліць механізм адчужэння пустуючых і старых дамоў у залежнасці ад іх размяшчэння, мясцовых умоў і асаблівасцяў. Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы перасцярог, каб у даным выпадку не стварыць рознага кшталту бюракратычных бар’ераў. «Павінен быць адназначны адказ на гэтае пытанне. Калі жыллё закінута, мы даём права мясцовым органам улады яго зносіць, значыць, яно павінна быць знесена. А землі вернуты ў абарот або прададзены новаму гаспадару, ці там пасеяць хлеб», – сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе спыніць разбой з неабгрунтаваным ушчыльненнем жыллёвай забудовы і высечкай дрэў у населеных пунктах. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў на нарадзе ў Мінску.

«Сродкі масавай інфармацыі, як бы яны вамі ні былі прыкормленыя, усё часцей гавораць аб скандалах, пачынаючы ад Гомеля і заканчваючы Мінскам, з насельніцтвам з-за зносу дрэў. Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, араць. Замест таго, каб парк недзе закласці або ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба ўчыніць канфлікт з насельніцтвам?» – адзначыў беларускі лідар.

«Вы самі перасяліцеся ў гэты дом і жывіце там, а побач пабудуйце гмах на 12 паверхаў, каб ваш дом апынуўся ў двары гэтых вышынных дамоў. Абавязкова трэба канфлікт учыніць», – рэзка адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

«У Мінску «дастукаліся» да таго: пачалі пілаваць векавыя дрэвы замест таго, каб пракласці дзесьці пад дарогай, як звычайна, камунікацыі. Гэта вуліца ў раёне Мінскага трактарнага завода, паказвалі таксама СМІ», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён расказаў, што даручыў Службе бяспекі высветліць абставіны гэтага пытання, і ад «мінскіх начальнікаў» было атрымана нечаканае тлумачэнне таго, што адбываецца. Яно заключалася ў тым, што Прэзідэнт, нібыта, ездзіць на прадпрыемства па гэтай вуліцы, а таму яе нельга чапаць і закрываць на доўгі час.

Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што і наведвае-то завод не часцей чым раз у некалькі гадоў. «Я і бачыць яе (вуліцу. – Заўв. БелТА) ніколі не бачыў! Вы што, мяне спецыяльна перад насельніцтвам падставіць хочаце?» – абурыўся Прэзідэнт.

«І потым, вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? Кожны чалавек імкнецца выйсці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім дзесьці. Гэта вы ў сябе ў двары спілуеце адвечнае дрэва і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысць… Трэба спыніць гэты разбой! – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. – Бачыце, дрэва ўпадзе на дарогу. Ну, ўпадзе, прыбяром. Калі зыходзіць з гэтага, трэба выпілаваць усе паркі ў гарадах».

«Я прашу тое, што цяпер пазначыў, мець як самае жорсткае ўказанне для вашай работы. Паўтарэння больш не будзе. На людзей трэба трошкі звяртаць увагу. А то хутка адзеравянеем, як у асобных нашых суседзяў. Улада сама па сабе, а людзі самі па сабе», – рэзюмаваў беларускі лідар.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *