Хлеб – усяму галава

Нумары Сельская гаспадарка

0710f

Сёння дэлегацыя ад нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым прымае ўдзел у абласным свяце-кірмашы «Дажынкі-2017», якое праходзіць ў Смалявічах. Аграрыі працавалі ўвесь год плённа і дасягнулі неблагога паказчыка па ўборцы збожжавых культур і рапсу. У гэтым годзе сельгаспрадпрыемствамі намалочана 79 930 тон збожжа (без уліку зерня кукурузы), ураджайнасць склала 37 цэнтнераў з гектара. Сабрана 7850 тон рапсу, на круг атрымана амаль па 23 цэнтнеры масланасення гэтай тэхнічнай культуры. Аб рабоце і дасягненнях сельскагаспадарчай галіны раёна наша гутарка з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзянісам Колясенем.

– Дзяніс Сяргеевіч, вы задаволены сёлета паказчыкамі работы хлебаробаў раёна?

– Вынікі гэтага года адносна неблагія. Намалочана збожжа на 15 тысяч тон больш, чым летась. Закладвалася, аднак, ураджайнасць у межах 42 цэнтнераў з гектара пры валавым зборы 90 тон. На канчатковы вынік паўплывалі як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны, але ў цэлым хлебаробы пастараліся. Гаспадаркамі паспяхова выкананы даведзены дзяржзаказ. Сабранай колькасці збожжа будзе дастаткова для таго, каб забяспечыць фуражом на зімоўку пагалоўе буйной рагатай жывёлы, часткова разлічыцца з камбікормавымі заводамі за раней набытыя камбікармы.

Як і ў мінулыя гады, бясспрэчныя лідары па ўраджайнасці – хлебаробы ААТ «Вялікі Двор», якое ўзначальвае Вольга Луцык. У таварыстве ўпершыню за ўсю гісторыю існавання гаспадаркі працаўнікі атрымалі рэкордны вынік – намалацілі з кожнага гектара звыш 64 цэнтнераў збожжа. Паказчык на ўзроўні еўрапейскіх стандартаў і практычна сярэдняя ўраджайнасць флагмана вобласці – Нясвіжскага раёна. Варта адзначыць, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў велікадворскія рупліўцы не саступаюць калегам з раёна лідарства ў вырошчванні збожжавых культур. Яны трымаюць марку лепшага сельгаспрадпрыемства рэспублікі, і па выніках сёлетняй уборачнай кампаніі заслужылі самыя шчырыя словы ўдзячнасці.

Другое месца традыцыйна займаюць хлебаробы ААТ «Агранёманскі» на чале з дырэктарам Уладзімірам Жукавым, якія трывала замацаваліся на гэтай высокай прыступцы. Больш за 53 цэнтнеры збожжа з гектара і самы важкі валавы збор – дастойны вынік. У гаспадарцы высокая, напрацаваная гадамі, культура земляробства. Таварыства з’яўляецца элітгасам. Тут вырошчваюцца на насенне і рэалізуюцца гаспадаркам, прычым не толькі нашага раёна, перспектыўныя сарты збожжавых культур беларускай і імпартнай селекцый. Намеснікамі дырэктараў па раслінаводстве ў гэтых гаспадарках працуюць на працягу доўгага часу Генадзій Бязушка і Іван Скварчэўскі. Менавіта іх неацэнныя веды і багаты вопыт дазваляюць дабівацца даволі высокіх паказчыкаў.

Апошнім часам дынамічна развіваецца ААТ «Вішнявецкі-агра», якім кіруе Віктар Худніцкі. У раслінаводстве ўздым відавочны. Сёлета хлебаробы пастараліся і занялі трэцяе месца ў раёне па ўраджайнасці збожжавых. Спадзяюся, што і ў далейшым гэтая гаспадарка будзе нарошчваць патэнцыял. І не толькі ў раслінаводчай, а і ў жывёлагадоўчай галіне. Зусім ненамнога, на дзясятыя цэнтнера, ніжэйшая ўраджайнасць збожжавых у хлебаробаў ААТ «Жацерава» (кіраўнік Аляксандр Дударэвіч). Людзі працавалі шчыра, у справу хлебаробскую ўклалі не толькі ўсё сваё майстэрства, а і душу, і па праву заслужылі самай высокай пахвалы.

Наш раён тэрытарыяльна дзеліцца на паўднёвую і паўночную зоны. У першай, дзе размяшчаюцца вышэйназваныя сельгаставарыствы, землі больш урадлівыя, у другой – бяднейшыя. Умовы вытворчасці сельгаспрадукцыі няроўныя, таму гаварыць, што іншыя гаспадаркі спрацавалі сёлета не на ўзроўні, будзе няправільна. Стараліся ўсе і імкнуліся мець высокі вынік. Не ўсё атрымалася, але дапушчаныя памылкі будуць улічаны, каб у наступным годзе ўсе таварыствы мелі сярэднераённы паказчык. Варта адзначыць такія гаспадаркі, як ААТ «Каганец» (дырэктар Пётр Малахаў), ААТ «Налібакі Агра» (дырэктар Віталій Кушнер), ААТ «Дзераўное» (дырэктар Юрый Тарасевіч) і ААТ «Рубяжэвічы» (дырэктар Андрэй Атрушкевіч). Гэтыя кіраўнікі прыклалі шмат намаганняў для таго, каб павялічыць вынік і па выхадзе збожжа на адзін бала-гектар спрацавалі няблага.

Важна, што ўборачная кампанія ў гаспадарках раёна завяршылася своечасова і ў сціслыя тэрміны – да 20 жніўня. Пастаўленая перад аграрыямі Прэзідэнтам краіны задача выканана. Да жніва ўсе падрыхтаваліся дастойна, яно прайшло без траўматызму, бо пытанням аховы працы і захаванню здароўя і жыццяў яе ўдзельнікаў удзялялася асаблівая ўвага.

– Апошнія гады перавага ў вытворчасці кармоў надаецца бабовым шматгадовым травам, што пацягнула за сабою змяншэнне плошчаў пад збожжавымі, і як вынік, зніжэнню валавога збору. Ці апраўдана такая тактыка?

– Безумоўна. Справа ў тым, што карміць жывёлу травянымі кармамі атрымліваецца больш танна, а значыць, эканамічна выгадна. У гаспадарках цяпер закладваюцца якасныя кармы (дзеля гэтага пабудаваны і працягваюць будавацца новыя сянажна-сіласныя траншэі), і пажыўнасць іх даволі высокая. Зніжаецца сабекошт жывёлагадоўчай прадукцыі – расце рэнтабельнасць. Менавіта таму, што неабходна было паляпшаць кармавое поле, і была зменшана на 3,5 тысячы гектараў плошча пад збожжавымі. У гаспадарках ушчыльную пачалі гэтым займацца. Закуплялі насенне такой каштоўнай бялковай травы, як люцэрна. На гэтыя мэты выкарыстоўвалі і бюджэтныя сродкі. За апошнія чатыры гады паступова павялічылі пад ёю плошчу на чатыры тысячы гектараў. І менавіта ў палях севазвароту, бо гэтая трава патрабуе лепшых земляў. Маем ужо неблагі вынік. У сельгаставарыствах раёна налічаецца дзевяць тысяч гектараў шматгадовых траў. Пасеяны люцэрна і канюшына ў чыстым выглядзе і ў сумесях са злакавымі. Гэта дазволіла нарыхтаваць 120 тысяч тон сенажу, дадаткова яшчэ стаіць на корані 15 тысяч тон травы. Летась жа заклалі толькі 100 тысяч тон травяных кармоў. У гэтым годзе даволі высокі прырост. Урадзіла сёлета кукуруза, разлічваем нарыхтаваць дастатковую колькасць сіласу. Структура кармавога поля дазваляе практычна ўсім сельгаставарыствам мець паўтарагадавы запас травяных кармоў. А гэта значыць, што ў гаспадарках і надалей будзе павялічвацца вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Сёлета рост па валавой вытворчасці малака з пачатку года склаў чатыры працэнты, па мясе – тры. Лічбы невялікія, але за апошнія тры гады мы маем рост па малаку на 20 працэнтаў. І гэта не можа не радаваць. Па мясе, у сувязі з закрыццём свінатаварнага комплексу ў ААТ «Вішнявецкі-агра», мінусуем у параўнанні з папярэднім годам, і перакрыць мінус у бліжэйшы час няма магчымасці.

Дасягнутыя паказчыкі ў сельскагаспадарчай галіне – вынік зладжанай работы кіраўнікоў, спецыялістаў і радавых працаўнікоў. У складзе прадстаўнічай дэлегацыі ад нашага раёна на свята «Дажынкі-2017» дэлегаваны дастойныя людзі, якія шчыруюць у сельскай гаспадарцы і заслугоўваюць за сваю рупную працу самых высокіх слоў пахвалы. У іх ліку Герой Сацыялістычнай Працы, брыгадзір МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Зінаіда Ярашэвіч, дырэктар ААТ «Вялікі Двор», заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Вольга Луцык, вадзіцель ААТ «Агранёманскі», прызёр абласнога спаборніцтва на адвозцы збожжа ад камбайнаў Анатолій Турко.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *