Важкі каравай агранёманцаў

Нумары Сельская гаспадарка

0710

У сельскагаспадарчым таварыстве «Агранёманскі» намалочана сёлета з кожнага гектара 53,4 цэнтнера збожжавых – другі паказчык у раёне. Атрыманы самы высокі валавы збор –10 738 тон. Агранёманцы першымі сярод гаспадарак раёна пачалі продаж збожжа дзяржаве. У важкі каравай унеслі ўклад усе, хто шчыраваў на хлебнай ніве, рупіўся на мехдвары і ў канторы. Людзі выканалі пастаўленую задачу, і праца іх заслугоўвае самай высокай адзнакі.

– Як і ў мінулыя гады, найбольш апраўдалі сябе азімыя культуры, – гаворыць намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі. – Яны добра перазімавалі і вясною ўзяліся ў рост. Асабліва парадавала трыцікале, якога, у залежнасці ад сорту, намалочвалі і па 70 цэнтнераў на круг. Не падвяла пшаніца. Таварыства з’яўляецца элітгасам, таму стараемся выбіраць для вырошчвання лепшыя сарты і рэалізоўваем затым насенне іншым гаспадаркам.

Яравыя трапілі пад майскія замаразкі, таму не паймелі ад іх належнай аддачы. Аднак у параўнанні з мінулым годам ураджайнасць атрымана таксама вышэйшая. Ячмень месцамі аддзячваў пяцідзесяццю цэнтнерамі.

Іван Іванавіч падкрэслівае, што ў сёлетнім поспеху хлебаробаў немалая заслуга кіраўніцтва раёна. Забяспечанасць азотнымі мінеральнымі ўгнаеннямі пад азімую і яравую сяўбу была даволі высокай, што і адыграла станоўчую ролю. Збожжавыя былі своечасова падкормлены, а таксама апрацаваны хімічнымі прэпаратамі. Выдатна ведае сваю справу аграном-аграхімік Аляксандр Булаш. У ліку лепшых у раёне механізатары гаспадаркі Казімір Дамброўскі – галоўны араты, і Дзмітрый Сагайдакевіч – умелы сейбіт. Не саступаюць ім у рабоце Аляксей Пальчык і Аляксандр Фалюк. Вопыт суседнічае з маладосцю.

– Нашы ветэраны падрыхтавалі дастойную змену. Прыемна назіраць за працай маладых Віктара Семянько і Уладзіслава Дзядовіча, якія таксама ўмеюць выконваць усе палявыя работы. Падабраўся моцны касцяк механізатараў, з якімі можна плённа працаваць і атрымліваць высокія паказчыкі, дадае галоўны спецыяліст. – На ўборачнай зноў на вышыні наш мэтр, брыгадзір вытворчага ўчастка і вядомы ў раёне камбайнер Генадзій Цвірка. Ён ўбіраў ураджай, які сам і вырасціў. Парупіліся вадзіцелі Анатолій Турко, Сяргей Кандрацін, Анатолій Бабровіч і Іван Каробка – перавезлі звыш тысячы тон збожжа кожны.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *