Ад зямлі – багацце

Нумары Сельская гаспадарка

0710a

Аляксей Пальчык у ліку самых вопытных механізатараў сельскагаспадарчага таварыства. Сёлета ў яго своеасаблівы працоўны юбілей – тры дзесяцігоддзі работы на трактары ў гаспадарцы, а вось агульны працоўны стаж налічвае трыццаць сем гадоў. За гэты час накручана па палях сотні тысяч кіламетраў. Аляксей Канстанцінавіч выконвае практычна ўсе палявыя тэхналагічныя аперацыі. Ён выдатны работнік. З маленства звыклы да працы, настойлівы і мэтанакіраваны. Заўсёды дабіваецца высокіх вынікаў. Аляксей Пальчык добра ведае агратэхніку. Усе яго дзеянні вывераны і адточаны. Намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі хваліць механізатара і кажа, што нярэдка нават раіцца з ім, дзе якую культуру лепш пасеяць.

– Прыслухоўваюся да яго парад, бо Канстанцінавіч за столькі гадоў вывучыў усе палеткі і рэдка памыляецца, – сцвярджае галоўны спецыяліст. – З такім чалавекам лёгка працуецца, таму што работу сваю ён выконвае сумленна.

Аляксею Канстанцінавічу прывіў любоў да такой нялёгкай, але важнай прафесіі хлебароба яго бацька, які таксама працаваў у гаспадарцы трактарыстам. І справа гэтая стала неад’емнай часткай жыцця шчырага і адкрытага, нешматслоўнага чалавека. Аляксей Пальчык неаднойчы станавіўся пераможцам раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў на выкананні розных палявых работ. Ён адзін з самых тытулаваных у гаспадарцы. Яго фотаздымак занесены на Дошку гонару таварыства. Мае стос ганаровых грамат і падзяк. За дасянутыя вынікі на ўборцы ўраджаю, у перыяд уборачнай Аляксей Канстанцінавіч садзіцца за штурвал камбайна. Неаднойчы ён прымаў удзел у раённых і абласных дажынках. Летась выйшаў пераможцам у раёне сярод калег па намалотах збожжа і атрымаў пераходны прыз, заснаваны ў гонар праслаўленага камбайнера, ветэрана працы Генадзія Цвіркі. Ён паказвае прыклад і ў рабоце па ўнясенні ў глебу вадкіх мінеральных угнаенняў, падкормцы і апрацоўцы раслін. У распараджэнні дбайнага работніка імпартны апырсквальнік. Ніхто з калег не можа перасягнуць яго па колькасці апрацаванай плошчы. Родам Аляксей Пальчык са Слабодкі. Адным словам, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *