Пяты раз – на “Дажынкі”

Нумары Сельская гаспадарка

0710b

Анатолій Турко выйшаў пераможцам абласнога спаборніцтва на адвозцы збожжа ад камбайнаў і сёння будзе ўшанаваны на абласным свяце «Дажынкі-2017», якое праходзіць у Смалявічах. Узнагароду за шчырую працу Анатолій Мікалаевіч атрымаў напярэдадні свайго дня нараджэння, якое будзе святкаваць у наступны панядзелак. Варта адзначыць, што на падобныя мерапрыемствы ён паехаў не ўпершыню – пяты раз. Браў удзел і ў рэспубліканскім фестывалі-кірмашы, які праходзіў у 2010 годзе ў Лідзе. Уражанняў заўжды атрымлівае шмат, знаёміцца з новымі калегамі.

Стаж работы Анатолія Турко налічвае звыш 35 гадоў. Апошнія дваццаць з іх ён працуе ў таварыстве на грузавой аўтамашыне. Да гэтага вадзіў легкавушку. Быў трактарыстам, карміў на ферме жывёлу. Было і такое, што звольніўся і нейкі час працаваў у раённай бальніцы на машыне хуткай дапамогі. Але цягнула яго ў родную гаспадарку. Вярнуўся. І з гэтага часу працоўны стаж яго ў таварыстве непарыўны. Акурат шэсць гадоў назад атрымаў новы газік, на якім і сёння возіць розныя грузы. Машына выглядае новай, быццам толькі што сышла з канвеера, бо гаспадар сочыць за ёю, своечасова абслугоўвае. Кіраўніцтва таварыства заўважае, што Анатолій Мікалаевіч акуратны работнік і адказны чалавек, усе заданні выконвае сумленна. Спрытна бегае яго «дызялёк» не толькі па вясковых дарогах, а і ў сталіцу, у іншыя гарады вобласці і рэспублікі. Ездзіць ён па запчасткі, будаўнічыя і іншыя матэрыялы. Сына выхаваў добрага, прывучыў да працы. Вадзім у гаспадарцы не працуе, але замяняе бацьку па выхадных днях, каб той адпачыў ад напружаных будняў.

– Вазіць збожжа для мяне – любімая работа, – гаворыць Анатолій Турко. – Падчас уборачнай у пастаянным руху. Цісну на газ, каб больш зрабіць рэйсаў. Галоўнае для вадзіцеля на жніве – хуткасць, таму прыходзіцца пакруціцца, каб няблага зарабіць. Ураджайнасць у таварыстве заўсёды высокая дзякуючы нашаму Івану Іванавічу, таму хочацца працаваць і паказваць высокія вынікі. Камбайнеры ўбіраюць якасна, стараюцца не пакінуць на полі нават зярняці. Мы разам працуем на канчатковы вынік.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *